Мікалай Кузьмін: «Я не пчаляр, я проста рос і жыву сярод пчол»
Так ёмка і дакладна жыхар Івацэвіч Мікалай Іванавіч Кузьмін абазначыў свае адносіны з працалюбівымі насякомымі. Яго вымушанае сяброўства з пчоламі пачалося ледзь ці не ў шэсць гадоў, калі Міколка дапамагаў выбіраць мёд бацьку. Пасля гэта стала ўжо справай жыцця настолькі, што нават у свае 93 герой публікацыі трымае адну пчаліную сям’ю. Збірае мёд для сябе і для дачок з унукамі. З гэтымі своеасаблівымі насякомымі ў Мікалая Іванавіча шчырае сяброўства. Мы наведаліся да майстра мядовых спраў напярэдадні Мядовага Спасу, герой публікацыі сустрэў нас з усмешкай, на надворку ён наладжваў электракасу – збіраўся прыбраць участак вакол дома, але адарваўся ад важных спраў для размовы з намі.
Па афіцыйнай інфармацыі на 1 студзеня ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян у Івацэвіцкім раёне налічваецца 1 698 пчаліных сямей, лідар у мядовых справах – Яглевіцкі сельсавет, нямала пчалаводаў і на Быценшчыне. Напэўна, няма такога сельсавета, дзе б не займаліся пчоламі, бо мёд – найкаштоўнейшы прадукт. Хоць герой публікацыі і не называе сябе пчаляром, але і яго пчаліная сям’я на раённым рахунку, а быў час, калі Мікалай Іванавіч «вандраваў» у пошуках палёў па раёне са сваімі двума дзясяткамі вуллёў!
Ён чуў, як плачуць пчолы…
Бацькі героя публікацыі Іван Фаміч і Марыя Паўлаўна пазнаёміліся яшчэ ў даваенныя гады. Два чалавекі няпростага лёсу разам будавалі жыццё. Маці-сіраце ў спадчыну дасталася сем гектараў зямлі, а бацька быў з абеззямеленай сям’і, але з залатымі рукамі. Літаральна за год Іван Фаміч з дапамогай братоў пабудавалі дом ды хлявы. У 1928 годзе маладая сям’я справіла ўваходзіны ў новы дом у Гічыцах, а ўжо ў 1939-м Кузьміны сталі кулакамі. Іх планавалі раскулачыць і адправіць у Казахстан, але пачалася вайна…
– Я быў старэйшым у сям’і, а значыць, – першы памочнік, – кажа Мікалай Іванавіч. – Бацька паедзе на тыдзень-другі пад Вяду назапашваць сена, маці працавала ў полі. А мне наказвалі даглядаць за малодшымі – Віталікам і Тамарай, чацвёрты Лёша нарадзіўся пазней.
А яшчэ скаціна была на мне, бацькі трымалі гусей, свіней, былі каровы, конь ды пчолы. Мне было мо шэсць, мо сем гадоў, а трэба было, як выйдзе рой, выкачаць мёд. Думаеце, хацелася мне, хлапчуку, той работы? А яшчэ як пакусаюць тыя пчолы… Казаў бацькам: вось вырасту ды папалю вашы вуллі!
Але ў вайну мёд ратаваў, ім бацька разлічваўся з людзьмі, многіх проста частаваў. У двор неяк прыйшлі немцы і налічылі «цвайундцвайцінг» вуллёў, гэта 22. Яны прыходзілі ў двор па мёд, частаваліся карысным прадуктам і партызаны. Бралі яго для дзяцей ды для раненых. Ніхто не чапаў вуллі, бо гаспадар шчодра дзяліўся дарамі.
На ўсё жыццё наш суразмоўца запомніў, як пчолы плакалі, калі над імі здзекаваліся мадзьяры:
– Ужо пасля вайны венгры таксама прыйшлі па мёд ды падпалілі некалькі вуллёў, каб рой згарэў, а мёд было браць лягчэй… Я памятаю гэты плач. То быў не гул, а натуральны плач. Так шкада мне было нашых пчолак. Мо тады я ўпершыню і паглядзеў на іх іншымі вачыма.
