Першы дом з муралам у Івацэвічах

З клёнамі, птушачкамі і небам – такім будзе мурал, абрысы якога з’явіліся ў тарцы сцяны першага электрычнага дома ў Івацэвічах, які ўзвялі будаўнікі УП «Івацэвіцкая ПМК-11».
Словы першы, упершыню ў артыкуле будуць гучаць яшчэ не раз. І гэта не таўталогія.
– Распрацоўкай праекта квартала шматпавярховай забудовы «Кляноўка» ў цэлым і кожнага дома ў ім займаліся спецыялісты Баранавіцкага філіяла ААТ «Брэстпраект», – расказвае галоўны архітэктар раёна Ірына Іванова. – Задумка была на дамах квартала нанесці муралы, якія б адлюстравалі ўсе чатыры пары года. На тарцы першага пабудаванага дома квартала «Кляноўка» вымалеваліся клёны – дрэвы, сугучныя назве вуліцы. Гэтыя зялёныя клёны сімвалізуюць летнюю пару года. Аздобіць мураламі новыя дамы была ідэя не толькі для паляпшэння эстэтычнага выгляду падобных дамоў, а і для таго, каб жыльцам такіх пяціпавярховак было лягчэй арыентавацца.
Каля першага новага дома па вуліцы Кляновай з’явілася і першая дзіцячая пляцоўка з гумавым пакрыццём, каб, раптам падаючы, дзеці не разбівалі каленкі. А яшчэ будаўнікі правядуць і поўнае азеляненне прыдамавой тэрыторыі – дрэўцы і кусты ўжо заказаны. Азеляненне тэрыторыі будаўнікамі – гэта таксама ўпершыню.
Першы электрычны дом па вуліцы Кляновай, 4 у Івацэвічах быў здадзены яшчэ напрыканцы мінулага года, але з пераносам фасадных апрацоўчых работ і работ па азеляненні прыдамавой тэрыторыі на сёлетні вясновы сезон. Гэты момант пайшоў усім на карысць. Якасць будаўнічых работ не пацярпіць, бо работы вядуцца ўвесну, а не зімой, і для жыльцоў, якія атрымалі ключы ад кватэр, радасць бачыць, як з кожным днём харашэе свежымі фарбамі іх дом.
Гэта пацвердзіла і шчаслівая Вольга Таджыбаева, маці траіх дзяцей, якая выходзіла з першага пад’езда разам з імі. У кватэры, якую шматдзетная сям’я атрымала на чацвёртым паверсе, яшчэ ідзе рамонт. Ацяпленне і падагрэў вады ў ёй зроблены электрычныя, казала яна, работу катлоў запускалі, правяралі, усё добра працуе. І ліфт ёсць у доме (дарэчы, гэта першая пяціпавярхоўка ў райцэнтры, якая абсталявана ліфтам). Раней сям’я жыла з бацькамі Вольгі па вуліцы 70 год Кастрычніка, а на чарзе як маючая патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і года не прастаяла, як кажуць, ускочыла ў апошні вагон, згадзіўшыся на двухпакаёўку. Плата па крэдыце за кватэру атрымліваецца невялікая. Вольга задаволена і пляцоўкай, якая ззяе вясёлымі фарбамі і на якой любяць бавіць час дзеці, пакуль у кватэры дарослыя наводзяць бляск. Арэлі, лавачкі і машынкі – усё на пляцоўцы новае, прыгожае. І дом, як пафарбуецца, будзе самы незвычайны ў горадзе, адзначала Вольга.
Побач пачалася будоўля другога электрычнага дома. Здача яго запланавана на канец бягучага года.
А ў дадзены момант пад кіраўніцтвам брыгадзіра Міхаіла Канановіча вядуцца маналітныя работы па ўсім перыметры дома. На гэтую «пліту» будзе ўся нагрузка дома, як паведаміў прараб Максім Дзенісенка. Дарэчы, Максім Аляксандравіч за сваю працоўную дзейнасць у ПМК-11 займаўся ўзвядзеннем больш за паўтара дзясятка розных дамоў: шматпавярховых, панэльных, цагляных… Домам з электрычным ацяпленнем яму давялося займацца ўпершыню. І ён адзначыў, што амаль усе работы па першым электрычным доме выкананы спецыялістамі Івацэвіцкай ПМК-11: тынкоўшчыкамі, мулярамі, аддзелачнікамі, сантэхнікамі і электрыкамі. Спецыфіка ў тым, што замест газавага ацяплення ўстанаўлівалі электрычныя катлы і электрабойлеры для падагрэву вады. На субпадрадзе працавалі мантажнікі ліфтаў. Дарэчы, будаўніцтва шахты для ліфтаў, якімі абсталявана пяціпавярхоўка – рэч складаная, якая патрабуе ад будаўнікоў дакладнасці ў рабоце да міліметра.
Каб паскорыць будаўнічыя работы па адным з пад’ездаў, давялося звярнуцца па дапамогу да будаўнікоў Івацэвіцкай ПМК-18, муляры якой працавалі на субпадрадзе. Але ў цэлым, можна сказаць, выдатна справіліся будаўнікі Івацэвіцкай ПМК-11. Прараб адзначыў работу брыгад муляраў Мікалая Пушылы і Міхаіла Антаноўскага, а з аддзелачнікаў – брыгаду Вольгі Паўлюковіч. Прозвішчы гэтых брыгадзіраў гучалі на старонках райгазеты не раз, але прыемна, што яны застаюцца лепшымі з года ў год і будаўнічая арганізацыя заўсёды можа на іх пакласціся як на самых надзейных спецыялістаў.
Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.