x
Close
Главная новость Культура Новости Общество

Народнаму майстру Рэспублікі Беларусь Ніне Тысевіч – 85

Народнаму майстру Рэспублікі Беларусь Ніне Тысевіч – 85
  • Опубликовано:12 января, 2023

У сябровак Ніны Мікалаеўны аўтар радкоў з парога запытала пра юбілярку, а яны ў адзін голас: «Яна адна такая на ўсё Аброва. Роўнай ёй у Аброве, ды дзе ў Аброве, ва ўсёй Беларусі не знойдзеш. Такая спраўная жанчына, такая рэкардсменка! Самі пабачыце».

Скажу па праўдзе, праз некалькі гадзін згадзілася, што такой жанчыны ў сваім жыцці я яшчэ не сустракала. Харошых, дастойных, добрых, працавітых і таленавітых людзей бачыла многа, а такіх, як Ніна Мікалаеўна Тысевіч, – адна. Агонь-жанчына. Жанчына-цуд. Жанчына-талент. Сама працавітасць і сама дабрыня. Многія госці, не толькі сваякі і сяброўкі, а і іх дзеці, якія былі ў яе на юбілеі, казалі, што для нас яна як мама. Прызнаюся, і я, хоць сустрэліся мы ўпершыню, адчувала сябе на свяце, якое ладзілася ў Раство Хрыстова, бы дома ў роднай матулечкі.

І ноч, і дзень думала потым, як такое можа быць, каб адзін чалавек быў для людзей такой крыніцай натхнення? Адкрываю кніжачку Свяціцеля Іаана Залатавустага, якую падарылі мне на Каляды, і, о цуд, знаходжу адказ: «Крыніцы, чым больш іх чэрпаюць, тым больш напаўняюцца чыстай вадой, і, наталяючы смагу ўсіх, цякуць невычарпальным струменем з зямных нетраў». Ніна Тысевіч і ёсць тая чыстая крыніца, якая не зайздросціць, якая аддае людзям усё, што мае, і галоўнае – ад душы. І чым больш аддае, тым больш Бог дае ёй сіл. Яна служыць людзям напоўніцу, а гэта такі каштоўны прыклад для родных, вяскоўцаў і ўсіх, хто сустрэўся на яе шляху хоць аднойчы.

Чырвоная дарожка
Ніну Мікалаеўну Тысевіч, народнага майстра народнай творчасці краіны, любяць работнікі культуры. І, вядома, у дзень святкавання юбілярку хацелі парадаваць – прыдумалі выхад яе ў залу па чырвонай дарожцы. Паабапал выстраіліся госці і віталі яе выхад апладысментамі, як прынята вітаць самых вялікіх зорак.

І якая асалода была бачыць, як Ніна Мікалаеўна танцавала вальс з загадчыцай Аброўскага СДК, а потым яшчэ з унукам. А далей у мяне вочы былі па пяць капеек. Як жанчына ў свае шаноўныя 85 вальсіравала з сынам Васілём, дочкамі, стрыечнымі пляменніцамі з Калінінграда, з артыстамі Пінкавіцкага СДК, якія калядным віншавальным сюрпрызам ад дачкі прыехалі на свята ў Аброва. А Ніна Мікалаеўна прадаўжала здзіўляць, бо спявала з адной сяброўкай задорныя частушкі наперабой з пінкавіцкімі артысткамі, з другой сяброўкай выводзіла старадаўнюю песню пра Раство Хрыстова.

17 гадоў, прызналася Ніна Мікалаеўна няўзнак, яна выступала ў мастацкай самадзейнасці Аброўскага СДК. Толькі ўявіце, што пасля цяжкай працы, маючы пяцёра дзетак, гаспадара, вялікую гаспадарку, яна ішла на спеўкі, а потым, калі пабудавалі клуб, – у клуб спяваць. Бо душа хацела песні, хацела спяваць для людзей – і спявала. Многа гадоў радавалі і радуюць аднавяскоўцаў вакальны ан-
самбль «Абраўчанка», які ў свой час куды толькі не ездзіў на гастролі: і ў Мінск, і ў Луцк, і ў Баранавічы, Пінск і іншыя гарады і сёлы роднай Беларусі.

Мы запыталі ў Ніны Мікалаеўны: «Якая песня Ваша любімая?» Яна адказала: «Не злічу, многа любімых. І матчына калыханка, і старадаўнія песні, і цяперашнія эстрадныя – усе цудоўныя. Люблю пра вёску, долю, каханне. Я ж з Аброва. А ў нас усе пяюць! Ці вы не ведаеце?»

І спявае яе душа і цяпер. Шчымела сэрца: клад – жанчына, трэба хадзіць за ёй услед, каб сабраць і захаваць для нашчадкаў такі брыльянт.

