x
Close
Актуально Сельское хозяйство

Лепшыя надоі – у ААТ «Святая Воля»

Лепшыя надоі – у ААТ «Святая Воля»
  • Опубликовано:20 января, 2025

Вытворчасць малака – адзін з важнейшых напрамкаў аграпрамысловага комплексу. За кошт рэалізацыі прадукцыі сельгаспрадпрыемствы фарміруюць прыбытак і заработную плату работнікам, забяспечваючы эканамічную эфектыўнасць.

Ужо каторы год ААТ «Святая Воля» задае тон у малочнай жывёлагадоўлі сельгаспрадпрыемствам раёна і не толькі. Вось і па выніках працы за 2024 год сельгаспрадпрыемства займае першае месца ў раёне. «Святая Воля» амаль што выйшла на 11-тысячны паказчык па валавым надоі на адну карову, спыніўшыся на лічбе 10 831 кілаграм (+ 2 217 кг да ўзроўню 2023 года). Для параўнання: сярэдні надой на адну карову па Івацэвіцкім раёне за мінулы год складае 7 567 кілаграмаў


На перапрацоўчае прадпрыемства малако з ААТ «Святая Воля» паступае ў асноўным гатункам экстра, а таксама еўра-экстра – ідзе на вытворчасць дзіцячага харчавання. Гэта дазволіла павысіць рэнтабельнасць галіны, а таксама заработную плату працаўнікоў сяла. Лепшым падраздзяленнем гаспадаркі па вытворчасці малака з’яўляецца МТФ «Вялікая Гаць», тут па выніках мінулага года атрымалі 11 771 кг ад каровы. Штодзень гаспадарка рэалізуе 80,4 т малака, з іх 29 т дае «Вялікая Гаць».

Некалькі гадоў запар калектыў МТФ займае лідзіруючыя пазіцыі ў раёне па сярэднім надоі малака на адну карову. Сёння тут утрымліваецца 895 галоў дойнага статку. Жывёлы знаходзяцца на бяспрывязным утрыманні, цалкам і нават з лішкам забяспечаны збалансаванымі кармамі – пра сытную зімоўку паклапацілася агранамічная служба.

– Складаемыя добрых вынікаў, акрамя паўнацэннага кармлення жывёл, гэта яшчэ і правільнае ўтрыманне дойнага статку, высокая тэхналагічная дысцыпліна, адказнае выкананне пастаўленых задач, – расказвае Святлана Матрохіна, загадчык МТФ «Вялікая Гаць». – Так, дзякуючы зладжанай працы калектыву сёння за суткі ў сярэднім ад адной каровы атрымліваем па 34 кг малака.

Удой – ужо канчатковы вынік доўгага ланцужка тэхналагічнага працэсу, дзе важна кожнае звяно. Шмат абавязкаў у работнікаў фермы – іх тут працуе 33 чалавекі. Яны імкнуцца, каб каровы былі добра дагледжаныя, ды і на МТФ сочаць за парадкам. Агульнымі стараннямі і адказным стаўленнем да справы ўдаецца дабіцца поспехаў.

Даенне кароў ажыццяўляецца ў даільнай зале з дапамогай даільнай устаноўкі «Вестфалія». Тут пазменна працуюць сем даярак і адна – на раздоі. Сярод іх майстар-клас, як знайсці падыход да сваіх падапечных, з году ў год дэманструюць вопытныя аператары машыннага даення Людміла Буйкевіч і Ала Кабятка. Яны па надоях на перадавых пазіцыях. Так, Ала Кабятка за 12 месяцаў мінулага года надаіла 12 373 кг на карову ( + 2 001 кг да паказчыка 2023 года). Людміла Буйкевіч за гэты ж перыяд паказала такі ж вынік. У размове жанчыны падзяліліся, што на якаснае выкананне службовых абавязкаў іх матывуе своечасовая высокая заработная плата, наяўнасць сацыяльных гарантый, прадугледжаных калектыўным дагаворам, а таксама ўважлівае стаўленне да іх і да гаспадаркі ў цэлым кіраўніцтва, без граматнага падыходу да людзей і да справы якога, як кажуць работніцы, нічога б не атрымалася.

