Close
Новости Сельские советы

Любіць зямлю, людзей і неба

Любіць зямлю, людзей і неба
  • Опубликовано:24 июня, 2025

У вёсцы Гутка ўсяго недзе двароў пад трыццаць. Жывуць пераважна людзі сталага ўзросту. Моладзь тут даўно не застаецца. У пошуках лягчэйшага, а мо цікавейшага жыцця яна паляцела ў горад. І, бадай што, самай маладой сям’ёй у Гутцы лічыцца пара Таццяны і Андрэя Казлоўскіх.

«Вельмі добра, што мы сустрэліся»

Таццяна Казлоўская ў Гутцы не мясцовая. Нарадзілася яна і вырасла ў Слонімскім раёне, у вёсцы Драпава.

– У маім жыцці ўсё было банальна проста, – усміхаецца жанчына. – Скончыла школу, затым Ашмянскі аграрна-эканамічны каледж. А калі прыйшоў час размеркавання, папрасілася накіраваць на работу дадому, у ААТ «Драпава». Там была вольнай вакансія юрыста. Недзе праз год прыязджаюць да нас у гаспадарку працаваць будаўнікі. Сярод іх аказаўся і Андрэй. Яшчэ афармляючы дакументы на яго працаўладкаванне, адчула – мой чалавек.

Пачуццё паміж маладымі людзьмі зарадзілася імгненна. Андрэй, як і прынята, у каханні прызнаўся першым, а потым, не адкладваючы надоўга, прапанаваў Таццяне не толькі замужжа, але і пераезд да яго на малую радзіму. Над усімі прапановамі Таццяна таксама доўга не вагалася: дала згоду на шлюб, а ў хуткім часе і пераехала ў Гутку.

– І аб гэтым ніколечкі не шкадую. Наша гарачае пачуццё, як гэта прагназавалі многія, шлюбам не скончылася. Усё, можа, нават самае лепшае, чакала наперадзе, – кажа яна.
Пасля пераезду маладая сям’я стала жыць пад адным дахам з бацькамі Андрэя, якіх Таццяна з першых дзён пачала называць татам і мамай.

– За дваццаць год сумеснага жыцця Канстанцін Якаўлевіч на мяне ні тое што дрэннага слова не сказаў, абыякавата нават не паглядзеў, – прызнаецца субяседніца. – Марыя Сідараўна таксама залаты чалавек. Яна ніколечкі не надакучала і не дакучае зараз сваімі парадамі і павучаннямі, у канфліктах і спрэчках заўсёды прытрымліваецца нейтральнай пазіцыі. А на такое здольная толькі мудрая жанчына.

Шмат клопатаў, цеплыні, увагі бацькі падарылі дзецям Андрэя і Таццяны, якіх у сям’і трое! Юлія зараз студэнтка Брэсцкага чыгуначнага каледжа. Сын Яраслаў вучыцца ў восьмым класе, малодшанькая Марыя – у чацвёртым. У выхаванні дзяцей у Казлоўскіх ёсць прынцып – даць карані, даць крылы і, мабыць, самае галоўнае – навучыць любіць. Любіць не толькі бацьку і маці, родных, сябе, але зямлю, людзей і неба.

«Танечка, дапамажы…»

Вось ужо сёмы год жыхары вёскі Гутка выбіраюць Таццяну Казлоўскую старастай.
– А каго, – разважаюць старыя, – яна ж у нас самая маладая, – пераказвае словы сваіх аднавяскоўцаў жанчына і ўсміхаецца. – А я і не іду супраць людзей. Дый грамадская работа для мяне – зусім не цяжар, а радасць і задавальненне.

Спраў у сельскага старасты хапае.

– У першую чаргу мне вельмі хочацца быць бліжэй да людзей, – прызнаецца Таццяна Юр’еўна. – Таму, не лічачыся з часам, іду да адзінокіх, пажылых, размаўляю з імі, выслухоўваю скаргі, не адказваю ў просьбах. Напрыклад, кажуць лекі з Целяхан прывезці – прывязу, паліць таматы ў цяпліцы – палью, рэцэпт у медыкаў выпісаць – выпішу. Амаль што ў кожнага жыхара Гуткі ёсць мой нумар тэлефона. Да ўсяго, людзі ведаюць, што адмаўляць не ўмею, дый не ў маіх правілах гэта.

Будучы ў ролі старасты, самай маштабнай справай для Таццяны Казлоўскай стала вырашэнне пытання з вулічным святлом у вёсцы. Каб паставіць на ім кропку, перамовы жанчыне прыйшлося весці не толькі са старшынёю Рэчкаўскага сельвыканкама Ганнай Латышэвіч, але і кіраўніцтвам, работнікамі раённых электрасетак. І ўсё атрымалася!

