Пачалася сяўба азімага рапсу
У гарачым рытме работы ў палях сельгаспрадпрыемстваў раёна не спыняюцца ні на дзень. Паралельна з уборачнай кампаніяй вядзецца корманарыхтоўка, ворыва, а зараз наступіў агратэхнічны тэрмін і для сяўбы азімага рапсу. Пад алейную культуру ў гаспадарках раёна адведзена 3 800 га. У ліку першых да сяўбы прыступілі ААТ «Мілейкі», «Целяханы-агра», «Святая Воля» і Эксперыментальная база «Майск», куды мы наведаліся ўчора.
У полі за аг. Любішчыцы сеяў рапс Аляксандр Ярмашэвіч на энерганасычаным трактары МТЗ-3522, за руль якога ён перасеў некалькі дзён таму з зернеўборачнага камбайна. Пасяўныя работы і новую тэхніку даверылі вопытнаму механізатару з 15-гадовым стажам, які, па словах кіраўніцтва гаспадаркі, да работы адносіцца адказна і старанна, а падчас уборачнай часта трапляе ў раённую зводку ў ліку лепшых камбайнераў.
– Трактар абсталяваны спадарожнікавым навігатарам і камп’ютарнай сістэмай, якая выстаўляе арыенціры, і гэта дапамагае пазбегнуць прасеваў, ды і ўсходы потым атрымліваюцца ідэальна роўныя, – кажа механізатар.
А камфорту ў кабіне дадае сістэма кандыцыяніравання, асабліва цяпер, калі жнівеньскія дні гарачыя, ды і не трэба дыхаць пылам, што ўзнімаецца слупам пасля праходжання сеялкі.
Як паведаміў галоўны аграном Э/б «Майск» Васілій Папчэня, пад азімы рапс у гаспадарцы адведзена 400 га, у параўнанні з мінулым годам плошчы засталіся такім ж. 80 працэнтаў плошчаў сельгаспрадпрыемства займаюць тарфянікі, сёлета яны былі падвергнуты вясеннім замаразкам, таму цяпер прынята рашэнне сеяць толькі азімы рапс, ён больш устойлівы да капрызаў надвор’я, чым яравы.
На полі, дзе вялася сяўба, рос яравы ячмень, які з’яўляецца добрым папярэднікам для рапсу. Тут праведзены перадпасяўныя работы: унесены хлорысты калій, фосфар, суперфасфат, праведзена ворыва, а затым яшчэ ўнесеныя азотныя ўгнаенні. Як і ў мінулым годзе, перавагу аддалі гібрыднаму насенню INVIGOR 1165.
– Сяўбу азімага рапсу важна правесці ва ўстаноўленыя тэрміны, каб усходы былі дружнымі, да халадоў набраліся сіл і змаглі добра перазімаваць. Думаю, за 10 дзён з сяўбой справімся, – адзначае Васілій Мікалаевіч.
Сёлета ў ДП «Эксперыментальная база «Майск» атрымалі 23 ц/га алейнай культуры. На наступны сезон у аграрыяў большыя спадзяванні, для гэтага яны гатовы прыкласці максімум намаганняў, галоўнае, каб не падводзіла толькі надвор’е.
Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.