Даенне ў гаспадарцы трохразовае, столькі ж разоў жывёлы атрымліваюць корм. Яго рыхтуюць у кормараздатчыку з датчыкам вагі, загружаючы кампаненты паводле тэхналагічнай карты.

– Для падрыхтоўкі кормасумесяў у самаходным кормараздатчыку «Матрыкс», яго, дарэчы, набылі ў мінулым годзе, выкарыстоўваюцца сілас, сянаж, рапсавы шрот, плюшчанае зерне кукурузы. Але для кожнай тэхналагічнай групы жывёл іх працэнтнае ўтрыманне ў кормасумесі вар’іруецца. Такі прынцып кармлення дазваляе забяспечваць зададзеную прадуктыўнасць кароў, – дзеліцца намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі Аляксандр Макарэвіч.

Між іншым, дае свой плён і супрацоўніцтва з намеснікам дырэктара па навуцы і навацыям ЗАТ «Экамол Агра» Уладзімірам Пярэдневым, які на аснове аналізу кармоў дае практычныя рэкамендацыі па састаўленні рацыёнаў БРЖ штомесяц.

На кормараздатчыку працуе Канстанцін Ягораў, паўгода таму ён разам з сям’ёй па парадзе знаёмых, якія ўжо даўно працуюць у гаспадарцы, пераехаў з Караганды на пастаяннае месца жыхарства ў Святую Волю. Мужчына падзяліўся, што ў Казахстане ён працаваў вадзіцелем, а сюды прыехаў у пошуку лепшага жыцця.

– Умовамі працы задаволены, ад гаспадаркі атрымаў жыллё, заработная плата дастойная, застаецца толькі працаваць на сумленне. Разумею, наколькі адказная мая работа, бо калі я раздам кармы не ў той прапорцыі, што патрэбна, то гэта не лепшым чынам паўплывае на надоі, – падзяліўся Канстанцін.

Варта адзначыць, што памяшканні, дзе ўтрымліваюцца жывёлы, не новыя, аднак добраўпарадкаваныя. Нагадаем, мадэрнізацыя фермы вялася 15 гадоў таму з дзяржпадтрымкай згодна з Указам Прэзідэнта. На пастаянным кантролі кіраўніцтва ААТ «Святая Воля» – умовы працы жывёлаводаў. Абсталяваны пакой, дзе працаўнікі могуць адпачыць пасля працы, пагаварыць, вырашыць надзённыя пытанні і пахарчавацца. Дарэчы, штодзень яны забяспечваюцца гарачым харчаваннем, за якое плацяць толькі часткова, астатнія расходы за абеды бярэ на сябе сельгаспрадпрыемства. Асаблівы падыход тут і да аховы працы – усе забяспечаны спецадзеннем.

Нельга не адзначыць, што ў ААТ «Святая Воля» працуе нямала моладзі, сярэдні ўзрост работнікаў гаспадаркі – 43 гады. Замацоўваюцца на першым рабочым месцы і маладыя спецыялісты. У мінулым годзе пасля сканчэння Ляхавіцкага аграрнага каледжа працаваць на МТФ «Вялікая Гаць» заатэхнікам-селекцыянерам прыехала Аляксандра Баравік. Гарадскую дзяўчыну, якая нарадзілася і вырасла ў г. Баранавічы, жыццё і праца на вёсцы ніколькі не засмучаюць, а на выбар прафесіі, як падзялілася яна, паўплывала любоў да жывёл з дзяцінства.

Словам, працаўнікі галіны жывёлагадоўлі МТФ «Вялікая Гаць» не маюць намер саступаць першынство ў раёне па вытворчасці малочнай прадукцыі, вопыт тут назапашаны досыць багаты і кадры падабраліся добрыя. І нядзіўна, што на базе МТФ рэгулярна праводзяцца семінары па абмене вопытам па вытворчасці малочнай прадукцыі высокай якасці і павелічэнні надояў ад каровы.

Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.