Надзея краіны
13 школьнікаў раёна атрымалі пашпарты падчас акцыі «Мы – грамадзяне Беларусі!»
Напярэдадні важнага свята – Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – 14-гадовыя дзяўчаты і хлопцы ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі галоўны афіцыйны дакумент. Вялікая зала райвыканкама назаўсёды стала для самых актыўных і таленавітых школьнікаў месцам своеасаблівага сталення. С гэтага моманту яны паўнавартасныя ўдзельнікі грамадзянска-прававых адносін, цяпер яны займелі шэраг правоў і абавязкаў.
Пасля таго, як прагучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, з прывітальным словам да моладзі звярнуўся намеснік старшыні аблвыканкама Вадзім Альшэўскі. Паважаны госць пачаў з віншаванняў прысутных з адным з галоўных дзяржаўных святаў – Днём Канстытуцыі:
– Мне вельмі прыемна напярэдадні такога важнага свята для нашай краіны ўручыць першы дакумент грамадзянам Рэспублікі Беларусь. Невядома, у які куток нашай краіны вас закіне лёс, але заўсёды з гонарам нясіце званне беларуса. Кожны дзень сваёй дзейнасцю пацвярджайце яго. Міру вам, спакою і запалу ва ўсіх справах!
– Пашпарт – гэта не проста кніжка з фотаздымкам і вашымі асабістымі дадзенымі, гэта сімвал вашага сталення і прыналежнасці да нашай Радзімы – Беларусі, – адзначыў кіраўнік раёна Уладзімір Бялоў. – Няхай гэты дзень стане для вас, хлопчыкі і дзяўчынкі, зыходнай кропкай у новае, цікавае і насычанае жыццё. З Днём Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь!
У зале гучыць урачыстая музыка, і вось усе яны, юныя беларусы, ужо з пашпартамі! Традыцыйна прысутная моладзь атрымала ў падарунак Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і памятныя кнігі «Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь», іх з самымі шчырымі віншаваннямі школьнікам перадалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Краўчук і пракурор Івацэвіцкага раёна Аляксандр Хоміч.
З асаблівым хваляваннем адказнае слова ад усіх прысутных юнакоў і дзяўчат трымала Яўгенія Пакала з ДУА «СШ № 3 г. Івацэвічы»:
– Магу ўпэўнена сказаць: мы любім сваю краіну, Брэстчыну, свой горад! Мы дзякуем дарослым за мірнае неба і такую моцную і незалежную краіну. Сёння для нас сапраўды вызначальны дзень, цяпер мы маем галоўны дакумент, які дадае нам не толькі правы, але і абавязкі. Абяцаем працаваць дзеля росквіту нашай Беларусі!
Між тым у гэты дзень па ўсёй краіне прайшлі ўрачыстыя цырымоніі ўступлення ў рады грамадскіх аб’яднанняў. Дзесяць другакласнікаў нашага раёна ўступілі ў рады акцябрат, на іх камізэльках з’явіліся зорачкі, а гэта значыць, што цяпер яны ўступілі ў дружны піянерскі рух. Яшчэ 12 школьнікаў у гэтай зале сталі ў той дзень піянерамі.
Сучасныя смарт-білеты ГА «БРСМ» 23 юнакам і дзяўчатам уручылі намеснік старшыні райвыканкама Святлана Завадская і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Юлія Сяўко. Смарт-білеты з QR-кодам і NFC-чыпам – добрая альтэрнатыва папяровым, яны дазваляюць хутка рэгістравацца на мерапрыемствы, збіраць бонусы, карыстацца пэўнымі зніжкамі.
Са шчырымі віншаваннямі членскія білеты РА РГА «Белая Русь» новым актывістам уручыў старшыня раённай арганізацыі Дзяніс Пакалюк.
Традыцыйнае агульнае фота на памяць у фае райвыканкама, і цырымонія ўручэння пашпартоў ужо стала для моладзі хвалюючым успамінам. Няма сумненняў у тым, што яны, прызёры алімпіяд, удзельнікі конкурсаў і тэлепраектаў, дакладна разумеюць – у іх настаў новы этап жыцця, больш сур’ёзны і адказны.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ. Фота Сяргея МАЧАЛАВА.


















