Адразу два кветнікі – у выкананні рабочых зялёнага будаўніцтва ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» і ПКУП «Камунальнік» (г. Брэст) – сталі лепшымі ў штогадовым конкурсе, які заўсёды праходзіць напярэдадні цэнтральнага свята ўсіх хлебаробаў вобласці – «Дажынкі». Сёлета самыя смелыя і творчыя задумкі азеляняльнікі Брэстчыны ўвасаблялі ў жыццё ў нашых Целяханах. Як вынік – за два дні конкурсу, 25–26 жніўня, у пасёлку з’явіліся 19 унікальных і неверагодных кампазіцый!
Адны майстры здзіўлялі маштабамі і буйствам фарбаў, другія – архітэктурнымі формамі і надпісамі, выкладзенымі з дапамогай кветкавай расады. Аўтары ідэі нашага кветкавага «цуда» – майстры па добраўпарадкаванні Кацярына Саявец і Таццяна Лішко – яшчэ за два месяцы да конкурсу паклалі задуманае спачатку на паперу, а пасля карцінку адобрыла кіраўніцтва гаспадаркі. У нас атрымаўся вялізны кветнік з месяцам і сонейкам, у цэнтры якога размясціўся сімвал раёна – наша барадатая няясыць, малая архітэктурная форма зіхаціць у начны час і толькі дадае кампазіцыі асаблівага шарму.
Гэта ўжо дзясяты падобны конкурс на прафесійным шляху Кацярыны Саявец, былі ў нашай каманды ўжо і прызавыя месцы. У майстра ёсць пэўны вопыт і асабісты стыль – Кацярына стараецца стварыць «карцінку» без выкарыстання малых форм ці яшчэ якіх дадатковых упрыгожанняў, каб нічога не адцягвала ўвагу ад галоўнага – кветак.
– Як гаспадары конкурсу мы самі выбіралі месца для кветніка – то невялікі бонус для нас, – дзеліцца Кацярына Саявец. – Шасцёра рабочых за два дні на вялікім кавалку зямлі амаль у 30 сотак высадзілі 4 тысячы кветкавай расады! Бягоніі, сальвініі, цынерарыі, ільвіны зеў, агератумы, розныя віды аксамітак і дэкаратыўную капусту мы вырошчвалі самі спецыяльна да конкурсу ў цяпліцах і на агародзе гаспадаркі. Як і заўсёды, спачатку я перанесла малюнак на падрыхтаваны ўчастак зямлі, а пасля рабочыя высаджвалі расаду, розныя віды кветак размяжоўвалі з дапамогай бардзюрнай ленты, яшчэ адзін штрых – падсыпка з белай мармуровай крошкі. Скажу шчыра, у гэты кветнік мае рабочыя і асабіста я ўклалі душу, бо адчувалі асаблівую адказнасць перад землякамі. Свята пройдзе, а нашы два дзясяткі кветнікаў яшчэ доўга будуць радаваць вока целяханцаў і гасцей.
Так, наша кампазіцыя размясцілася па вул. 17 Верасня. Участак у нізіне вельмі выйгрышна глядзеўся з тратуара, можа яшчэ і гэта дапамагло нам пакарыць журы. Дарэчы, у складзе журы былі па аднаму прадстаўніку ад кожнай каманды-ўдзельніцы, сёлета было па два першых, другіх і трэціх месцаў. Дзве работы – брэсцкіх майстроў з ПКУП «Камунальнік» і нашых з ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» – атрымалі пераможныя дыпломы. Мы віншуем прызёраў і дзякуем таксама ўсім удзельнікам за асаблівы кветкавы «штрых» у падрыхтоўцы да свята «Дажынкі-2022».
Наталля ГЕРБЕДЗЬ.
Фота Паліны САУЦІНАЙ.