«Мова – уладарка маёй душы»
Так лічыць Галіна Паляшчук, якая выкладае беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 3
г. Івацэвічы. Адданасць прафесіі, вялікая любоў да роднай мовы і гонар за яе даюць усе падставы сцвярджаць, што праца для Галіны Анатольеўны не крыж, які яна нясе вось ужо трыццаць гадоў, а самы што ні на ёсць падарунак, блаславенне лёсу.
– Галіна Анатольеўна, за кім Вы пайшлі ў прафесію настаўніка?
– Перш-наперш трэба расказаць, як я наогул стала настаўнікам. Калі яшчэ вучылася ў пачатковай школе, мне вельмі падабалася назіраць за тым, як першая настаўніца Вольга Міхайлаўна Дзенісюк вядзе ўрокі, правярае нашы сшыткі, выстаўляе адзнакі ў класны журнал. Ужо тады мне хацелася працаваць у школе і толькі настаўнікам пачатковых класаў. Пазней, недзе дванаццацігадовай дзяўчынкай, калі сталі праяўляцца здольнасці і цікавасць да мовы, літаратуры, мае мары-жаданні скіраваліся крышачку ў іншы бок. Вось толькі чаму аддаць перавагу, беларускай ці то рускай філалогіі, мне было вырашыць складана. Наконт гэтага былі роздумы, хваляванні, перажыванні. Аднак у рэшце рэшт перамагло жаданне ўсё ж такі быць правадніком у чароўны свет роднай мовы і літаратуры.
Яскравым прыкладам, арыенцірам у прафесіі заў-сёды былі і застаюцца зараз настаўніца сярэдняй школы № 1 г. Івацэвічы Людміла Мікалаеўна Пракурат, падчас вучобы ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна – Ніна Мікалаеўна Чалюк, у сярэдняй школе № 3 – Ніна Іванаўна Турчына. А калі шчыра прызнацца, дык па жыцці мне шанцуе не толькі на добрых настаўнікаў, але і наогул на добрых людзей.
– Дзе пачыналі працоўны шлях і ці былі такія моманты, калі хацелася ўзяць і пакінуць школу?
– У першы год пасля сканчэння школы ў Брэсцкі педінстытут на філалагічны факультэт я не паступіла. Трэба было два экзамены здаць на выдатна, а мне на іспытах паставілі адну чацвёрку. Да ўсяго, гэта быў пачатак 90-х, час, калі абітурыентаў было вельмі многа і конкурсы таксама былі вялікімі. Напрыклад, на спецыяльнасць «беларуская мова і літаратура» прэтэндавала на адно месца сем чалавек. А яшчэ прыярытэтнае права на вучобу тады мелі тыя, хто пацярпеў ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Аднак пасля першай няўдалай спробы рукі я не апусціла і ўладкавалася на працу ў Запалянскую школу старшай піянерважатай. Дарэчы, год, што працавала ў школе, не прайшоў для мяне бясследна. Ён дазволіў мне адчуць сапраўднае школьнае жыццё, паспрабаваць настаўніцкага хлеба, не заўсёды лёгкага, задумацца і канчаткова вырашыць для сябе, ці варта ісці ў прафесію. Ужо з дыпломам аб вышэйшай адукацыі лёс прывёў мяне ў сярэднюю школу № 3 г. Івацэвічы. Сёлетнім жніўнем будзе роўна трыццаць гадоў, як тут я пачала настаўнічаць. Што ж датычыцца другой часткі пытання, то жадання пакінуць школу і заняцца нечым іншым у мяне ніколі не ўзнікала. Скажу больш: аб тым, што стала настаўнікам, нават і на хвілінку не пашкадавала.
– На Ваш погляд, сёння ў школе дастаткова гадзін, каб дзеці маглі зразумець, палюбіць і свабодна размаўляць на мове?
– Кажуць, што тая мова для чалавека родная, на якой ён думае. Калі б дзеці думалі па-беларуску, то, можа, і не спатрэбілася б большая колькасць гадзін. Вось толькі асяроддзе наша рускамоўнае, дый, не бу-дзем гэтага хаваць, цікавасць у людзей да беларускай мовы падае. Таму гадзін, як Вы сказалі, каб разумець, размаўляць і, самае галоўнае, любіць мову, вядома ж, недастаткова. А між тым, за мовай нашай беларускай такая гісторыя, такая культура!

– Вы самі, Галіна Анатольеўна, як звычайна размаўляеце, напрыклад, у магазіне, аптэцы, на пошце?
– Па-рознаму: і на беларускай, і на рускай мовах. Вось толькі калі размаўляю па-руску, у душы стаўлю сабе вялікі мінус і яшчэ з большай павагай адношуся да тых, хто, напрыклад, як Ніна Іванаўна Турчына, усюды і заўсёды стасуецца выключна па-беларуску.
– Сярод Вашых вучняў як многа прыхільнікаў беларускага слова?
