Close
Актуально Новости Общество

Магазіны на колах: высвятлялі, як абслугоўвае сельскае насельніцтва выязны гандаль Івацэвіцкага райста

Магазіны на колах: высвятлялі, як абслугоўвае сельскае насельніцтва выязны гандаль Івацэвіцкага райста
  • Опубликовано:6 октября, 2025

Для некаторых вяскоўцаў выязны гандаль з’яўляецца амаль ці не адзінай магчымасцю набыць прадукты харчавання і тавары першай неабходнасці. 54 населеныя пункты раёна на сёння не маюць стацыянарных аб’ектаў гандлю, таму ў кожны з іх два ці тры разы на тыдзень выязджаюць аўталаўкі, перыядычнасць залежыць ад колькасці абслугоўваемага насельніцтва. Да таго ж, аўтамагазіны едуць і на аддаленыя вуліцы 13 населеных пунктаў, дзе маюцца стацыянарныя гандлёвыя кропкі.

Як працуюць сёння магазіны на колах? Ці задавальняюць яны патрэбы пакупнікоў? І як ацэньваюць выязны гандаль спажыўцы? Адказы на гэтыя пытанні мы шукалі падчас рэйду разам з галоўным спецыялістам аддзела эканомікі райвыканкама Дар’яй Макарчэняй.

У аўторак, 30 верасня, першым пунктам нашага наведвання сталі Міхнавічы. І хоць месціцца гэтая вёска непадалёк ад горада, усё ж тут маецца група людзей, якія па стане здароўя ці па прычыне шаноўнага ўзросту не маюць магчымасці выехаць у райцэнтр па пакупкі, таму і чакаюць кожныя аўторак, чацвер або суботу аўталаўку. У дзень нашага візіту гэты населены пункт абслугоўваў аўтамагазін № 2, у складзе «экіпажу» якога вадзіцель Уладзімір Дылюк і прадавец Галіна Воўна.

Першае, што хочацца адзначыць, гэта пунктуальнасць работнікаў. Ды і пазней у размове жыхары адзначалі, што па іх рабоце можна звяраць гадзіннік. Сапраўды, у 11.35, згодна з графікам, у вёсцы пачуўся працяжны аўтамабільны сігнал, такім чынам вадзіцель апавяшчае жыхароў аб прыездзе. Праехаўшы да канца вёскі, машына вярнулася на месца прыпынку, а следам пачалі збірацца і пакупнікі.

У новым МАЗе вітрына шырокая, зручная, а тое, што не ўмяшчаецца на ёй, пазначана на цэнніках, жоўтымі – тавары са зніжкай. Міхнаўцы, што прыйшлі ў гэты дзень па пакупкі, добра адзываліся пра вадзіцеля і прадаўца. Абодва яны, дарэчы, ужо даволі вопытныя. Да прыкладу, Уладзімір Уладзіміравіч у райспажыўтаварыстве працуе 32 гады, з іх 16 курсіруе па вёсках на аўталаўцы. Таму і пакупнікоў сваіх ведае, нават, як жартуе ён, вывучыў іх гастранамічныя перавагі. Амаль столькі ж працуе прадаўцом аўтамагазіна і Галіна Мікалаеўна.

Мясцовая пенсіянерка, карыстаючыся выпадкам, пацікавілася ў галоўнага спецыяліста аддзела эканомікі наконт прадстаўлення зніжак на сацыяльна значымыя тавары. Імі, між іншым, маюць права карыстацца не толькі пенсіянеры, але і інваліды, шматдзетныя сем’і. Зніжка ў 10 % прадстаўляецца на тавары беларускай вытворчасці: хлеб і некаторыя віды хлебабулачных вырабаў, асобныя мясныя вырабы, малако, кефір, смятану, сыр, тварог, яйкі, масла вяршковае і сланечнікавае, яблыкі, бульбу, капусту, цыбулю, моркву, сталовыя буракі і некаторыя іншыя тавары. З поўным пералікам можна азнаёміцца ў аўтамагазіне. Зніжку, дарэчы, прадстаўляюць не толькі аўтамагазіны, але і 80 гандлёвых кропак Івацэвіцкага райста. Аднак і тут трэба ўлічыць важны нюанс: калі пастаўшчык або райста робяць тавар акцыённым, то сацыяльная зніжка ўжо не дзейнічае. І такі падыход, хоць і законны, але абурае некаторых пакупнікоў.

У размове прадавец Галіна Воўна адзначае зручнасць новага касавага абсталявання:
– Зараз не трэба запамінаць цэны або заглядваць на цэннік, сканіруеш тавар, і кошт аўтаматычна выбіваецца, як і зніжка. І тут ужо не будзе неабгрунтаваных прэтэнзій, што прадавец нядобрасумленны. Пакупнік атрымлівае чэк, у якім пазначана найменне кожнай пакупкі, кошт і зніжка.

