Ліпень 1944-га – пункт адліку мірнага жыцця Івацэвіччыны

Наступальная аперацыя «Баграціён» пачалася 23 чэрвеня 1944 года
і завяршылася 29 жніўня поўным вызваленнем тэрыторыі Беларусі. Двума днямі раней па ўсіх чыгунках краіны пранёсся шквал «рэйкавай вайны». За ноч партызаны і падпольшчыкі вывелі са строю ўсе чыгуначныя камунікацыі. Гэта стала пачаткам вызвалення краіны ад гітлераўцаў.
У нашым раёне на Брэст-Маскоўскую чыгунку выйшлі тысячы партызан, дзякуючы якім чыгуначнае палатно стала кучай рэек і шпалаў. Рух цягнікоў спыніўся… А на ўсходзе ўжо падрыхтаваліся да ўдару войскі трох Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў. Наступленне Чырвонай арміі было імклівым.
3 ліпеня быў вызвалены Мінск, 8-га – Баранавічы, і фронт падышоў да межаў нашага Івацэвіцкага раёна.
У другой палове ночы 8 ліпеня часці 146-га гвардзейскага стралковага палка занялі Сялец і разгарнулі наступленне на Мілавіды і Вольку. 9 ліпеня вызвалілі Пагор’е, 10-га – вёскі Рудню і Доўгую. Таксама 10 ліпеня сваё вызваленне сустрэлі целяханцы, якія на працягу ўсяго перыяду акупацыі мужна за гэта змагаліся. Адначасова з баямі ў Целяханах 10 ліпеня перадавыя часці Чырвонай арміі падышлі да мястэчка Быцень і ў Любішчыцы, так, наступленнем з усходу разгарнулася вызваленне раёна. Раніцай 11 ліпеня былі вызвалены Панкі і Яглевічы, у гэты ж дзень распачаліся баі за Івацэвічы. І гэта былі жорсткія баі. Абарону тут трымалі рэзервовыя часці 2-й нямецкай арміі, у якіх было 12 танкаў і некалькі артылерыйскіх батарэй. Фашысты абралі для абароны больш зручную пазіцыю за выгібам Грыўды. Камандзір 20-га стралковага корпуса маёр Швараў накіраваў 20-ю стралковую дывізію пад камандаваннем палкоўніка Несцярэнкі ў абход Івацэвіч з поўдня. Немцы не вытрымалі націску і пачалі адыходзіць па шашы ў напрамку Бярозы. Каля 18 гадзін 11 ліпеня 48-я гвардзейская дывізія генерал-маёра Корчыкава пры дапамозе 20-й стралковай дывізіі вызваліла Івацэвічы. Аднак поўнасцю горад быў ачышчаны ад праціўніка 12 ліпеня.
11 ліпеня былі вызвалены Косава і суседнія вёскі. Па ўспамінах жыхароў Косава, немцы былі ў паніцы, баяліся акружэння. Калона танкаў і аўтамашын спрабавала прарвацца на Бронную гару, але шлях ім перакрылі партызаны. Першымі ўвайшлі ў Косава разведчыкі, па іх адкрыў агонь кулямётчык з адзінага ўцалелага ў горадзе двухпавярховага будынка ў цэнтры. Разведчыкі выклікалі на яго агонь артылерыстаў, і кулямёт змоўк. Без вялікіх баёў горад быў вызвалены 11 ліпеня.
12 ліпеня завяршылася вызваленне раёна ад фашысцкага прыгнёту. Настаў няпросты час аднаўлення разбуранай гаспадаркі, спаленых сёл, горада. А Чырвоная армія, у рады якой уліліся яшчэ тысячы жыхароў раёна, прадоўжыла баі за вызваленне радзімы. Да поўнай перамогі заставаліся яшчэ доўгія дзесяць месяцаў…
Канечне, радасна і ўрачыста жыхары раёна сустракалі вызваліцеляў. Людзі былі змучаныя вайной, але знаходзілі сілы радавацца і глядзець у будучыню з пэўнай надзеяй зажыць па-новаму на вольнай зямлі. Цяжка нават ацаніць урон, які нанесла нам тая вайна, мільёны смерцяў, матэрыяльныя страты ацанілі некалі дзясяткамі мільёнаў рублёў, не кажучы пра тое, колькі было знішчана прамысловых прадпрыемстваў, спалена дамоў…
Дзень вызвалення раёна – 12 ліпеня – стаў своеасаблівым пунктам адліку новай гісторыі краю – мірнай і стваральнай. Таму і тады, і зараз не зарастае сцежка да помнікаў, не знікаюць там кветкі, людзі, новыя пакаленні ідуць і ідуць да магіл сваіх продкаў і землякоў, якія склалі галовы за мір у нашым раёне, за мір у нашай Беларусі!
Рэдакцыя «ІВ».
