У 30-ы раз Міжнародная спецыялізаваная аптовая выстаўка-кірмаш «Прадэкспа-2024» аб’яднала лепшых вытворцаў і экспарцёраў харчовай галіны. У рамках «Прадэкспа-2024» прайшоў Міжнародны сімпозіум хлебапёкаў і рэспубліканскі агляд якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў «Смаката-2024», на якім і філіял «Камбінат кааператыўнай прамысловасці» Івацэвіцкага райспажыўтаварыства прадставіў хлебабулачныя і кандытарскія вырабы.
У склад конкурснай камісіі агляду ўвайшлі вядучыя спецыялісты пякарнай і кандытарскай галін прамысловасці Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, Дзяржстандарту, ГУПР Мінгарвыканкама, ГА «Беларускае таварыства абароны спажыўцоў». Яны высока ацанілі старанні івацэвіцкіх хлебапёкаў, а якасць хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў удастоены залатога і сярэбранага медалёў.
– Пра конкурс «Смаката» я ведаю яшчэ з часоў працы ў Драгічынскім райспажыўтаварыстве, – падзялілася з намі Наталля Юшкевіч (на здымку), начальнік лабараторыі ККП, дэпутат Івацэвіцкага райсавета дэпутатаў, – а працуючы ўжо ў Івацэвіцкім райспажыўтаварыстве, памятала заўсёды. А вось пра выстаўку «Прадэкспа» я даведалася летась ад калег з Капыльскага райспажыўтаварыства, і ў апошнія хвіліны мы падалі заяўку на ўдзел у ім. Было прыемна атрымаць летась Гран-пры трэцяй ступені за пірог «Белая Русь», тым больш ён падабаецца і жыхарам Івацэвіч і раёна. У гэтым годзе я ўжо чакала конкурсу «Прадэкспа». Бо летась наш пірог прыехаў за пяць хвілін да пачатку выстаўкі і быў першым прадстаўлены на дэгустацыю. Але і назва, і знешні выгляд не падвёў – журы высока ацаніла старанні івацэвіцкіх хлебапёкаў.
Конкурс праходзіць закрытым галасаваннем, кожнаму вырабу прысвойваецца нумар, і журы дае адзнаку не прадпрыемству, а менавіта прадстаўленаму ўзору. За год у ККП распрацавалі некалькі відаў пірагоў, і вось адзін з іх – пірог «Чары» (з начынкай з чорнай парэчкі). Гэта новы пірог, цеста на яго расчыняецца як і на ўсімі любімы пірог «Белая Русь», але адрозніваецца начынка і знешні выгляд у разрэзе: джэм з парэчкі быццам зігзаг на прыгожым палатне хлебабулачнага вырабу. І навінка ад нашых хлебапёкаў атрымала залаты медаль.
А фармавы хлеб «Пакроўскі», які таксама не так даўно з’явіўся на прылаўках нашых магазінаў, атрымаў сярэбраны медаль «Прадэкспа-2024». У яго ёсць свая гісторыя з’яўлення ў вытворчасці і ў гандлёвай сетцы. Падчас чарговай дэгустацыі вывучалі попыт спажыўцоў на фармавы хлеб, і дзіва, любімы калісь «Майскі» пачаў страчваць лідзіруючыя пазіцыі: кіславаты, казалі людзі, надта цёмны. І нашы хлебапёкі пад кіраўніцтвам тэхнолагаў замянілі часткова муку-абдзірку на пшанічную і зрабілі так званы рэбрэндынг нашага хлеба-«кирпичика». І не прагадалі!
Дыпломам яшчэ былі адзначаны салодкасці мучныя «Сувенірныя Івацэвіцкія» ў намінацыі «Лепшая ўпакоўка». Прысмакі накшталт перніка таксама з начынкай у прыгожай упакоўцы палюбіліся яшчэ з абласных «Дажынак» у Целяханах, а сёлета падчас Дня беларускага пісьменства наш ККП прадаў 1 000 такіх пернікаў! Гэта адзнака якасці яшчэ і ад спажыўцоў!
Віншуем нашых хлебапёкаў з такімі высокімі ўзнагародамі і жадаем далейшых поспехаў!
Юлія Кавалёва. Фота Валерыя Міскевіча.