У аграгарадок Падстарынь журналістаў раёнкі паклікаў тэлефонны званок, які адбыўся ў сераду. Жанчыну, якая была на тым канцы проваду, звярнуцца ў рэдакцыю натхніла рубрыка «Адрасы прыгажосці», што мае вялікі водгук сярод нашых чытачоў. Жыхарка Падстарыні так цёпла і лагодна прасіла напісаць пра яе аднавяскоўку Валянціну Забельскую, якую ў аграгарадку ведаюць як кветкавода-аматара з чулым сэрцам і шырокай душой.
– Каб Вы толькі бачылі, як жа хораша цвітуць у двары Валянціны Канстанцінаўны хрызантэмы! Здаецца, яна палку пасадзіць у зямлю, і тая прыжывецца і зацвіце. Дзякуючы ёй уся наша Падстарынь ззяе кветкамі. А паразмаўляць з гэтай добрай жанчынай – дык як бальзам для душы, – казала наша тэлефонная субяседніца.
Такі цёплы водгук мы не маглі пакінуць па-за ўвагай і ў чацвер рушылі ў дарогу. Забягаючы наперад, скажу, што і сваю порцыю душэўнага «бальзаму» ад размовы з кветкаводам Валянцінай Забельскай нам таксама ўдалося атрымаць. На шчасце, і дзянёк выдаўся светлым: яркае сонца шчодра пасылала на зямлю свае промні, якія прабіраліся скрозь нізкае восеньскае неба.
Сапраўды, двор Валянціны Канстанцінаўны ўсыпаны шыкоўнымі «шапкамі» хрызантэм ад белага, пяшчотна-лімоннага да насычанага барвовага колераў, ствараючы непаўторную атмасферу цеплыні і ўтульнасці. Кветкі для яе – гэта цэлая філасофія, гэта адлюстраванне яе такой жа яркай і прыгожай душы.
– Ведаеце, не магу вярнуцца з рынка без новага кусціка! І ніколі на кветкі не шкадую грошай, калі ўбачу які-небудзь незвычайны гатунак, якога ў мяне яшчэ няма, – дзеліцца жанчына.
Такое захапленне з’явілася ў яе жыцці з выхадам на пенсію. Амаль уся працоўная дзейнасць маёй субяседніцы прайшла на Івацэвіцкім спіртзаводзе. А калі выпала магчымасць з’ехаць з гарадской кватэры на вясковыя прасторы – у Падстарынь, у дом, што належаў роднай сястры, то зрабіла гэта з вялікім задавальненнем.
– Працаваць на зямлі я прывыкла з дзяцінства, бо вырасла ў Кушнярах. У бацькоў быў вялікі агарод, абраблялі зямлю ў полі, і мы, дзеці, лічылі за святы абавязак дапамагаць ім, гэта нават не абмяркоўвалася – хочаш ці не хочаш. І з часам абавязак перарос у любоў. Скажу шчыра, я адчуваю задавальненне ад такой працы, зямля мне дае сілы, – разважае Валянціна Забельская.
У Валянціны Канстанцінаўны двое дзяцей – дачка і сын, якія маміна захапленне падтрымліваюць і радуюцца, што расліны робяць яе шчаслівейшай.
Хапае сіл і натхнення ёй вырошчваць на 15 сотках прысядзібнага ўчастка гародніну, садавіну і бясконцае мора кветак. Між іншым, не толькі хрызантэмамі духмяна пахне яе двор. З ранняй вясны цешаць яе вочы і душу, затрымліваюць погляды прахожых першацветы, затым цюльпаны, ружы, гладыёлусы, вяргіні, гартэнзіі, лілеі, флёксы…
Аднак асаблівая любоў – усё ж хрызантэмы, яны, здаецца, займаюць кожны свабодны кавалачак зямлі ў двары, яны – як апошні, але надзвычай моцны і яркі акорд, які ўліваецца яркай стужкай у шэрыя будні восені. І такая кветкавая палітра будзе радаваць ажно да маразоў.
– Каб хрызантэмы добра раслі, іх трэба рэгулярна перасаджваць. Вось падзялю выкапаны для перасадкі куст, і рука не паднімаецца выкінуць частку ў сметнік, таму абавязкова шукаю месцейка для расліны. А яшчэ прашу сваіх знаёмых, аднавяскоўцаў, каб забралі сабе. Так і з гароднінай, што лішняе – заўсёды раздаю, хай людзі бяруць на здароўе, мне не шкада, – з цёплай усмешкай кажа жанчына.
І радасна ёй ад таго, што яе кветкі ўпрыгожваюць іншыя палісаднікі, бо ўпэўнена: прыгажосць, што вакол нас, зробіць свет не толькі ярчэйшым, але і дабрэйшым.
Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.








