Close
Главная новость Новости Общество

Лавіся, рыбка!

Лавіся, рыбка!
  • Опубликовано:24 октября, 2022

На ўчастку «Даманава» вопытнага рыбгаса «Сялец» – гарачая пара

А вы ведалі, што ў Івацэвіцкім раёне ёсць участак вядомага прадпрыемства – вопытнага рыбгаса «Сялец»? Участак мае назву «Даманава», па якой не цяжка здагадацца пра яго месцазнаходжанне. ААТ «Вопытны рыбгас «Сялец» – адна з буйнейшых у рэспубліцы гаспадарак, якая займаецца вырошчваннем і рэалізацыяй таварнай рыбы і рыбапасадачнага матэрыялу, а таксама лоўляй азёрна-рачной і сажалкавай рыбы. Даманаўскі ўчастак спецыялізуецца на дарошчванні рыбы да пэўнага памеру ў штучнай сажалцы Шчара, а пасля яе прамысловай лоўляй для транспарціроўкі ў Бярозаўскі раён, у зімавальныя сажалкі.

У кастрычніку на ўчастку гарачая пара – акурат ідзе вылаў, і мы ўбачылі гэты працэс на свае вочы і пазнаёміліся з работнікамі ўчастка, з яго брыгадзірам Мікалаем ПАЎЛОЎСКІМ, які жыве ў в. Вішнёўка, але падчас вылаву на ўчастку і днюе, і начуе.

З дынастыі работнікаў рыбгаса
Побач з сажалкай, у якой дарошчваецца рыба, працякае рака Шчара. Старыя людзі казалі, што некалі на яе месцы было балота. Яго асушылі, калі будавалі электрастанцыю, паставілі дамбу, запоўнілі вадаём вадой са Шчары. Тады гэтая тэрыторыя яшчэ не мела дачынення да рыбгаса, ён узнік пазней. Спачатку тэрыторыя была часткай рыбгаса «Быценскі», потым – «Азёрнага», які пазней далучылі да рыбгаса «Белаазёрскі». А яго ў 90-я гг. далучылі да рыбгаса «Сялец», створанага ў 1979 годзе.

Сям’я Мікалая Паўлоўскага – з в. Падгорная Баранавіцкага раёна, дзе раней таксама быў участак рыбгаса і дзе працавалі яго бацькі. У 1975 годзе бацьку, Івана Мікалаевіча, перавялі на ўчастак каля Даманава, за ім на хутар ля вёскі Дабрынёва перабралася ўся сям’я.

Неўзабаве маці Мікалая Вера Антонаўна вывучылася ў тэхнікуме і стала на ўчастку майстрам, Іван Мікалаевіч быў звычайным работнікам, але таксама паспеў папрацаваць майстрам пасля таго, як жонка пайшла на пенсію. А потым на вахту заступіў іх сын Мікалай. Атрымаў адукацыю заатэхніка ў Пінску ў 2007 годзе і стаў брыгадзірам.

На участку «Даманава» пастаянных работнікаў чацвёра, а на час вылаву рыбы па дагаворы бяруць работнікаў дадатковых. Гэта найчасцей штогод адны і тыя ж людзі – ім не трэба тлумачыць нюансы, а яны ёсць, падкрэслівае брыгадзір і расказвае ў падрабязнасцях, што ўвогуле адбываецца на ўчастку рыбгаса ў розныя поры года.

Да апошняе рыбіны!
Рух тут пачынаецца вясной, калі ідзе працэс зарыблення. У сакавіку пустую сажалку запаўняюць вадой са Шчары і запускаюць у вадаём пасадачны матэрыял: карп (сёлета больш за 15 т), белы амур, таўсталобік (прыкладна па 2 т) і лічынку шчупака (150 тыс. штук). Ёсць план – вылавіць у гэтым годзе каля 130 т рыбы. Але не таварнай, а ізноў жа пасадачнага матэрыялу. Вясной у ваду запускаюць гадавіка вагой 25-30 г, і да восені ён падрастае да 180-250 г.

Далей пасадачны матэрыял трэба вылавіць і адправіць у «зімавалы» да вясны, пасля ён будзе зноў дарошчвацца ў вялікіх сажалках, разлічаных на буйную рыбу.

Для таго, каб рыба расла, яе трэба падкормліваць. Плаваючыя кармушкі з камбікормам спускаюць на ваду з канца вясны, падкормка вядзецца да восені. У верасні-кастрычніку праз шлюз з сажалкі пачынаюць зліваць ваду, яе ўзровень павінен паніжацца прыкладна на 2-3 см у суткі, і за гэтым трэба пільна сачыць (калі рыбы ў сажалцы яшчэ многа, а вады мала, ёй можа не хапіць кіслароду). Паток вады выносіць праз шлюз і рыбу. Яна заплывае ў канал з чыстай вадой, што паступае са Шчары. Вароты зачыняюцца, і пачынаецца вылаў партыі, якая трапіла ў канал.

У ваду пад’ёмнік апускае металічнаю ёмістасць з дзіркамі ў дне, яе тут называюць «бадья». Рамкай-сеткай работнікі збіраюць па канале рыбу, а пасля з яе перасыпаюць улоў у тую ёмістасць. Адтуль адразу адбіраюць шчупака – у садок, далей гэты від будзе гадавацца асобна. А астатнюю рыбу спачатку ўзважваюць, потым перасыпаюць у бочку ў машыне, што прыйшла з базы за падгадаваным пасадачным матэрыялам. У транспарце створаны ўмовы для транспарціроўкі, ёсць кісларод у балонах, каб рыба не задыхнулася.