«Не магу ні дня пражыць, каб не кальнуць іголкай»
Ніне Тысевіч званне народны майстар Рэспублікі Беларусь было прысвоена ў 2009 годзе. Яна першая ў нашым раёне атрымала такі ганаровы статус. Як навучылася вышываць і ткаць, і сама ўжо не памятае. Як не ведае яна, адкуль у яе талент маляваць.

– Некалі было модна вышываць хусткі, кашулі, то да мяне прыходзілі аброўскія жанчыны, каб я намалявала ўзоры. І я малявала і малюю і цяпер узоры для ручнікоў, – кажа жанчына. – Маляваць мяне ніхто не вучыў, але атрымліваецца ўсё, што мне хочацца намаляваць і вышыць.

– Я ж без вышывання, як алкаголікі без шклянкі, не магу, каб не кальнуць іголкай. Ты мяне прывяжы, дай работы на цэлы дзень, то я ноччу буду вышываць, – прызнаецца Ніна Мікалаеўна.

– Яна да гадзіны ночы вышывае, – пацвердзіла сяброўка Вольга Калтуневіч, з якой яны не разлі вада 65 гадоў. – Я да яе прыходжу штодзень, сяджу, гляджу, як яна вышывае. Без справы яе нельга ўбачыць.

Прычым, казала яна сама, рукі шыюць адно, а ў галаве нараджаюцца ўжо новыя ўзоры. Так вышываць можа толькі чалавек, які бачыць цудоўнае ва ўсім: і ў людзях, і ў прыродзе. Нітачка да нітачкі гладдзю, крыжык да крыжыка – і з’яўляюцца цуды: ручнікі, навалачкі, прасціны, накідкі, тонка вытканыя палавікі і палавічкі і іншае рукадзелле. «Калі трапляеш да Ніны Мікалаеўны дадому, то святло творчасці і неверагоднай прыгажосці зыходзіць на цябе і ты адчуваеш сябе шчаслівым, як у дзяцінстве. Тут, у гэтай хаце, жыве нацыянальны каларыт. Тут крыніца цудаў, – казала пра жанчыну метадыст ДУК «Івацэвіцкая раённая клубная сетка» Алена Цітова. – І калі садзіцца вышываць жанчына, то прыгожа апранаецца. І абавязкова пацеркі на шыі».

Якіх толькі работ у яе няма, а колькі іх яна падарыла людзям! Не лічыла, але наўскідку за сваё творчае жыццё жанчына выткала больш за 50 радзюжак, ходнікаў, вышыла звыш 300 ручнікоў, падузорнікаў і карцін. А колькі яшчэ вышые! Яе выстаўка работ, і не адна, знаходзіцца ў Аброўскім СДК, яе ручнікі аздабляюць абразы ў аброўскім Свята-Міхайлаўскім храме.

Яскравыя, насычаныя па колеры, гладдзю і крыжыкам – ну проста вачэй не адвесці. Аўтарскія работы Ніны Мікалаеўны знаходзяцца ў калекцыях жыхароў з ЗША, Германіі, Польшы, Бельгіі, Расіі і па ўсёй Беларусі. Вось і на гэты раз яна не здрадзіла сваёй традыцыі – дарыла свае ручнікі гасцям. Прызнаюся, і мне ручнік падарыла, ад душы, як дарагому чалавеку. Прыгожы, а памяць якая!
За гады творчасці было шмат і шмат узнагарод, пералічыць усе проста немагчыма, бо набярэцца іх не адзін дзясятак. Летась захапляўся яе работамі і самой жанчынай Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч, які прыязджаў у раён.

І ўспомнілася, што гэтую акуратную і прыгожую жанчыну я бачыла на Намскі Вялікдзень у Аброве. У шкарпэтачках, хустцы-кушняроўцы, яна з жанчынамі несла «хатку» з абразом Божай Маці па Аброве, тую, што аберагае вёску ад бед і няшчасцяў. Вось адкуль бярэ пачатак яе крыніца творчасці. Сама Божая Маці ёй заступніца.

Прычэп дроў – за тры дні
Трымайцеся! Гэтая жанчына ў свае 85 перад Калядамі заказала прычэп дроў і… сама іх пакалола за тры дні. Калі дакладней, за тры з паловай дні. Не кожны мужчына падужае такі прычэп пераваліць, а яна – калі ласка.

Гэта не значыць, што ёй дзеці не хочуць дапамагаць. Дапамагаюць, але за такім энерджайзерам і дзецям не ўгнацца. Пакуль прыйшлі выхадныя – дровы былі ўжо ўладжаны. І ўявіце, я то не магу: напрацаваўшыся, яна яшчэ да ночы вышывае…

«Дзякаваць Богу, здужаю», – казала яна мімаходзь і, жартуючы, а мо і не, абяцала на сваё 90-годдзе два прычэпы пакалоць. Вельмі цёпла родным, і дачушкам, і сыночкам, што ў іх ёсць такая матуля. Пяшчотная і добрая, строгая і вясёлая, для якой праца – сэнс жыцця.

