Пяты год запар у краіне праходзіць рэспубліканская акцыя «Маміны пірагі», ініцыіраваная Беларускім саюзам жанчын. Перадаць часцінку дамашняга цяпла, нагадаць пра цяпло матчыных рук тым, хто абараняе спакойнае жыццё краіны, – такая яе сутнасць.
Як і заўсёды, сёлета не засталіся ўбаку ад гэтай дабрачыннай справы актывісткі Івацэвіцкай раённай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» на чале са старшынёй Юліяй Ульдзіновіч, а таксама салісткі Івацэвіцкага РДК. 23 лютага, акурат у Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, нераўнадушныя жанчыны зладзілі сапраўднае свята з чаяпіццем і дамашняй духмянай выпечкай для ваеннаслужачых кантрактнай службы вайсковай часці 7404: тут служаць хлопцы з нашага раёна, а таксама з Ружан, Пінска і Салігорска.
– Здаецца, яшчэ ўчора вы былі простымі юнакамі, а сёння вы ў адказе за лёс нашай краіны, – звярнулася да маладых людзей Юлія Ульдзіновіч. – Кожны з вас – гэта надзейны шчыт, які абараняе мір і спакой на роднай зямлі. І менавіта таму так важна, каб вы адчулі наш клопат, каб ведалі, што вас чакаюць дома, што вамі ганарацца. А гэтыя пірагі – гэта не проста выпечка, а сімвал любові, клопату і падзякі ад усіх беларускіх жанчын.
Ад імя матуль выступіла старшая медсястра пансіяната «Агінскі», шматдзетная маці Алена Юнчык. Жанчыне, што выгадавала трох сыноў, асабліва адгукаецца ў сэрцы дадзеная акцыя. Яна падкрэсліла, што кожная маці разумее, наколькі няпроста бывае яе дзіцяці, асабліва калі ён далёка ад роднага дома. Таму так важна падтрымліваць нашых мужных і адданых маладых людзей, якія абралі шлях абароны Радзімы.
Сярод тых, хто прыклаў свае намаганні, каб такое душэўнае мерапрыемства адбылося з той дабрынёй і любоўю, уласцівай беларускай жанчыне, – Алена Дылюк, Ірына Ярута і Наталля Талочка, прадстаўніцы пярвічнай арганізацыі «БСЖ» раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, група актывістак з нава-спечанай пярвічкі пансіяната «Зарэчча» разам з лідарам Святланай Штагрыной, а яшчэ таленавітыя і творчыя Алена Грэчная, Анастасія Малюгіна, Таццяна Гарун і Ганна Суханосік.
Пасля цёплых слоў і віншаванняў, кранаючых сэрца песень вайскоўцы з задавальненнем прынялі салодкія падарункі. Смачныя пірагі, прыгатаваныя з любоўю, сталі прыемным сюрпрызам і напамінам пра родны дом. Ваеннаслужачыя, у сваю чаргу, выказалі шчырую падзяку за такую ўвагу і падтрымку.
Акцыя «Маміны пірагі» яшчэ раз пацвердзіла сваю значымасць, стаўшы мастком паміж тымі, хто чакае дома, і тымі, хто стаіць на варце міру. І пакуль ёсць такія ініцыятывы і такія нераўнадушныя беларускія жанчыны, наша краіна будзе і далей заставацца квітнеючай.
Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.



















