Кожнаму з нас хочацца, каб прыгожа, утульна і чыста было не толькі ў кватэры, але і ў двары роднага дома. Аднак далёка не ўсе гатовы траціць на гэта свой час, сілы, а тым больш грошы. Чаго не скажаш пра жыхароў васьмікватэрнага двухпавярховага дома, што месціцца ў аграгарадку Аброва па бульвары Першамайскім.
Дом 1976 года пабудовы некалі належаў калгасу імя Чапаева. Кватэры было дазволена прыватызаваць, гэтым правам і скарысталіся ўсе пражываючыя.
– Фасад нашага дома даўно патрабаваў абнаўлення, але чакаць, што гэта зробіць за нас нехта іншы, нам не прыходзіцца. Жывём мы, можна сказаць, у цэнтры аграгарадка, ва ўсіх на віду, дык хочацца, каб не сорамна было за наш дом, каб ён дастойна выглядаў, – расказвае Алена Мігно.
– Дзе яшчэ вы ў сельскай мясцовасці знойдзеце бульвар?! Трэба ж адпавядаць такой гучнай назве! – падхоплівае размову Галіна Люшкевіч.
Таму на сходзе жыльцоў было вырашана сабраць грашовыя сродкі і сваімі сіламі добраўпарадкаваць знешні выгляд дома. Узброіўшыся неабходным інструментам, фарбай, тынкоўкай, за справу ўзяліся сваімі сіламі, каб зэканоміць на рабоце. Сёння жанчыны з дома № 16 з усмешкай прызнаюцца, што і без спрэчак не абышлося, бо ў кожнага на гэты конт былі свае меркаванні. Але аднагалосна прыйшлі да высновы, што колер дома будзе шэрым, маўляў, ён і практычны, і выглядаць будынак будзе па-сучаснаму. І калі жанчыны ўзялі на сябе арганізацыйную частку, то шчыравалі над новым воблікам дома ў большасці сваёй мужчыны. І такая агульная ініцыятыва і добрая справа сёння радуе вока.
У гэтыя восеньскія дні перад домам № 16 па бульвары Першамайскім здзіўляюць багаццем фарбаў кветкі позняй восені – хрызантэмы, а яшчэ ідэальная чысціня. І гэта заслуга, безумоўна, жыхароў дома.
Але на гэтым клопаты вяскоўцаў з двухпавярхоўкі не скончыліся. Зараз ідзе работа па пераводзе гэтага дома з пячнога ацяплення на электрычнае. Створана таварыства ўласнікаў, якое ўзначаліла Алена Мігно, яна ж і прадстаўляе інтарэсы жыхароў дома па пытаннях электрыфікацыі ў дзяржаўных арганізацыях. У гэтай справе аброўцы шчыра дзякуюць за падтрымку раённай і мясцовай уладам, якія праявілі клопат і дапамогу ў афармленні адпаведнай дакументацыі.
– Вельмі прыемна, што ёсць такія ініцыятыўныя грамадзяне, як жыхары аг. Аброва, якія добраўпарадкуюць свае дамы, двары, тэрыторыі і тым самым робяць унёсак у развіццё нашай квітнеючай суверэннай дзяржавы! – адзначыла старшыня Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў Ірына Краўчук.
Ну а мы на старонках «ІВ» яшчэ раскажам пра навіну, калі нарэшце электрычнае цяпло прыйдзе ў аброўскія кватэры.
Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.