Вылаў вядзецца да апошняе рыбіны – прыкладна 10-15 дзён. За гэты час з сажалкі спускаецца ў Шчару ўся вада, і ўзімку вадаём пусты. У зямлю, якая ўлетку зноў стане дном сажалкі, рыбгасам уносіцца арганіка – для развіцця ў цёплы перыяд года натуральнай кармавой базы. Усё ж падкормка пачынаецца ў красавіку-маі, калі паветра добра прагрэецца. А да гэтага часу рыбе трэба нечым харчавацца. Вядома, без падкормкі гадавік не змог бы надта падрасці літаральна за паўгода.

– Застаўся ў памяці 2017 год, калі мы змаглі вылавіць 174 т рыбы пры плане ў 102 т, – расказвае брыгадзір участка Мікалай Паўлоўскі. – Але рыбная гаспадарка мае свае асаблівасці: загадзя не ўбачыш, колькі чаго вырасцілі. Сёлета ў звычайны дзень машына робіць па два рэйсы і адвозіць на базу прыкладна 8 т пасадачнага матэрыялу. У першыя гады маёй работы ў якасці брыгадзіра маглі вылавіць і 27 т за адзін дзень. Усё залежыць ад таго, колькі рыбы зайшло ў канал у канкрэтны дзень, і ад таго, наколькі яна падрасла, а на гэта ўплывае і кармленне, і надвор’е, і іншыя фактары.

Важны абавязак – ахова
Як я ўжо пісала, рыбу ловяць часовыя работнікі, нанятыя па дагаворах. Пастаянныя работнікі ўчастка – рыбаводы Генадзь Саленік, Аляксандр Лукашык і Анатоль Саксонаў, займаюцца падкормкай рыбы і аховай сажалкі, у тым ліку па начах. У дзень візіту адзін з іх быў заняты на другім беразе вадаёму, астатнія адпачывалі перад начной зменай. Згадала, што, бывае, літаральна жыве на ўчастку і брыгадзір. Чатыры гады таму, дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва вопытнага рыбгаса «Сялец», работнікі сваімі сіламі зрабілі рамонт у будынку, што месціцца на тэрыторыі ўчастка. Паглядзелі, што ўнутры. Сапраўды, камфортна і для працы, і для пражывання: тут і кабінет, і кухня, і душ, і пральная машына. Ацяпленне пячное, дровы на зіму ёсць. Тэрыторыя навокал дагледжаная, утрымліваюцца тут і некалькі сабак, яны – спадарожнікі рыбаводаў падчас абходаў вакол сажалкі і таксама вартуюць тэрыторыю ад непажаданых гасцей.

Ахова сажалкі вядзецца кожны дзень – кругласутачна. Яна патрэбна па той прычыне, што аматарская лоўля рыбы тут забароненая. Не тое каб на вадаём надта імкнуліся браканьеры, хоць ахова вядзецца і па гэтай прычыне, але якісьці немясцовы рыбак можа не ведаць правілаў і прымасціцца на беразе з вудамі. Звычайна работнікі папярэджваюць аб забароне, і пытанне вырашаецца. А вось з кім не атрымліваецца дагаварыцца мірна, дык гэта з бакланамі. Марскія птушкі – галаўны боль рыбгасаў. У іх добры апетыт: адзін баклан за суткі можа з’есці 2-4 кг рыбы і шмат рыбы траўміраваць. Уявіце сабе, што быў час, калі над сажалкай кружылі і паўтары тысячы пражэрлівых птушак, якія ловяць рыбу прама пад вадой. Калі не змагацца з гэтай праблемай, рыбу па восені можна і не лавіць: яе там амаль не застанецца. Змагацца даводзіцца праз адстрэл.

Вось што расказвае паляўнічы з 22-гадовым стажам Аляксандр Падгорны, які сустрэўся нам каля сажалкі:

– Мы, паляўнічыя (а на гэтай тэрыторыі нас трое), заключаем з рыбгасам дагаворы на адстрэл шкодных відаў птушак, атрымліваем пуцёўкі і маем права паляваць на тэрыторыі ўчастка з 1 студзеня да 31 снежня. Такія меры абумоўленыя тым, што бакланы ў вялікай колькасці здольны нанесці вялікі ўрон. Такая птушка можа праглынуць рыбіну вагой каля 500 г. У апошнія гады іх стала меней. Бывала, за сезон адстрэльвалі па 200, сёлета здабылі 60. Як вядзецца паляванне? Плывём у лодках у чарот, ставім падсадныя чучалы… Прылятаюць, страляем. Наш трафей – дзюбы, яны пацвярджаюць, што работа зроблена і ў якім аб’ёме. Цяпер падлягае адстрэлу нават белая чапля, але найперш арыентуемся на бакланаў – яны сур’ёзная праблема.

Карысны прадукт
Вопытны лясгас «Сялец» займаецца і рэалізацыяй жывой рыбы (карп, таўсталобік, белы амур, шчупак, карась, асетр), і паўфабрыкатаў уласнай вытворчасці, а таксама вэнджанай і вяленай рыбы, рыбных кансерваў. Набыць прадукцыю можна і ў Івацэвічах. Гандаль вядзецца з машыны з надпісам «Жывая рыба». Сустрэлася мне такая машына і на сёлетнім восеньскім кірмашы ў райцэнтры. Адборнага таўсталобіка вагой больш за 600 г прадавалі па 4,99 руб. за кг, буйнога карпа (400-600 г) – па 6,69 руб. Усе ведаюць, што рыба – адзін з самых карысных для арганізма прадуктаў, які да таго ж добра засвойваецца. Эксперты раяць есці яе хоць бы два разы на тыдзень і ўмацоўваць праз тое сваё здароўе. Ці шмат рыбы ў вашым рацыёне? Калі не, дадайце ў яго ці пакаштуйце рыбу сялецкую, да вырошчвання якой маюць дачыненне людзі з нашага раёна.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.