Перажытае застаецца ў памяці і сэрцы назаўсёды

Мінула роўна 36 гадоў з таго дня, як на Чарнобыльскай АЭС адбылася страшная трагедыя. Гэты выбух накрыў смяротным воблакам вялікую частку тэрыторыі нашай Беларусі. Хто найбольш ведае асабліва пра першыя гады той бяды? Вядома, чарнобыльцы.
Іх пасылалі ў забруджаную зону, каб дапамагчы ў ліквідацыі гэтых дрэнных наступстваў. Каля сямі-дзесяці івацэвіцкіх міліцыянераў прайшлі праз чарнобыльскую зону і сталі так званымі чарнобыльцамі – ліквідатарамі. У іх была свая работа, міліцэйская, звязаная з аховай зоны адсялення і забруджаных тэрыторый.
З тых нямногіх, хто зараз жыве сярод нас, Леанід Мікалаевіч Зайка, капітан міліцыі Івацэвіцкага РАУС. Ён і расказаў пра камандзіроўку ў забруджаную чарнобыльскую зону.

Леанід Зайка – ураджэнец вялікай лясной вёскі Заполле (Косаўскае).
– Свайго бацьку я мала помню, – казаў Леанід Мікалаевіч. – Мне было шэсць гадоў, як яго нечакана не стала. Мяне з малодшай сястрой Галяй гадавала маці Валянціна Іванаўна. Яна працавала даяркай на калгаснай ферме.
Пасля сканчэння васьмі класаў Запалянскай школы Леанід падаўся вучыцца ў Пружаны ў саўгас-тэхнікум. Маці ніколі нават словам не адбівала ахвоту сына звязаць сваё далейшае жыццё з тэхнікай. А, бадай, галоўнае, чаму пайшоў вучыцца Зайка, гэта тое, што хацелася хутчэй стаць дарослым, пайсці працаваць, каб дапамагчы маці. Вучоба давалася хлопцу лёгка, асабліва тэхнічныя дысцыпліны. Што тычыцца правоў на матацыкл, трактар, машыну, то здаў з першага заходу. А маці, помніцца, казала сыну: «Здай на правы матацыкліста, адразу куплю табе матацыкл». І стрымала слова. Прадала парсюка, і Леанід ужо з Косава прыехаў у Заполле на мінскім матацыкле.
З дыпломам тэхніка-механіка Леанід Зайка вярнуўся дадому. У родным калгасе далі яму трактар МТЗ-50. Папрацаваў толькі чатыры месяцы. Кіраўніцтва калгаса мела намер паставіць маладога механіка брыгадзірам, не паспелі. Прыйшла павестка з ваенкамата – наступіла пара службы ў арміі.
Трапіў на службу ў пагранвойскі ў горадзе Новарасійск. Прайшоў спецыяльныя курсы. І ўвесь астатні час службы ён быў вадзіцелем ГАЗ-469. Быў асабістым шафёрам начальніка палітаддзела заставы. Падчас службы наш герой пабываў на Малой зямлі, дзе ваяваў Л. І. Брэжнеў. Армейская служба скончылася якраз напярэдадні новага 1986 года. Леанід ужо дома. Што далей? Звычайна ягонага
ўзросту вяскоўцы, адпачыўшы пасля службы ў арміі, уладкоўваюцца на працу, каб абжыцца, а тады ўжо думаць аб асабістым жыцці. А тут ужо ў студзені Леанід сказаў, як выстраліў: «Мама, я жанюся!»
Гэтага і чакала маці ад сына, але не так хутка. Ведала, што ў сына ёсць любімая дзяўчына з вёскі Юкавічы. Што ж, так рашыў дарослы сын. І ўжо ў лютым згулялі вяселле. У райкаме партыі маладому камуністу параілі пайсці на службу ў міліцыю. Згадзіўся. У сакавіку таго ж года ён апрануў міліцэй-
скую форму. Пачынаў службу дзяжурным у ізалятары часовага ўтрымання. А летам былі курсы ў вучэбным цэнтры Міністэрства ўнутраных спраў у Мінску.
У тыя дні Леанід ужо ведаў пра здарэнне на Чарнобыльскай АЭС. Па-рознаму адносіліся да гэтага нашы грамадзяне. Хадзілі самыя розныя чуткі. Некалькі івацэвіцкіх міліцыянераў пабывалі ўжо ў забруджанай зоне і пра нейкія асаблівыя жахі не расказвалі, і гэта супакойвала. Таму, калі Зайку ў ліпені 1988 года накіравалі ў камандзіроўку ў забруджаную зону Чарнобыльскай АЭС, ён хваляваўся менш за другіх. У складзе групы з Брэсцкай вобласці ён трапіў у Нараўлянскі раён на Гомельшчыне. Размясцілі прыбыўшых у двухпавярховым будынку школы адселенай вёскі Цешкаў.
