Марыя – брыгадзірка паляводчай брыгады ў калгасе. Цалюткі дзень, у прынцыпе, як і заўсёды, яна круцілася, нібыта тая вавёрка ў коле. З раніцы была на нарадзе ў старшыні, пад паўдня, ні на хвілінку не ўстаючы з-за стала, сядзела ў маленькім сонечным пакойчыку і пісала, падлічвала працэнтоўкі.
У другой палове дня разам з аграномам «лятала» ў раён. І вядома ж, вырашаць справы не ўласныя, а калгасныя.
«Дадому, хутчэй бы дадому…» – бліжэй да вечара пачала свідраваць у Марыйчынай галаве адна і тая ж думка.
Ды дзе там той дом?! Акурат напрыканцы рабочага дня ў кабінет да сябе Марыю паклікала галоўны эканаміст калгаса, маўляў, пагаварыць трэба.
Прысеўшы ў дзвярах, Марыя разумела: пагаварыць – гэта ўсяго зачэпка. Тут нешта другое.
– Сёння Купалле, а заўтра – Ян, – ўсміхаючыся, заўважыла Нэлачка. Такое незвычайнае для вёскі імя насіла галоўны эканаміст гаспадаркі. – Мо пасядзім, пагамонім, а заадно і свята адзначым?
У садзе за канторай, за чаркай і скваркай, Марыя, Нэлачка і сакратарка старшыні калгаса, пажылая, але ж надзвычай вясёлая ў кампаніі кабета, сядзелі, пакуль сонца не схавалася за вясковымі хатамі і зямлю не пачаў засцілаць лёгкі шэры туман.
Дахаты Марыя не ехала, а імчала па выезджанай веласіпедамі сцежачцы ўздоўж дарогі. Мала таго, што затрымалася пасля работы, дык і ўсю гаспадарку, ад курэй да пярэстай рагулі, пакінула яна на Міхаіла, сваю другую палавіну. А ён у яе хоць і спагадлівы, аднак іншы раз залішне гарачлівы.
І тут, каб не расказваць праўду і неяк апраўдацца перад мужам, да Марыі прыйшла думка, якая супакоіла, нават усцешыла. Бы дзяўчо, не маленькая па сваіх «габарытах», Маруся саскочыла з ровара, паспускала з колаў паветра, усміхнулася сама сабе і скіравалася ў бок свайго невялічкага цаглянага дома амаль што напрыканцы вуліцы.
Тым часам яе Міша сядзеў на лаве пад вінаграднікам. Па ўсім было відаць: чакаў, даўно чакаў жонку. А тая, расчырванелая, узрушаная, як толькі ступіла на падворак, пачала крычаць:
– Гэта ж трэба, мужа і дарослага сына маю, а ровар – ніякі. Зломак, дый годзе! Паехала бульбу ў Дугу глядзець, зарасла зеллем ці не, а тут на табе – паспускала паветра ў колах. Амаль што тры гадзіны пешшу дадому ісці прыйшлося…
Выпаліла, а потым бразнула аб плот свайго двухколага сябра і, нават не азірнуўшыся на мужа, падалася ў хату. А ў хаце спачатку пад халодную ваду падставіла рукі, потым ногі, апаласнула твар і прылегла на канапу. Па тэлевізары ішоў фільм пра закаханых Васіля і Зосю, далейшы лёс якіх павінна была вырашыць ноч чароўная, купальская.
А што ж Міхаіл? У сенцы ён уцягнуў начоўкі, напоўніў іх вадою і пачаў шукаць дзіркі ў колах, раз-пораз прыгаворваючы: «Нічога не разумею, з-за чаго колы паспускалі. Усё ж цэлае…»
На мужавы словы Марыя, толькі ж каб той не заўважыў, нястрымана ўсміхалася. А вочы гарэлі, як купальскі касцёр, весялосцю, бессаромнасцю і хітрасцю.
