Ларыса Дулуб – прафесіянал сваёй справы. Яшчэ падчас вучобы ў вучылішчы яна скроіла
і пашыла свайму жаніху вясельны касцюм.
30 гадоў спаўняецца сёлета, як Ларыса Дулуб прыйшла на працу ў швейнае атэлье Івацэвіцкага РКБА. Дзяўчынкай яна марыла стаць мадэльерам, але не склалася. Тым не менш, мару сваю хоць крыху інакш, але здзейсніла, скончыўшы ў 90-я гады Брэсцкае вучылішча бытавога абслугоўвання № 26. Цяпер яна – кравец-закройшчык вышэйшага, шостага разраду.
– Практычна ўсе, хто ў свой час скончыў наша вучылішча, сталі прафесіяналамі сваёй справы. Нас тады вучылі па-сапраўднаму і менавіта для швейных атэлье бытавога абслугоўвання насельніцтва. Мы, будучы яшчэ навучэнцамі, маглі па шыццю вырабаў зрабіць усё ад «а» да «я», – расказвае Ларыса Віктараўна. – У тыя часы дэфіцыту ўжо падчас вучобы мы адна перад адной шылі сабе спаднічкі і адзенне і былі яшчэ тыя модніцы. Я, да прыкладу, магла скроіць і пашыць даволі складаныя вырабы, як, напрыклад, мужчынскі пінжак, касцюм і любой мадэлі сарочку. Прафесія наша на тыя часы была вельмі папулярнай і ганаровай.
Ларыса Віктараўна атрымала трывалую базу ў прафесіі ў звычайным прафвучылішчы, але не спынілася на дасягнутым, пастаянна павышала сваё прафесійнае майстэрства і затрымалася ў швейным атэлье, што месціцца па вуліцы Леніна, 50 у райцэнтры, на дзясяткі гадоў. Кроіць, шыць і мадэліраваць сёння ў яе атрымліваецца лёгка, як на аўтамаце, нездарма ж кажуць, што вопыт прыходзіць з гадамі. А вось моладзь, на жаль, казала кравец-закройшчык, сёння прыходзіць працаваць пасля каледжаў зусім іншая. Яна «заточана» на фабрычнае шыццё і ўмее выконваць толькі тую ці іншую аперацыю, а ў цэлым з вырабам не ведае што рабіць, не разумее, як яго скласці. Ёй вельмі шкада, што мацнейшыя вучылішчы пазачынялі, а пакінулі навучальныя ўстановы, дзе вучаць толькі вузкай спецыялізацыі.
– За апошнія 10 гадоў ні адзін малады спецыяліст у нас не затрымаўся, – дадае дырэктар Івацэвіцкага РКБА Валянціна Осіпава. – Яны абсалютна не падрыхтаваны, каб працаваць у атэлье і абслугоўваць насельніцтва, а толькі на пэўную аперацыю. Адмучваюцца ў нас год і ўцякаюць. Але лічу, каб было жаданне працаваць, то нашы дзяўчаты б навучылі. Усе шэсць нашых швачак у атэлье – прафесіяналы, стаж у кожнай больш за 15 гадоў.
Сёння пра прафесію швачак кажуць, што яна вымірае. Але выміраючай яна не павінна стаць, бо патрэбна людзям. Апошнім часам ідзе перакваліфікацыя з некалішняга індывідуальнага шыцця на масавы пашыў.
– Мы арыентуемся больш на вясковага пакупніка. Да прыкладу шыем камізэлькі 46, 48, 50, 52, 54 памераў, вязём у вёску, і людзі там падбіраюць сабе падыходзячы памер, – расказвае Валянціна Барысаўна. – Стала запатрабаванай паслуга па рамонце адзення. У параўнанні з мінулым годам выручка ад заказаў павялічылася амаль удвая. А прыняць рамонт адзення, значыць, трэба прадумаць, як яго зрабіць. Дапусцім, дзірка на адзенні на бачным месцы атрымалася. Нашым швачкам трэба яе так замаскіраваць, каб ніхто не здагадаўся, што гэта рамонт, а як быццам так і было задумана. Гэта няпроста, патрэбна майстэрства. Акрамя таго, мы шыем спецадзенне для арганізацый, пасцельную бялізну, чахлы на аўтамабілі, – словам, усё, што ні пажадаеце.
Дарэчы, швейнае абсталяванне ў атэлье ў апошнія гады поўнасцю абнавілася.
– У нас многа спецмашын. Працуем са швейнымі і трыкатажнымі вырабамі. Мала хто ў горадзе такія работы можа выканаць. Абсталяванне навейшае, працаваць на ім адно задавальненне, – заўважае Ларыса Дулуб.
Ларыса Віктараўна сапраўды рэдкі спецыяліст. Родам прыгожая і дагледжаная жанчына з Івацэвічаў. І ў родным горадзе яна знайшла сябе, сваё прызванне. Працуе з ахвотай, у прафесіі за столькі гадоў не расчаравалася. У яе шмат кліентаў такіх, хто звярнуўшыся аднойчы, застаецца задаволены штораз. Яшчэ б! Майстар можа і шторы пашыць, і падагнаць касцюм, і пасцельны камплект, новае пакрывала змадэляваць з густам і па модзе. Да кожнага, нават самага патрабавальнага кліента ў яе індывідуальны падыход. Іншыя прыходзяць ужо на ўзводзе, а яна супакоіць, усміхнецца, а потым пакажа тое, што атрымалася, і чуе падзяку – можна, буду да вас хадзіць. А для настрою яна пастаянным кліентам любіць падарыць невялічкі сюрпрыз – парачку сурвэтак, сшытых яе залатымі ручкамі з адходаў тканіны. Дробязь, а прыемна.
У пераліку Івацэвіцкага РКБА 17 паслуг, усе яны выконваюцца. Акрамя таго, растуць заказы на асобныя віды, як да прыкладу, на пральныя паслугі, на паслугі цырульніка, фотапаслугі і іншыя.
Валянціна БОБРЫК. Фота Кацярыны КУПРЫЯНЧЫК.