Лыжка мёду – ад адной пчалы
Жыццё нашага героя складвалася цікава і нават камічна, ён двойчы вучыўся ў першым класе, бо да вайны яго, малога, памылкова пасадзілі за парту. Пасля ён збягаў з бухгалтарскіх курсаў, бо баяўся адказнасці, але яго вярталі. Дарэчы, адукацыю ён усё ж такі атрымаў і ўсё жыццё працаваў з лічбамі.
А пасля жаніцьбы на Раісе Ігнацьеўне ён выбраў зямлю для будучага дома, што называецца, «пальцам у неба»:
– Як так? – пытаюся.
– А проста, прыходжу я ў земслужбу. Няма мне ўчастка ды няма. А вось аднойчы нарваўся на размову ў кабінеце, некаму мужчыне не далі ўчастак каля некага Дзенісюка. Маўляў, ёсць бацькоўская зямля, там і будуйцеся. Прыйшла мая чарга. Пытаюцца, дзе нагледзелі сабе ўчастак, на які прэтэндуеце… Ну я і кажу, хачу каля Дзенісюка будавацца. Мне і далі дакументы, а дзе той участак – бог яго ведае… Шукалі доўга, але як хутка вырас наш дом па вул. Завадской. Сюды з маёй Раісай мы пераехалі ўжо з дзвюма дачкамі – Людмілай і Галінай, малодшая Ірына нарадзілася ўжо тут. Сюды ж перакачавалі з цягам часу і вуллі.
Мікалай Іванавіч працаваў на лыжнай фабрыцы ў Целяханах, пасля на лесазаводзе, на прыборабудаўнічым заводзе і ў розных будаўнічых арганізацыях, аб’ездзіў увесь Савецкі Саюз – у галаве заўсёды былі лічбы, а на сэрцы – пчолы і любімы мёд. Яго наш герой еў лыжкамі.
Кожныя выхадныя ён пераадольваў 10 км да Гічыц, каб дапамагчы з пчоламі бацьку, пасля вазіў па раёне свае 20 сямей. Пры добрым узятку за два дні адна сям’я магла нанасіць вядро мёду, успамінае суразмоўца.
– Мікалай Іванавіч, а якога падыходу патрабуюць пчолы?
– Асаблівага. Яны разумныя і з норавам. Патрабуюць вельмі беражлівага падыходу. Пчала ніколі не будзе кусаць, калі яе не прыдушыш, не дай бог хоць адну патурбуеш – рызыкуеш здароўем і жыццём. Я не надзяваю касцюм, толькі маску, а так магу выкачваць мёд нават без кашулі. Пчолы мяне не чапаюць, бо яны для мяне як крыштальныя. Цукрам падкормліваю толькі на зіму, летам няхай працуюць пчолкі самі, для іх гэта больш карысна, ды і якасць мёду іншая. А вы ведаеце, што за сваё жыццё пчолка прыносіць толькі лыжку мёду? Колькі лётае, а толькі лыжка. Трэба цаніць і паважаць іх працу.
Мёдам Мікалай Іванавіч частаваў людзей, нешта прадаваў на базары. Успомніў, як неяк жанчына загаварыла зубы пчаляру ды ўхапіла слоік мёду. Мікалай Іванавіч не даганяў яе і не злаваўся, а можа, чалавеку вельмі патрэбны былі гэтыя лекі ад усіх хвароб…
Здаецца, цяга да пчол у Кузьміных у крыві, па словах Мікалая Іванавіча, захапленне жыве ў сям’і ўжо не адно пакаленне, у Гічыцах стаяць вуллі малодшага брата Аляксея, спадзяёмся патрапіць і да яго ў госці. А наш герой пакуль беражліва збірае мёд для дачок і ўнукаў, якія жывуць у далёкіх Галандыі і Аўстраліі, але найлепшым гасцінцам заўсёды лічаць дзядулеў пачастунак
Тры Спасы ў жніўні — Мядовы, Яблычны і Хлебны
Спас у хрысціянстве – ад імя Іісуса Хрыста, Збавіцеля. 14 жніўня святкуецца Мядовы Спас, у гэтыя дні нашы продкі адзначалі свята ўраджаю. Другая назва свята – Спас на вадзе, бо ў гэты час таксама асвячалі новыя калодзежы і чысцілі старыя.
