Муралы па сюжэтах старых фотаздымкаў

На фасадах будынкаў у Целяханах з’явілася шэсць новых муралаў.
Целяханы апранулі вытанчанае святочнае ўбранне ў чаканні «Дажынак-2022»: дарогі змянілі пакрыццё, клумбы забліскацелі тысячамі фарбаў з кветак, а на будынках адміністрацыйных устаноў, акрамя прыгожай і стылёвай афарбоўкі, з’явіліся амаль жывыя тэматычныя фотаздымкі з гісторыі пасёлка. Канешне, гэта ўсё не без працы людзей: стараюцца будаўнікі, дарожнікі, камунальнікі, ды што там казаць – практычна кожны жыхар Целяхан хоча зрабіць унёсак у агульную справу. «Дажынкі-2022» пройдуць, а парадак і непаўторнасць вуліц роднага пасёлка будзе радаваць і далей.
Муралы адносяцца да вулічнага мастацтва. Гэта разнавіднасць манументальнага жывапісу на габарытных будынках і другіх пабудовах. Калі творчай групе пад кіраўніцтвам Вадзіма Галоўчыка, дырэктара Дзіцячай школы мастацтваў г. п. Целяханы, прапанавалі паўдзельнічаць у стварэнні муралаў на будынках пасёлка, першае, у чым было перакананне, – гэта абавязкова будуць унікальныя муралы на гістарычную тэму. Пры абмеркаванні Анжаліка Тысевіч, намеснік дырэктара школы мастацтваў, адразу ўспомніла фотаздымак старога аўтобуса, які курсіраваў праз Целяханы. Гэты фотаздымак гуляў на прасторах адной сац-сеткі і хутка быў знойдзены. Адсюль нарадзілася ідэя ўзяць за аснову старыя фотаздымкі пасёлка, і нават каб муралы перадавалі пажоўкласць старых картачак.

Пачалі ў пачатку ліпеня з будынка аўтастанцыі. Каб фасад вакзала быў адной стылістыкі з будучым муралам, на будынку з’явіліся ліхтары і казырок, коўкай якіх займаўся ўмелец Целяханскай ДШМ – рабочы Віктар Сцяцэнка. Каля мурала будзе яшчэ і лавачка.
Перш чым прыступіць да роспісу сцен будынка, мастак павінен зрабіць так званую разметку, на мове мастакоў, – калі на фасад наносяцца контуры будучага мурала. Часта карціна на сцяне і арыгінал вельмі адрозніваюцца па памерах, таму важна не памыліцца ў разліках. Падабраць суадносныя з арыгіналам колеры фасадных фарбаў і іх адценні – таксама задача не з простых. Трэба папасці ў асноўны колер фасада, каб карціна выглядала натуральна, згодна задуме.
Спачатку ўсё рабілася на камп’ютары з дапамогай графічнага планшэта. Усе нюансы прадумваліся камп’ютарным геніем, як яго называюць калегі, Андрэем Беляковым і вымалёўваліся віртуальным пэндзлікам, падбіраліся дэталёва колеры.
Пры нанясенні разметкі на сцяну на дапамогу прыходзіць праектар. Эскіз карціны (сілуэт будучага мурала) праецыруецца на фасад. Нават само пастраенне займае шмат часу. Прыходзілася гэта рабіць ноччу, каб нікому з будаўнікоў не перашкаджаць. Мастак наносіць контуры будучай карціны. Збоку гэты працэс зразумелы толькі яму, бо контур спачатку больш нагадвае іерогліф ці дзіцячую размалёўку, чым будучы шэдэўр. На дапамогу прыходзілі калегі, малады спецыяліст Ніколь Сцефановіч, выпускніцы школы мастацтваў Майя Капыціч і Дар’я Даютава.
Цяжкасці былі ў тым, што з-за спёкі часцей за ўсё працавалі ноччу. Трэба выказаць словы ўдзячнасці целяханцам за разуменне і вельмі далікатнае стаўленне да творчага працэсу: ніхто не скардзіўся на нязручнасці, нават пыталі дазволу, ці можна прайсці або праехаць, каб не замінаць мастакам і не пашкодзіць шнуры ад праектара.
Усё яшчэ залежыць ад фактуры сцяны, куды плануецца нанесці мурал. Пасля нанясення эскіза трэба падрыхтаваць паверхню: за справу браўся Вадзім Галоўчык. Ён тынкаваў, грунтаваў, цэментнай сумессю выпраўляў няроўнасці, выроўніваў кожную дробязь, напрыклад, рукі людзей з фотаздымка.
Калі гэта зроблена, паўторна прымяняецца праектар і пачынаецца прарысоўка. Карцінка пачынае ажываць – з’яўляюцца сілуэты. «Вельмі цікава, калі праз гадзіну-другую персанажы з фотаздымкаў ажываюць пад пэндзлем умелага мастака», – згадвае Анжаліка Алегаўна. Гэта працэс затратны па часе. Таму тут працавала цэлая каманда: Андрэй Белякоў, Анжэліка Тысевіч і выпускнік школы мастацтваў Глеб Тысевіч. А ўсю самую адказную і, напэўна, марудную, дробную работу па дэталізацыі малюнка выконваў карпатліва Андрэй Белякоў.

Гістарычную тэму працягнулі і на астатніх будынках: на пошце з’явіліся верставыя слупы, паштальён з мінулага стагоддзя, паштовая карэта, на будынку Дома быту – вышывальшчыца за работай. У стварэнні гэтага мурала ўдзельнічаў цэлы сямейны падрад. Гэта сям’я Ланцаў: бацька Васілій, сын Васілій і сынава жонка Людміла. на Цэнтры культуры і вольнага часу з’явіўся сюжэт з задорнымі каляднікамі. Яшчэ адзін, сёмы мурал, – у стадыі завяршэння.

Кафэ «Палессе» апранула ўбранне новай каляровай гамы, з’явіліся арнаменты і мурал з рамантычнай карцінкай – з вулічным музыкантам-саксафаністам і дзяўчынай, а трансфарматарная падстанцыя (ТП) набыла на адной са сваіх сцен своеасаблівыя акенцы з карцінкамі: там і дзяўчына пад парасонам, і скрыпач, і дрэўца. Была яшчэ ідэя наконт летняга кафэ, будзем спадзявацца, што з’явіцца магчымасць у будучым ажыццявіць усе ідэі творчай групы выкладчыкаў школы мастацтваў. Бо, кажучы па сакрэце, задумак у іх шмат: і парк з лавачкамі-арэлямі ўздоўж Агінскага канала, і шкляное кафэ як другі паверх вакзала…

Прыемна, што і ўласнікі прыватных магазінаў не засталіся ўбаку. Яны таксама імкнуцца абнавіць фасады сваіх гандлёвых кропак і звяртаюцца да творчай групы па парады.

Хочацца, каб усё тое, што зроблена па ідэях і рукамі целяханцаў для жыхароў і гасцей пасёлка, бераглося і цанілася. Прыгажосць муралаў настолькі арганічна ўпісалася ў каларыт архітэктуры Целяхан, няхай гэта пабачаць і наступныя пакаленні, а таленавітым і творчым людзям, якія ўвесь вольны час гэтым летам прысвяцілі роднаму пасёлку і яго аздабленню, – шчырае дзякуй.
Марыя Сазонава, фота аўтара.