– Людзі кажуць, што ў цёмны час сутак у нашай Гутцы светла, нібыта ў Парыжы, – усміхаецца жанчына.

Не без удзелу Таццяны Юр’еўны на тэрыторыях даверанага ёй населенага пункта прыводзяць дарогу ў належны парадак, знаходзяць нядбайных спадчыннікаў, каб тыя паклапаціліся, прыбралі, абкасілі, знялі павалены плот у сваіх родных, але ж даўно пакінутых гнёздах.

Асаблівыя адносіны ў старасты да могілак. Толькі ў гэтым годзе ўжо чатыры разы на вясковым пагосце яна арганізоўвала суботнік.

– Ранняй вясной выграбалі леташняе лісце, пазней – выдалялі кустарнікі, потым – фарбавалі плот, – расказвае жанчына. – Важнасць і неабходнасць правядзення кожнага суботніка нашы людзі разумеюць і справамі падтрымліваюць. Скажу больш: калі, напрыклад, нехта з-за ўзросту ці па стане здароўя не можа прыйсці і папрацаваць, выклікае дзяцей з гораду і выпраўляе на годную справу.

Наперадзе Таццяну Казлоўскую і яе землякоў чакае вырашэнне яшчэ адной не менш важнай і маштабнай задачы. Сёлета Гутцы спаўняецца 160 год. Акрамя гэтай даты, у жыццёвым календары вёскі яшчэ адзін юбілей – 90-годдзе ўраджэнца Гуткі, паэта, празаіка, журналіста Сцяпана Крываля.

Таму зараз усе планы, у тым ліку і старшыні сельвыканкама Ганны Латышэвіч, зводзяцца да таго, каб хораша, з людзьмі і для людзей, адсвяткаваць гэтыя дзве надзвычай важныя падзеі.

Дарэчы, частку грамадскіх пытанняў, якія фізічна не па сілах вырашыць старасце Таццяне Казлоўскай, на сябе бярэ яе палавінка – Андрэй Канстанцінавіч.

– Некалькі год таму ў Гутцы на скрыжаванні дарог мы ўстанавілі, як кажуць, усім мірам паклонны крыж. Аснаванне з камянёў для яго зрабіў Андрэй. А цяпер без лішніх слоў, калі трэба, дык ідзе і косіць траву каля крыжа і папраўляе, калі што не так на святым месцы, – кажа стараста.

«Каб не адставаць ад часу – трэба вучыцца!»

Пасля пераезду ў Гутку Таццяна Казлоўская змяніла і сферу прафесійнай дзейнасці: з юрыста перакваліфікавалася ў педагога. А дзеля гэтага спачатку скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, а потым вядучую вышэйшую ўстанову педагагічнага профілю ў сталіцы нашай краіны.

– Заўсёды жыла з думкай, што каб не адставаць ад часу – трэба вучыцца, – кажа Таццяна Юр’еўна, – і мне вельмі пашчасціла, што думку маю з першых дзён прынялі і падтрымлівалі муж, яго бацькі, нашы дзеці.

Зараз Таццяна Казлоўская дырэктарствуе ў Целяханскім цэнтры дзіцячай і юнацкай творчасці.
– Гэта сапраўдная скарбонка талентаў, прыгажосці і творчасці, – прызнаецца яна. – У нас сумаваць не будзе ніхто! Для кожнага знойдзецца цікавая справа і занятак па душы!

Аб тым, што і самой Таццяне Казлоўскай справа, якой яна сябе прысвячае, да густу, гаворыць тое, што без асаблівых цяжкасцей яна штодня падымаецца ў пяць гадзін раніцы, упраўляецца па гаспадарцы, а яна ў Казлоўскіх не маленькая: дзве каровы, пяцёра свіней, птушка і ажно паўтара гектара зямлі ў арэндзе. А пасля едзе на працу, пры гэтым ніколі не скардзячыся на цяжкасці, не падзяляючы асабісты час і рабочы.

– Складваецца такое ўражанне, што на працы і дома вы на ўсе сто працэнтаў шчаслівы чалавек, – кажу субяседніцы. А ў адказ чую:

– Шчаслівая і задаволеная сабою і сям’ёю жанчына звычайна пра гэта маўчыць. І калі мой жыццёвы прынцып: не здавацца, а быць, дык тым больш памаўчу.

Галіна МІКАЛАЕВА, фота аўтара.