– У кожным класе заўсёды знаходзяцца хлопчыкі і дзяўчынкі, якія імкнуцца ведаць мову, добра валодаюць ёю, якія праяўляюць цікавасць да больш глыбокага яе вывучэння. Заўсёды ёсць вучні, якія ўдзельнічаюць у прадметных алімпіядах і маюць поспехі, якія з вялікім жаданнем прымаюць удзел у літаратурных імпрэзах, сустрэчах з мясцовымі літаратарамі. Вось толькі бяда, што чытаюць дзеці мала. А тых, хто чытае творы на беларускай мове па сваім уласным жаданні, – на пальцах можна пералічыць. Не ведаюць, не разумеюць, што «…родная мова, цудоўная мова, яна нашых думак уток і аснова».
– Можа, Вашы любімыя беларускія аўтары і творы стануць матывацыяй для чытання дзецям?
– Увогуле я вельмі люблю літаратуру. Люблю творы, якія прымушаюць думаць, суперажываць, у якіх ёсць героі, на чыіх прыкладах можна нечаму навучыцца. А вось любімы аўтар у мяне – Васіль Быкаў і яго «Сотнікаў», «Альпійская балада», «Абеліск». Чытала творы Быкава яшчэ ў школе, вось толькі адкрыла па-сапраўднаму пісьменніка і яго творчасць пазней, у студэнцкія гады. Люблю чытаць і перачытваць творы Івана Шамякіна. Глыбокая, напоўненая мудрасцю, шчырасцю «Палеская хроніка» Івана Мележа. Была б шчаслівай, калі б гэтыя і іншыя творы беларускіх аўтараў мае вучні ўзялі сабе ў спадарожнікі.
– Назвалі пісьменнікаў. А якіх паэтаў чытаеце з асаблівай асалодай?
– Добрай ночы, зара-зараніца!
Ужо імгла над зямлёю лажыцца,
Чорнай рызай усё пакрывае,
Пылам зор небасхіл абсявае…
Гэта радкі Максіма Багдановіча, любоў да творчасці якога ў сваім сэрцы нашу ўсё свядомае жыццё. Не перастае здзіўляць і зачароўваць сваёй вобразнасцю, дасканаласцю, прыгажосцю і вялікай сілай уздзеяння на душу і сэрца чалавека творчасць Яўгеніі Янішчыц, Ніны Мацяш. Дарэчы, з Нінай Мацяш была арганізавана сустрэча ў нашай школе. Вельмі імпануе творчасць Генадзя Пашкова. А наогул, як у краіне, так і на нашай Берасцейшчыне шмат аўтараў з багатай і, самае галоўнае, цікавай літаратурнай спадчынай.
– Якія творы Вы, як жанчына, настаўнік, параілі б пачытаць дзецям, а якія – дарослым?
– Дзецям абавязкова трэба чытаць казкі, не важна, народныя яны ці сучасных аўтараў, чарадзейныя ці бытавыя, на рускай ці беларускай мовах. Галоўнае, каб у іх быў сэнс, любоў да роднай зямлі, павага да бацькоў, асуджэнне гультайства і зайздрасці, праслаўленне ведаў і мудрасці. Дарослым, усім, без выключэння, трэба пачытаць «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча і паэму «Новая зямля» Якуба Коласа. Каб больш даведацца пра Беларусь, каб асэнсаваць у гістарычным кантэксце яе няпросты, аднак вельмі годны лёс і яшчэ больш палюбіць, яшчэ больш ганарыцца зямлёю, якую мы Радзімаю завём.
– Добра ведаю, што Вы – шчырая і пастаянная чытачка «Івацэвіцкага весніка». На старонках раёнкі мы публікуем матэрыялы як на беларускай, так і рускай мовах. Якім публікацыям Вы ўсё ж такі аддаяце перавагу?
– Першую і пачэсную прыступку займаюць матэрыялы на беларускай мове. Хаця калі замалёўка, рэпартаж, нарыс напісаны цікава, з вялікім задавальненнем чытаю і рускамоўныя тэксты карэспандэнтаў газеты. Раённую газету прачытваю ад першай старонкі і да апошняй. Заўсёды чакаю літаратурную старонку, каб пазнаёміцца з новымі вершамі Святланы Сцепанчук, Лідзіі Вярышкі, Уладзіміра Касаўца, з творамі іншых аўтараў Івацэвіччыны. Шчыра радуюся, калі выходзяць зборнікі літаратараў-землякоў, бо добра разумею, што літаратура – гэта не проста захапленне, гэта пачуцці, пакуты і абавязкова вялікая праца, якая, безумоўна, заслугоўвае ўвагі.
– Галіна Анатольеўна, на Ваш погляд, ці можна адчуваць сябе сапраўдным беларусам, грамадзянінам сваёй дзяржавы, калі не ведаеш і не ўжываеш родную мову?
– Грамадзянінам можна, бо мовы дзяржаўныя ў нас дзве. А вось сапраўдным беларусам, думаю, не зусім можна звацца.
– Якія эпітэты знаходзяцца ў Вашым сэрцы, калі думаеце пра родную беларускую мову?
– Ласкавая і пяшчотная, жывая і непаўторная, пявучая і жывучая, ільняная і жытнёвая, узнёслая і па-народнаму невычэрпная… Такая яна, мая родная мова.
– Прадоўжыце, калі ласка, выраз: «Мова – гэта…»
– … мудрае слова прадзедаў, матчына калыханка, уладарка маёй душы.
Галіна МІКАЛАЕВА. Фота Вікторыі ЧЭМАРМАЗОВІЧ.






