Болей за 2 800 кіламетраў пераадолелі ўдзельнікі аўтапрабегу пад назвай «Ніхто не забыты, нішто не забыта» з горада расійскага флоту Севераморска да Брэста. Ён праходзіў з 28 мая па 5 чэрвеня, мэта – аддаць даніну павагі героям Вялікай Айчыннай вайны, якія загінулі, абараняючы Айчыну. Па гэтым маршруце яны правезлі копію сцяга Перамогі з гільзай з зямлёй, якая набраная з брацкай магілы ў Даліне Славы.
Удзельнікі акцыі наведалі ў мінулую суботу, 4 чэрвеня, і нашы Івацэвічы, помнік ваенных маракоў каля будынка райвыканкама і помнік воінам-вызваліцелям у скверы па вул. Савецкай. Былі ўскладзены кветкі, да прысутных звярнуліся генерал-маёр Мікалай Бойка – прадстаўнік расійскай дэлегацыі, і Леанід Бысік – кіраўнік Івацэвіцкай раённай арганізацыі ваенных маракоў. Дарэчы Леанід у свой час служыў у Севераморску, гэты горад яму, як некаторым нашым землякам, не чужы. Члены арганізацыі ваенных маракоў раёна са сцягамі і іншай сімволікай актыўна і шчыра віталі ўдзельнікаў аўтапрабегу. Прадстаўнікі расійскай дэлегацыі ў сваю чаргу выказалі ўдзячнасць беларусам і, у прыватнасці, жыхарам Івацэвіччыны, за тое, што захоўваецца належным чынам гістарычная памяць, вядзецца актыўная патрыятычная работа.
Пасля ўдзельнікі аўтапрабегу накіраваліся ў Брэст, дзе ўсклалі вянкі і кветкі да Вечнага агню ў Брэсцкай крэпасці.
Аляксандр ГОРБАЧ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.