Нягледзячы на тое, што ўчора Максім спаць уладкаваўся далёка за поўнач, падняўся ён з першым сонечным прасветам і без асаблівых цяжкасцей. Дзень абяцаў быць асаблівым, зусім не такім, якім ён быў для хлопца ўчора, пазаўчора. І ўсё банальна проста – з матуляй яны на першым рэйсавым аўтобусе едуць у райцэнтр. Маці плануе сёе-тое купіць, а сыну паабяцала звадзіць у гарадскі парк, каб той пакатаўся на арэлях, выпіў салодкай вады і паеў ванільнага марожанага.
Дзень у горадзе для Максіма праляцеў нібыта адно імгненне. Вечарам дадому ён з сабою вёз не толькі ўражанні, але і новенькія вымаленыя спартыўныя кеды. Чаму вымаленыя? Купіць іх хлопцу, вядома ж, планавалі, ды толькі не зараз, у разгар лета, а бліжэй да школы.
– Сынок, – прасіла маці ў краме, – біць па мячыку хопіць табе і старых сандаляў. Перад школай лепш купім новы абутак…
Ды дзе там, Максім нават з рук не выпусціў модныя па тым часе чорна-белыя кеды. І каб не ганьбіцца і вельмі не вылучацца сярод іншых пакупнікоў універмага, жанчына працягнула прадаўцу, хай сабе і не вельмі ахвотна, тры рублі і дваццаць капеек.
Яна ж і падумаць не магла, што ўжо вечарам, збіраючыся за вёску на Купалле, яе Максім загарыцца жаданнем абуць абноўку, каб фарсануць перад сваімі сябрамі.
– Нават не разлічвай, што пойдзеш бадзяцца па траве і расе ў новых кедах, – перапыніўшы ў дзвярах, дакарала Максіма маці. – Пастаў іх пад ложак. У школу хадзіць табе я іх купіла…
– Тады пайду босы, – не супакойваўся хлопец. – І няхай мяне змяюка цне.
За вёскай, на выгане, акурат каля возера, гарэлі-іскрэлі купальскія вогнішчы, гучалі песні, старэйшыя хлопцы і дзяўчаты танчылі. І калі вогнішчы гэтыя пачалі не гарэць, а толькі тлець, моладзь, дзеці сталі скакаць праз іх. Толькі так, сцвярджалі некаторыя, можна прыцягнуць да сябе поспех, пазбавіцца ад зайздрасці, злосці і ўсяго нядобрага. Поўным рашучасці скочыць праз вогнішча быў і Максім. Вось толькі думкі, што языкі полымя, няхай сабе і не надта «злосныя», але ж могуць сапсаваць яго абутак, стрымлівалі, каб не рушыцца ўслед за сябрамі. І тут Максім прысеў, сцягнуў з ног кеды і, не звяртаючы ўвагі на горкі, едкі дым, халодную ад расы траву, басанож пачаў скакаць праз вогнішча раз, другі, пяты, дзясяты…
Дадому Максім вяртаўся, калі вёска прачыналася: паблізу і паводдаль спявалі пеўні, адзываліся асіплыя за ноч сабакі і ўжо падоеная карова суседкі цёткі Клавы хадзіла па калена ў траве за агародамі. Вяртаўся дадому Максім басанож, бо яго абутак з левай нагі знік, бы дым з кастроў. Шукаў ён згублены кед па ўсім выгане, ды так і не знайшоў. Вымушаны быў толькі з адным у руках вяртацца дадому.
Тым самым кедам, з правай нагі, па Максімавых плячах і мяккім месцы ладна прайшлася маці, прыгаворваючы: «У школу кеды хадзіць купіла, а ён за ноч іх збаёдаваў».
Кожны ўдар, нанесены абуткам з гумовай падэшвай, быў невыносна балючым. Аднак куды больш балела Максімкава сэрца, што слова «кеды» надоўга знікне не толькі з яго тэрміналогіі, але і жыцця. Толькі, як аказалася, ні з памяці.
Галіна МІКАЛАЕВА.