Неўзабаве работнікі аўтамагазіна № 2 заспяшаліся зноў у дарогу, бо на іх маршруце ў гэты дзень – яшчэ шэсць населеных пунктаў, а перад Міхнавічамі быў заезд у Халап’ю.

Тым часам і мы рушылі ў дарогу – у Харошчу, якую ў аўторак абслугоўвае аўтамагазін № 3. У гэтым населеным пункце ён робіць два прыпынкі ў розных канцах вуліцы Цэнтральнай. Ды вось незадача: прыехала аўталаўка ў Харошчу на першы з прыпынкаў са спазненнем на 40 хвілін. Перад гэтым пунктам на маршруце – Хадоркі і Дубітава, мяркуем, туды таксама магазін на колах спазніўся, бо вадзіцель Юрый Сярко і прадавец Наталля Люшкевіч аргументавалі такое парушэнне затрымкай на загрузцы таварамі раніцай. А вось памяркоўныя харашчанцы, як высветлілася, на агрэх работнікаў не ў крыўдзе.

– А навошта чакаць аўталаўку на вуліцы ў холад? І з хаты чутно, як сігналіць! – нібы ў апраўданне кажа адзін з пакупнікоў, а іх тут сабралася пяць чалавек.

У цэлым жыхары прэтэнзій да гандлю не мелі, толькі якасцю хлебабулачных вырабаў некаторыя з іх незадаволены.

– Булачкі вельмі пахнуць дражджамі, моцна крышацца, – звярнула ўвагу Ірына Васільеўна. – А да астатняга прэтэнзій няма. У іншыя дні, калі трэба, саджуся на веласіпед і еду ў Грыўду. Магазін там цудоўны, усё ёсць!

І ўсё ж у вёсцы ёсць і тыя, каму два кіламетры дарогі да Грыўды не асіліць, таму і жыцця свайго без аўтамагазіна яны не ўяўляюць. Складанасці ў рабоце прадаўцу дадаюць перабоі з мабільнай сувяззю ў Харошчы, бо касавае абсталяванне працуе пры дапамозе Інтэрнэту. Таму разлічыць карткай пакупніка рэдка калі ўдаецца, і вяскоўцы, ведаючы пра такую праблему, прыходзяць па пакупкі толькі з наяўнымі грашыма. Далей на маршруце аўтамагазіна № 3 у гэты дзень – Була, Галынка, Рацкевічы і Галенчыцы, і ў гэтых населеных пунктах, як запэўніла прадавец, з сувяззю ўсё ў парадку.

Трэцяй кропкай наведвання падчас нашага рэйду стала вёска Вуглы. Тут сёння зарэгістраваныя 32 чалавекі, а з вясны да восені ў вёсцы пражываюць яшчэ і дачнікі або тыя, хто любіць вярнуцца ў бацькоўскія дамы. Аўтамагазін № 6, за рулём якога вадзіцель Аляксандр Мішуроў, прыбыў згодна з графікам. Пакупнікоў няшмат – усяго чатыры, сярод іх і Альбіна Зіміна.

– Вось летам у нас тут жыццё кіпіць! Па чалавек 40 атаварваецца кожны раз. Цяпер многія раз’ехаліся. Я задаволена нашай аўталаўкай. Прыязджае своечасова, прывозіць усё неабходнае, цэны прымальныя, а прадавец заўсёды падкажа, што лепш узяць, калі трэба, то і заяўкі выканае. А яшчэ па нашай просьбе дабавілі трэці пункт прыпынку ў вёсцы, гэта зручна, – дзеліцца жанчына, і яе словы пацвярджаюць астатнія пакупнікі.

А вось пра права атрымаць сацыяльныя зніжкі чамусьці ніхто з іх не ведаў, хаця спіс з пералікам тавараў, на якія можна іх атрымаць, размяшчаўся на відным месцы. Прадавец Ірына Каліноўская паціснула плячыма, маўляў, па афармленне картак ніхто не звяртаецца.

Што датычыцца праверкі, якую правяла галоўны спецыяліст аддзела эканомікі Дар’я Макарчэня, то тут значымых заўваг няма: правілы захоўвання тавараў не парушаны, меліся тавары, абавязковыя да наяўнасці для рэалізацыі, цэннікі аформлены без парушэнняў, тавары абазначаны стоперамі «Акцыя» і «Зроблена ў Беларусі».

Аўтамагазіны сёння выконваюць важную сацыяльную функцыю, і зачастую для райста такі выязны гандаль стратны. Да прыкладу, у Гладышы аўтамагазін наведваецца два разы на тыдзень, а ў вёсцы пражывае ўсяго адзін жыхар, і не факт, што ў дзень прыезду аўтамагазіна яму спатрэбяцца пакупкі… Аднак у любое надвор’е і нават пры самай мінімальнай колькасці жыхароў у тым ці іншым населеным пункце магазіны на колах усё ж будуць ехаць туды, пакуль у гэтым будзе патрэба.

Аксана Цярэшка, фота аўтара.