«Пішыце вершы, моладзь!»
Значная сустрэча адбылася сёння ў ДУА «Ліцэй Івацэвіцкага раёна». Паэтычны зборнік «Праз фортку сэрца» прэзентавала аўтар Наталля Святлова. Таленавітая выпускніца ліцэя, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэса, журналіст, загадчык аддзела літаратурнага рэдагавання Выдавецкага дома «Звязда» ў мінулым годзе сабрала свае лепшыя вершы ў зборнік. Паэзію маладой пісьменніцы смела можна назваць новым гучаннем адвечных тэм.
Сустрэча прайшла ў рамках акцыі «Кожная пятніца – роднае, сваё» і была прымеркаваная да Года беларускай жанчыны. Творчую госцю прысутным 10 і 11-класнікам прадставіла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Уладзіміраўна Самасюк. Педагог адзначыла, яе некалішняя вучаніца Наталля вучылася па эканамічным профілі, але творчае ўзяло верх. Будучая паэтэса скончыла факультэт журналістыкі БДУ.
Наталля Святлова спачатку паразважала с моладдзю пра сучасную беларускую паэзію, падчас дыялогу даведалася ў ліцэістаў пра іх любімых беларускіх аўтараў, а пасля чытала свае вершы. Многія з іх прысвечаны родным мясцінам, Беларусі, а таксама матулі Наталлі. Надзея Адамаўна Святлова, бібліятэкар з 40-гадовым стажам, таксама чытала вершы, а яшчэ расказала крыху пра творчы шлях дачкі.
Мерапрыемства завяршылася аўтограф-сесіяй, кожны жадаючы мог набыць зборнік з асабістым пажаданнем ад аўтара. Развітваючыся, паэтэса папрасіла моладзь пісаць, не баяцца рэалізоўваць творчы патэнцыял, усё магчыма, калі ісці да сваёй мары рашуча!
Падрабязнасці чытайце ў бліжэйшым нумары «ІВ».
















