Новая ферма – новыя магчымасці

Будаўніцтва МТК «Перавалока» ДП «Э/б «Майск»дазволіла павялічыць надоі малака ў два разы.
У Івацэвіцкім раёне развіццю малочнай жывёлагадоўлі надзяляюць асаблівую ўвагу. Нагадаем, па выніках 2024 года ў абласным спаборніцтве раён займае другое месца па вытворчасці і рэалізацыі малака. А напаўняюць вялікую малочную раку раёна дзясяткі ферм, сотні работнікаў якіх працуюць не пакладаючы рук для дасягнення высокіх рэзультатаў.
Здаецца, яшчэ зусім нядаўна ДП «Эксперыментальная база «Майск» трымалася ў канцы раённай зводкі па многіх паказчыках, у тым ліку не магло і пахваліцца надоямі. Сельгаспрадпрыемства яшчэ ў 2019 годзе ўключана ў пералік неплацежаздольных і знаходзіцца на фінансавым аздараўленні. Адным з крокаў да такога аздараўлення стала будаўніцтва малочнатаварнага комплексу «Перавалока» з дзяржаўнай падтрымкай.
– Да будаўніцтва на МТК каровы знаходзіліся на прывязным утрыманні, – расказвае намеснік дырэктара ДП «Э/б «Майск» па вытворчасці і ідэалагічнай рабоце Валерый Іваноўскі. – Некамфортна было і пагалоўю, і работнікам фермы. Мадэрнізацыю пачалі ў пачатку 2024 года. Пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю ў канцы 2024 года даільна-малочны блок і адно памяшканне для ўтрымання буйной рагатай жывёлы на 320 галоў.
Укладзеныя сродкі ўжо пачалі сябе апраўдваць: за некалькі месяцаў сярэднясутачны надой ад адной каровы вырас у два разы і сёння складае 25 кг! Калі да рэканструкцыі малако рэалізоўвалі першым сортам, то зараз на МТК «Перавалока» выйшлі на стопрацэнтнае экстра. А гэта, адпаведна, рост прыбытку і заработнай платы работнікаў.
На днях з работай абноўленага аб’екта пазнаёміліся і карэспандэнты раёнкі. Першае, што кідаецца ў вочы, – светлыя і ўтульныя памяшканні для работнікаў: кабінеты лабаранта, загадчыка, бытавое памяшканне, памяшканне для прыёму ежы, душавыя.
Даільны блок, які разлічаны на 40 галоў, аснашчаны даільным абсталяваннем «Вестфалія». Тут працуе два асноўныя аператары машыннага даення – Святлана Ярмашэвіч і Наталля Ярмашэвіч (дарэчы, сёстры) і адзін падменны – Святлана Снітко. У малочным блоку, які ззяе чысцінёй, знаходзіцца два халадзільнікі ёмістасцю 10 тон і адзін – пяць тон. З трох халадзільнікаў пакуль запатрабаваны два, аднак з будаўніцтвам яшчэ двух памяшканняў пад утрыманне БРЖ тут плануюць выйсці на поўную магутнасць.
– Рэалізацыя праекта па будаўніцтве МТК «Перавалока» працягваецца і ў гэтым годзе, што дазволіць перавесці ўвесь дойны статак, а гэта каля 1000 галоў, у новыя камфортныя ўмовы ўтрымання. Зараз вядуцца работы па будаўніцтве другога памяшкання і растарфоўка пляцоўкі для трэцяга. Над аб’ектам працуе брыгада Івацэвіцкай ПМК-11, – дзеліцца становішчам спраў і планамі Валерый Генадзьевіч.
Праект таксама прадугледжвае будаўніцтва васьмі сіласна-сянажных траншэй, дзве з іх ужо завершаны. Пасля «Перавалока» будзе ўяўляць сабой малочнатаварны комплекс з замкнутым цыклам узнаўлення статка.
Заглянулі мы і ў новы кароўнік – тут якраз праводзілася вячэрняе кармленне. Новенькі кормараздатчык «Амкадор» сельгаспрадпрыемства атрымала ў падарунак ад вобласці на мінулагодніх «Дажынках». У памяшканні прадугледжана сістэма вентыліравання з магчымасцю воднага арашэння дробнымі воднымі каплямі – яна засцеражэ статак ад празмернай гарачыні летам.
Па дагледжаных кароўках відаць, што з камфортам і кармамі ўсё ў парадку. Зараз у іх рацыёне кукурузны сілас, сянаж, канцэнтраваныя кармы.
Атрымліваецца, карову добра накармілі і забяспечылі ёй камфорт – вось і аддзячыла яна прадукцыйнасцю. Сярод фактараў рыўка наперад адзначае Валерый Іваноўскі і навядзенне дысцыпліны на вытворчасці, а таксама і такі стымул, як рост заработнай платы.
Калектыў МТК «Перавалока» налічвае 10 чалавек. Тон у рабоце задае загадчык Алена Брызгунова, якая працуе ў сельгаспрадпрыемстве больш за 40 гадоў, з іх 23 гады – на пасадзе загадчыцы.
– За апошні час сітуацыя значна памянялася да лепшага, можна сказаць, напалову палегчылася наша праца. Раней уручную раздавалі муку, выграбалі гной. Цяпер неабходнасць у гэтым адпала – чыстку выконвае тэхніка.
Паступовымі крокамі добраўпарадкуецца і прылягаючая тэрыторыя: падчас суботніка тут шчыравалі і работнікі сельгаспрадпрыемства, і ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, разам высадзілі алею елак, а на днях плануюць падсеў травы.
– Як сказаў Прэзідэнт, малако – гэта наша золата. Гэта, безумоўна, так. Аднак я б хацеў дадаць, што і людзі – наша золата, бо якімі б не былі ўмовы працы, без добрасумленных работнікаў нічога не атрымаецца, – кажа Валерый Іваноўскі.
Да канца гэтага года плануецца завяршэння будаўніцтва другога памяшкання МТК «Перавалока» і перавядзенне астатняга пагалоўя ў такія ж камфортныя ўмовы. Матэрыяльна-тэхнічная база для паляпшэння вытворчых паказчыкаў умацоўваецца, працаўнікам сяла застаецца толькі працаваць, не збаўляючы тэмпаў. «ІВ» будзе сачыць за развіццём падзей у ДП «Э/б «Майск» і, спадзяёмся, расказваць пра новыя працоўныя поспехі.
Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.


