Close
Новости Сельское хозяйство

Першыя крокі да салодкага ўраджаю

Першыя крокі да салодкага ўраджаю
  • Опубликовано:18 апреля, 2025

У ААТ «Новыя Стайкі», як і ў іншых гаспадарках раёна, прыступілі да сяўбы цукровых буракоў.

З наступленнем цёплага надвор’я аграрыі раёна актыўна вядуць работы ў палях, стараюцца не ўпусціць ніводнага пагоднага дня. З 12 красавіка гаспадаркі Івацэвіччыны прыступілі да сяўбы цукровых буракоў. Гэтай важнай тэхнічнай культурай, што забяспечвае сыравіну для цукровай прамысловасці, у раёне будзе засеяна 1000 га, а вырошчваннем займаюцца сем гаспадарак з 14.

На днях карэспандэнты «ІВ» пабывалі на палетках ААТ «Новыя Стайкі» і паназіралі, як зладжана працуюць работнікі і тэхніка гаспадаркі над закладкай будучага ўраджаю салодкіх караняплодаў.
Поле ў 50 гектараў каля в. Размеркі, на якім вялася сяўба цукровых буракоў, роўнае і гладкае, – тут стайкаўскія аграрыі паклапаціліся яшчэ з восені, ды і вясной правялі рад апрацоўчых мерапрыемстваў: культывацыю, чызеляванне і ўнясенне ўгнаенняў.

Як расказаў галоўны аграном ААТ «Новыя Стайкі» Арцём Аўцынаў, у гаспадарцы пад цукровыя буракі адведзена 300 га – столькі ж сеялі і ў мінулым годзе. І разлічваюць аграрыі на ўраджайнасць сёлета не меншую, а яна, нагадаем, была адной з лепшых у раёне – 516 ц/га. Перавагу аддаюць насенню імпартнай селекцыі – гібрыдам, якія ўстойлівыя да захворванняў, маюць аптымальную цукрыстасць і для якіх дастаткова ўсяго дзвюх апрацовак ад пустазелля.

Перадпасяўную апрацоўку на АКШ вёў механізатар Андрэй Судакоў. Трактарамі МТЗ-82 у счэпцы з сеялкамі ўпраўлялі граматныя і вопытныя механізатары Віталій Жук і Вадзім Адамчук, за плячыма якіх – ужо не адзін сезон пасяўной кампаніі, ды і не толькі: ім давяраюць і сеяць, і ўбіраць, і на ворыве працаваць… У адзін праход кожная сеялка захоплівае 12 роўненькіх радоў, у дзень атрымліваецца засяваць каля 39 га.

– Больш нельга нават пры самым вялікім жаданні, неабходна строга прытрымлівацца скараснога рэжыму, каб не парушаць тэхналогію сяўбы. Трактар павінен ісці з хуткасцю 5-6 кіламетраў у гадзіну, каб насенне размяшчалася на пэўнай адлегласці адно ад аднаго, – расказвае Вадзім Адамчук.

Сапраўды, дакладнасць тут амаль матэматычная, у гэтым удалося ўпэўніцца адразу пасля таго, як сеялкі рушылі ў чарговы загон. На полі ў час нашага візіту працаваў і прадстаўнік KWS – кампаніі-пастаўшчыка насення, які аказвае «Новым Стайкам» агранамічнае суправаджэнне, гэта значыць, паслугі, якія накіраваныя на падтрымку і павышэнне эфектыўнасці сельскагаспадарчай дзейнасці. Так, нам давялося паназіраць і за кантролем якасці сяўбы – на выбраным участку спецыяліст праверыў глыбіню залягання насення, адлегласць паміж ім, а таксама ўпэўніўся ў адсутнасці абсеваў.
У зладжаным тэмпе вядзецца сяўба цукровых буракоў і ў астатніх гаспадарках раёна, марудзіць нельга, бо не за гарамі – і сяўба кукурузы.

Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.