У сярэдзіне жніўня акурат паспяваў мёд новага збору, пчалаводы выразалі з вулляў першыя соты і неслі ў храм, каб асвяціць іх. Хрысціяне ўспрымалі мёд не толькі як ласунак і карысны прадукт, але і як увасабленне Божай міласці. Ім у свята адорвалі дзяцей і бедных. Традыцыйны пачастунак для Мядовага Спаса – выпечка з мёдам, галоўнае, каб яна была поснай, бо акурат з 14 жніўня пачынаецца Успенскі пост.
19 жніўня мы будзем святкаваць Яблычны Спас, у гэты дзень вернікі асвячаюць яблыкі новага ўраджаю, а яшчэ слівы і вінаград. Лічыцца, што плады – своеасаблівая ўзнагарода за год цяжкай працы.
У апошнія дні месяца, 29 жніўня, адзначаць Арэхавы, Хлебны Спас. У гэты дзень звычайна пяклі першы хлеб з зерня новага ўраджаю і дзякавалі Богу за хлеб надзённы. Уборка на палях ужо была завершаная, а ў лесе акурат паспявалі арэхі. Апошнія дні лета стараліся адзначыць шчодра і з душой, а яшчэ ў гэты дзень праводзілі ў вырай птушак і вызначалі, якой будзе восень.
Жывуць каля месяца: цікавыя факты пра пчол
Нечакана было пачуць ад Мікалая Іванавіча Кузьміна, чалавека вельмі прагнага да чытання, аб тым, што працоўная пчолка жыве ўсяго 30-40 дзён. А чым яшчэ незвычайныя гэтыя насякомыя?
- Пчолы ўмеюць танцаваць. Так, калі пчолы-разведчыцы знаходзяць добрую паляну, на якой можна паласавацца
нектарам, то яны «малююць» у паветры васьмёркі. Такім чынам яны зазываюць сюды другіх пчолак. - Першыя вуллі рабілі ў Старадаўнім Егіпце. Мёд тут быў ласункам для багатых людзей, а яшчэ ім кармілі свяшчэнных жывёл.
- Гэтае насякомае можа лётаць з хуткасцю да 60 км у гадзіну, але гэта без «багажу», а з прыпасамі пчала ляціць з хуткасцю да 25 км.
- Пчолы, як і мы, адрозніваюць колеры, але не ўсе. Жоўты і сіні – яны бачаць добра, а вось чырвоны не распазнаюць.
- Адна пчаліная сям’я, а гэта можа быць ад 20 да 50 тысяч пчол, можа сабраць за дзень да 10 кг мёду!
- У сярэднім за дзень пчала здзяйсняе да 10 вылетаў і прыносіць каля 200 мг пылку. Увогуле, прыкладна трэцяя частка сям’і штодзень працуе над зборам пылку. А гэта – будучы мёд!
- Усе рабочыя пчолкі – гэта «дзяўчынкі». Сярод іх ёсць разведчыцы, зборшчыкі, вартаўнікі. Яны не толькі збіраюць пылок і нектар, але і прыбіраюцца ў вуллі, будуюць соты, клапоцяцца пра лічынак, трутняў і каралеву.
У нашым фотарэпартажы размешчаны здымкі вулляў пчаляроў раёна.
Паласу падрыхтавала Наталля ГЕРБЕДЗЬ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.







В канун светлого церковного праздника Николай Кузьмин рассказал о себе и своем увлечении, которое, как и сам Медовый Спас, наполнено теплотой, добротой и глубоким смыслом.