Чым займаліся міліцыянеры? Яны дзяжурылі і ахоўвалі вызначаныя ўчасткі забруджанай тэрыторыі. Леанід Зайка стаў вадзіцелем ГАЗ-469. У яго было двое зменшчыкаў. Дзяжурылі па восем гадзін, змяняючы адзін аднаго. На час дзяжурства выдавалі сухі паёк. Шлях да месца быў няблізкі – каля 60 кіламетраў да самой агароджы з калючага дроту, за агароджай, а гэта ўжо 30-кіламетровая зона. Яе ахоўвалі ваенныя. На гэтым шляху было шэсць міліцэйскіх пастоў. Задача дзяжурных – сачыць за акаляючай абстаноўкай, прымаць канкрэтныя меры па навядзенні парадку на дарозе, у населеных пунктах (маецца на ўвазе адселеных), у лясах, каб не дапусціць пажараў.
– Толькі два гады тады мінула пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а як вакол усё змянілася, – гаворыць Леанід Зайка. – Пустыя адселеныя вёскі. Хаты з забітымі вокнамі… А яшчэ паваленыя платы. Вакол буяла пустазелле, як быццам яго хтосьці гнаў увысь. А вось сады вясковыя вылучаліся на фоне навакольнага запусцення.
Прырода чамусьці ажыла. А як жа чалавек адчуваў сябе сярод гэтага цвіцення і побач – запусцення? Гаварылі аб смяротных часцінках, радыяцыі, ад якіх чалавечы арганізм можа атрымаць прамянёвую хваробу, якая, як сцвярджаюць медыкі, невылечная. З першых дзён знаходжання ў зоне Леанід адчуваў, што без дай прычыны перасыхала ў роце, успрыманне смаку зусім ненатуральнае, часам адольвала санлівасць.
Ліквідатараў амаль нічым не лячылі. Калі галава забаліць – давалі нейкую таблетку. Не было ні масак, ні рэспіратараў. Праўда, у кішэні кожнага быў невялічкі дазіметр-накапляльнік. Яго забіралі ў канцы ўсёй змены знаходжання ў забруджанай зоне для расшыфроўкі, колькі рэнтгеапраменьвання атрымаў той ці іншы ліквідатар.
Наогул радыяцыю мералі не часта. Самая высокая была ў газіку, дзе ля ног знаходзіліся рычагі пераключэння. Людзям было забаронена купацца ў Прыпяці, лавіць рыбу, рваць у садах яблыкі. Усё было прывазное, казалі, з чыстай зоны.
Па словах Зайкі, асаблівая жудасць скаланала душу ў начное дзяжурства. Куды ні глянь, усюды цемень. Праўда, бліскалі вачамі толькі ваўкі, што перабягалі асветленую фарамі газіка дарогу. Пра марадзёраў Леанід Зайка не гаварыў, бо іх не заўважылі нават ноччу. Дык у тых хатах, што засталіся, ужо ўсё вынеслі і выдзерлі, адны голыя сцены засталіся.
Наш зямляк расказваў і аб тым, як быў сведкам «пахавання» вёсак. Бульдозер вырываў глыбокі катлаван перад хатай і туды сваёй моцнай лапатай трушчыў будынак і спіхаў у той глыбокі роў. Калі ён напаўняўся, бульдозер ездзіў па верху і ўтоптваў, а напаследак выкапанай зямлёй засыпаў, раўняў. Ад вясковага двара заставалася чыстае поле. Ад такога відовішча станавілася моташна на душы, і дзяжурныя спяшаліся ехаць далей.
Паўтара месяца знаходзіўся Леанід Зайка ў забруджанай зоне, вярнуўся нарэшце дадому. А за некалькі дзён да гэтага нарадзіўся першынец, назвалі Максімам.
Міліцэйская служба працягвалася. Восем гадоў ён працаваў участковым у Івацэвічах.
Зараз былы капітан Зайка – міліцэйскі пенсіянер. У сям’і двое дзяцей – сын і дачка. Абодва атрымалі вышэйшую адукацыю.
Леанід Мікалаевіч на сваё здароўе не скардзіцца. Былі нейкія хворасці, ляжаў некалі ў шпіталі. У свае 57 гадоў ён бадзёры, па-ранейшаму разважлівы, кемлівы і ўдумлівы. Працуе яшчэ шафёрам, возіць лес сваім «Уралам». А ўсё перажытае ў жыцці, у тым ліку і ў Чарнобыльскай зоне, застанецца ў памяці назаўсёды.
Святаслаў КАЖАДУБ, фота з архіва сям’і ЗАЙКА.