Не здрадзіць памяці аднавяскоўца
24 красавіка 1944 года пры выкананні баявога задання, падрываючы нямецкі эшалон, загінуў Мікалай Гойшык.
З гэтай нагоды вучні ДУА «Воленская сярэдняя школа» менавіта тут, ля помніка юнаму партызану, сабраліся на «Час ушанавання подзвіга героя», на якім яшчэ прысутнічалі супрацоўнікі гісторыка-краязнаўчага музея горада Івацэвічы Антаніна Молаш і Мікалай Зыбайла.
Мікалай Гойшык пражыў кароткае, але яркае жыццё. У школе адным з першых уступіў у піянеры, як і ўсе дзеці, марыў стаць даследчыкам прыроды, але мары камсамольца так і не збыліся. Нарадзіўся Мікалай на хутары каля в. Воля, наведваў пачатковую школу в. Яблонка. З пачаткам вайны Коля, яго бацька Васіль Дзям’янавіч -старшыня сельскага выканкама (пазней немцы расстралялі на парозе хаты), маці Вольга Андрэеўна і сястра Ніна – усе працавалі ў падполлі, былі разведчыкамі, сувязнымі.
Пасля смерці бацькі ў Колі не было выбару: толькі помста захопнікам, толькі барацьба! Так пятнаццацігадовы падлетак разам з сям’ёю апынуўся ў атрадзе № 112, камандзірам якога быў Аляксей Чарткоў.
Коля пад выглядам простага сялянскага пастушка хадзіў у разведку, збіраў неабходныя звесткі для партызан аб колькасці і месцах дыслакацыі ворагаў, перадаваў знойдзеную зброю, падлічваў варожую тэхніку і распаўсюджваў лістоўкі.
Падчас мерапрыемства пранікнёна чыталі дзеці радкі з вершаў на ваенную тэму, а супрацоўнікі музея нагадалі біяграфічныя звесткі з жыцця юнага героя-антыфашыста, назвалі яго ўзнагароды.
Закончылася сустрэча ўшанаваннем памяці героя хвілінай маўчання і ўскладаннем кветак. Гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым!







