Аб’яўлены збор сродкаў на помнік нашаму знакамітаму земляку Анатолю Галушку
Час няўмольна бяжыць, але памяць пра Анатоля Галушку, славутага сына Івацэвіччыны, Ганаровага грамадзяніна Івацэвіцкага раёна, паэта, эсэіста, ушанаванага за творчасць абласной літаратурнай прэміяй імя Калесніка, члена Міжнароднай асацыяцыі мастакоў-інвалідаў, застаецца ў сэрцы маці, родных, сваякоў, сяброў, паплечнікаў і землякоў.
Не мы выбіраем, а нас выбірае лёс. Трэба было так здарыцца, што на зары юнацтва, калі ў кішэні было ўжо запрашэнне на вучобу ў жаданую мараходку, Анатоль Галушка атрымаў траўму пазваночніка. Ён ішоў на раку развітацца з любімай Шчарай, а яна яго пасля нырца «не адпусціла». Урачы яму прарочылі жыць некалькі месяцаў, а Толік з яго прагай жыцця, з яго светлым сэрцам пражыў больш за сорак гадоў. Ён не ўстаў з ложка, але ўсе, хто яго наведваў, хто пераступаў парог хаты Галушкаў, натхняўся жаданнем жыць і рабіць дабро. Анатоль лёгка і проста ўмеў падтрымаць добрым словам, быў уважлівым слухачом і дарадцам. У яго кампаніі гадзіны ляцелі, як птушкі, і не хацелася развітвацца…
Ён быў прыкладам мужнасці, бо як ні кажы, прыкаваны да ложка чалавек многа цярпеў фізічнага болю, але так, што ніхто і не падазраваў аб гэтым, акрамя ўрачоў і маці.
Ён быў прыкладам дабрыні і таленту. Свае малюнкі, а потым карціны ў большасці дарыў. Так, яго вялікая калекцыя карцін была адпраўлена ў рэспубліканскі дзіцячы анкалагічны цэнтр. Яго карціны ўпрыгожвалі выстаўкі, якія ладзіліся ў роднай вёсцы Магіліцы, у райцэнтры і суседніх раёнах і нават у Палацы Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Анатоль Галушка любіў жыццё, любіў прыроду, любіў кожны куточак Шчары, і калі шчасціла выехаць з братам на прагулку, трымаў у памяці любыя краявіды і пісаў пейзажы такімі, якімі яны жылі ў яго сэрцы. Карціны атрымліваліся надзвычай пяшчотнымі, роднымі ўсім, хто любіў вясковае наваколле са стажкамі сена, муравейнікамі і кладкамі праз раку. У карцінах свяціла любоў і дабрыня мастака, які днямі не выпускаў з зубоў пэндзаль, пакуль на дабіваўся таго рэзультату, які насіў у галаве, а верхнюю частку карцін ён дапісваў у перавернутым ад сябе стане, бо не мог дацягнуцца да краю карціны. Цяжкасць яшчэ была ў тым, што і адысці ад карціны на адлегласць і паглядзець, як атрымліваецца, мастак не мог. Выручала чуллівасць і адчуванне, як кажуць, спінным мозгам, які зрабіць чарговы мазок, каб карціна заіграла.
А якія цудоўныя вершы і замалёўкі пісаў Анатоль Галушка! Свет пабачылі некалькі яго зборнікаў, і самай памятнай была прэзентацыя іх у родным Магіліцкім сельскім клубе. Вяскоўцаў тады набілася поўная зала, кніжак усім не хапіла і па іх ездзілі некалькі разоў.
У Івацэвічах на крылах Пегаса ў парку выбіты словы з верша Анатоля Галушкі:
«Дай, Божа, быць шчаслівым тым, што маю, дай, Божа, аддаваць, а не прасіць, усмешкі слодыч, горыч слёз – прымаю, дай моцы злосці ў сэрцы не насіць…» У гэтых словах – гімн жыццю. І наш абавязак – унесці сваю лепту ва ўвекавечванне памяці нашага дарагога земляка.
Для гэтага грашовыя сродкі можна перавесці на рахунак ААТ «ААБ Беларусбанк» № BY17 AKBB 3134 0000 0281 7007 0000 на імя: Голушко Сергей Николаевич.