Карані як дубы
Карані ў Ніны Мікалаеўны моцныя, як маладыя дубы. Маці Ніны Мікалаеўны, Соф’я Андрэеўна, родам са Спорава, мястэчка, дзе да сялянскай працы людзі таксама гарачыя. Менавіта тут, Соф’я, па-мясцоваму Зося, сустрэла свой лёс, свайго гаспадара – Мікалая Пятровіча. Вяселле гулялі, як прынята на Палессі, і ў Спораве, і ў Аброве. Пасля яго малады муж прывёз гаспадыню ў вёску Аброва, і з таго часу вёска стала сямейным гняздом для іх роду.

У сям’і Тысевічаў нарадзілася двое дзяцей – Ніна і Мікалай. Ды ў хуткім часе пачалася Вялікая Айчынная вайна. Ніне было пяць гадоў, брату – два месяцы, калі яны засталіся без бацькі. З ранняга дзяцінства Ніна спазнала смак салёнага поту, але прага да жыцця была вялікая. У тыя пасляваенныя гады дзеці не ведалі смаку цукерак, не ведалі і вольнага часу, бо дзяцінства ў іх проста не было. Трэба было дапамагаць маці: дровы з лесу санкамі вазіць, сена касіць, варочаць ды ў стажкі скідваць…

Гадоў з 13-ці наша гераіня босымі ножкамі праз канаўкі і ляскі, праз Вульку-Аброўскую хадзіла з сяброўкамі ў Івацэвічы, а гэта кіламетраў 20, па хлеб. І ў сонца, і ў дождж. Начавалі на вакзале, па чарзе на голай падлозе. І было тое шчасце, калі можна было здабыць пяць боханаў хлеба. І было тое гора, калі не даставалася ніводнага.

А потым Ніна ўладкавалася нянькай у Івацэвічы. Спачатку глядзела дзяцей ваеннага, потым – кінамеханіка. Але не толькі даглядала дзятву, а яшчэ мыла бялізну, варыла, насіла абеды гаспадарам на работу. Маладая, спрытная, мусіла паспяваць усюды.

Праз некаторы час сяброўкі запрасілі Ніну капаць бульбу людзям, больш грошай плацілі, і, канешне, яна пайшла. Пайшла і была першай сярод іх. Першай была і першай ёсць і зараз.

Чаго толькі не было ў яе жыцці. Каб падзарабіць капейчыну, паехала з дзяўчатамі ажно ў Днепрапятроўскую вобласць. Набралася такіх ахвотнікаў чалавек 15. Божачкі-Божа! Вугаль грузілі, калодзежы капалі, авечак у балках купалі і стрыглі, салому загружалі, валамі вазілі… Усё б нічога, але навалілася засуха. Заплацілі капейкі. Трэба было вяртацца дамоў. Ехалі праз Кіеў. На грошы, што зарабіла на чужбіне, купіла Ніна коўдру. Хапіла толькі на яе. Але яна не сумавала. Яна ж везла дамоў новую цёплую ватнюю кодру!

Іванка, мой Іванка…
Калі прыехала дамоў, зноў ірванула працаваць. І гэтай жа зімою, на вячорках, сустрэлася Ніна з ім – кучаравым, чарнавокім гарманістам – Іванам Іванавічам Тысевічам. Адным словам, прапала дзеўка. І ён прапаў. У 17 гадоў пайшла замуж! Вяселле гулялі на Тройцу. Пражылі разам 63 гады. Гаспадар Ніны Мікалаеўны Іван Іванавіч заўсёды хацеў пабудаваць сваю хату, свой моцны сямейны каўчэг. А дзеля таго працаваў і працаваў. Ездзіў па заробках ва Украіну, у суседнія вёскі, і праз час збылася яго мара – ён паставіў такі дом. Дом, у якім жыць добра было шчасцю.

Шчасце любіць працавітых
23 гады Ніна Мікалаеўна аддана працавала даяркай, а ў перапынках, калі не трэба было даіць каровак, шчыравала ў брыгадзе, дзе разгружала шуфлем соль, цэмент, угнаенні…

Уявіце, ніводнага разу жанчына не была ў дэкрэце. Бо дэкрэтаў не было. І з малым дзіцём хадзіла жаць жыта за сем кіламетраў ад вёскі! Як кажуць, жала бедная, не ляжала. Не было калі ляжаць. І ніколі не скардзілася на жыццё, а вера ў Бога дапамагала працаваць, жыць і радзіць. Нарадзілі і выгадавалі Тысевічы пяцёра дзяцей. Багата Ніна Мікалаеўна ўнукамі – іх сямёра, і праўнукамі – іх дзевяць.

