Пафарбавалі дом удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны

9 красавіка стартавала рэспубліканская акцыя «30 дзён да Перамогі». Прадстаўнікі Івацэвіцкай раённай арганізацыі «Белая Русь» далучыліся да акцыі і на гэтым тыдні пафарбавалі дом удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны Яўгеніі Антонаўны Сіткевіч з в. Харошча.
Жанчыне сёлета споўніцца 98 гадоў, яна жыве адна, але не засталася без клопату і дапамогі: амаль штодня да яе наведваюцца дзеці, тры разы на тыдзень аказвае паслугі сацыяльны работнік.
Матэрыялы для фарбавання дома выдзеліў Мілейкаўскі сельвыканкам. Актывісты «Белай Русі» са сваёй задачай справіліся хутка і зладжана і, канешне, павіншавалі Яўгенію Антонаўну з надыходзячым Днём Перамогі.
– Справа з фарбаваннем дома – гэта наша праяўленне клопату і адна з магчымасцяў аказаць увагу тым, хто здабываў для нас Перамогу, – выказала думку старшыня пярвічнай арганізацыі РА РГА «Белая Русь» ДУ «Івацэвіцкі ТЦСАН» Вікторыя Мялік.