Ад іх, у знак удзячнасці, юбілярка атрымала сімвалічны медаль чэмпіёнкі сям’і, працы і мастацтва. А вакальная група Аброўскага СДК і іншыя самадзейныя артысты з Аброва і Вулькі-Аброўскай дарылі юбілярцы пранікнёныя песні, што расчуленая юбілярка раз-пораз змахвала з вачэй няпрошаную слязу.

Самае дарагое для маці
Вядома, для кожнай маці радасць – дзеці. У дзецях і Ніна Мікалаеўна душы не чуе. Першую дачушку Вольгу Ніна Мікалаеўна нарадзіла ў студзені 1956 года. У гэты дзень цяжарная жанчына паехала ў лес, насекла дроў, прывезла дамоў, напаіла карову, і, дзякуй Богу, Волечка нарадзілася, як сонейка. Зараз старэйшая дачка жыве ў горадзе Вольску Саратаўскай вобласці з мужам Аляксандрам, мае дваіх дзяцей: дачушку Юлію, якая працуе медсястрою, і сына Ілью, ваеннага, і дваіх унукаў. Прыехаць на свята яны не змаглі, але перадавалі шчырыя прывітанні.

Сын Васіль нарадзіўся ў 1957 годзе. Усё сваё жыццё жыве і працуе трактарыстам, шафёрам у Аброве. Ён застаўся тут, каб быць гаспадаром на роднай зямлі і разам з жонкай Марыяй, вядомай даяркай, выхоўваць дачку Інгу і сына Васіля, быць побач з мамай. Іх сын, Васіль – выдатны трактарыст, як і бацька. Дзеці жанатыя, таму нявестцы Святлане і зяцю Сяргею ганарова было парадніцца з такім працавітым родам. І пяцёра Васілёвых унукаў стараюцца, каб не падводзіць любую прабабулю.

У 1960-м годзе з’явілася на свет Галіна. Прыгожая, працавітая, сёння яна жыве ў Магілёве разам з зяцем Георгіем – ваенным, мае дачушку Юлію і сына Дзмітрыя, унукаў – Кірыла і Лізавету.

У 1964 годзе нарадзіўся сын Мікалай, названы ў гонар вялікага святога. Такі светлавалосы, такі сціплы, добры, працавіты. Сумленна працуе ён у мясцовай гаспадарцы і жыве разам з матуляй.
Бог даў нарадзіць Ніне Мікалаеўне яшчэ адну дачушку – Аленку. Прыгожую, бы раначак, пяшчотную, чулую, разумную. Сёння Алена Іванаўна жыве з мужам Васіліем у Мінску, працуе ў банку. А іх сын Дзмітрый – малодшы ўнук Ніны Мікалаеўны. Як бабуля жартуе: «Айцішнік. Многа ведае, мала кажа – прафесія такая».

Радня, сяброўкі і рэкорды
Скажыце, у вас многа сяброў? А ў Ніны Мікалаеўны Тысевіч сябровак – гаць. Ёсць сярод іх такія, да якіх давер, як да сябе, і для якіх хата не зачыняецца. Сяброў у Ніны Мікалаеўны заўсёды было шмат. Яна цудоўная гаспадыня. Гатуе – пальчыкі абліжаш. І дзяцей навучыла так. І пірагі, і каўбасы, і грыбочкі, і сырочкі, і налівачка – усё, што душа жадае. Ветлівая, добразычлівая, паважлівая да суседзяў, землякоў, да ўсіх – з любоўю. Таму, што ва ўсіх абраўцоў кроў адной групы. Першая – аброўская. «Праўда, праўда!» – згаджаліся і метадысты.

А ці часта гасцююць у вас сваякі? Стрыечныя? А да Ніны Мікалаеўны ажно тры стрыечныя сястры прыкацілі з Калінінграда. І браціхі, і іх дзеці – усе засыпалі Ніну Мікалаеўну падарункамі ад душы. І метадысты на чале з дырэктарам ДУК «Івацэвіцкая раённая клубная сетка» Людмілай Молаш шчыра віталі майстра з вялікай літары, гонар і пашану раёна Ніну Тысевіч, віншавалі з падарункамі, кветкамі і граматамі.

Гэтую рухавую жанчыну ну проста нельга не любіць. А якая яна ягадніца! Рэкорд гэтага лета – 28 кілаграмаў чарніц за дзень. А на заробленыя грошы яна едзе ў Івацэвічы купляць ніткі і тканіну для новых вышывак.

Вось такі ён сапраўдны аброўскі рух. І 85 – гэта не ўзрост! А самае галоўнае, юбілей у Ніны Тысевіч быў 1 студзеня, але тады быў пост, а на Каляды – гуляй, весяліся душа. З Богам!

Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.