Пракласці для кожнага дарогу ў музей

З такой асабістай звышзадачай некалі прыйшла на работу ў гісторыка-краязнаўчы музей дырэктар Раіса Горбач, якая сёлета ўдастоена звання «Чалавек года Брэстчыны»
Раіса Горбач – часты герой нашых публікацый, нярэдка яна з’яўляецца і на тэлеэкранах. Вось яна выступае перад школьнікамі, вось – перад калегамі пасля ўдзелу ў Пасланні Прэзідэнта, сёння яна адкрывае новую экспазіцыю ў музеі, а назаўтра пераапранаецца, бярэ ў рукі свой акардэон і ў вобразе сувязной бабы Раі вітае турыстаў на Хаваншчыне. Якой бы ні была нагода для інтэрв’ю, Раіса Горбач заўсёды са шчырай любоўю гаворыць пра сваю работу, культуру, гісторыю краю, краіны і марыць запаліць тым самым цікаўнасць чалавека да ўсяго гэтага.
Ганаровага звання «Чалавек года Брэстчыны» ўдастоены 16 чалавек з розных сфер за вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё вобласці па выніках работы за мінулы год. 27 красавіка ва ўрачыстай абстаноўцы лепшых з лепшых ушаноўваў губернатар Брэсцкай вобласці Юрый Шулейка. З асабістым хваляваннем узнагароду прымала і Раіса Горбач, хоць у размове з журналістам яна шчыра прызналася: на сваё вялікае шчасце ёй не ўласцівая ганарыстасць, вось ужо амаль 20 гадоў яна хварэе за справу і збірае вакол сябе такіх жа апантаных і творчых людзей-музейшчыкаў. У 2006 годзе ў музеі працавалі два чалавекі, ён месціўся на 26 квадратах, а фонды налічвалі трохі больш за тысячу экспанатаў. Зараз жа ў камандзе шчыруюць сем музейшчыкаў, музей у райцэнтры займае каля 300 квадратаў, а фонд даўно пераступіў шасцітысячны парог. Сямімільнымі крокамі Раіса Іванаўна вяла за сабой калектыў і наведвальнікаў, бо без людзей музей не жывы. Напярэдадні паездкі ў Брэст мы сустрэліся з «Чалавекам года Брэстчыны» і высветлілі, якой Раіса Іванаўна была дачкой, матуляй і жонкай, бабуляй і які яна кіраўнік. А яшчэ паразважалі над тым, калі найлепш прывучаць дзіця да гісторыі, калі трэба і проста неабходна паказваць малым дарогу да музея…
«Бацька купіў акардэон, а маці выбачала мне, гісторыку ў душы, тройкі па матэматыцы»
Раіса Іванаўна нарадзілася ў пасёлку Рэчыца, які ў хуткім часе далучылі да Брэста. Дзяцінства, апаленае вайной, пазбавіла бацькоў Івана Уласавіча і Любоў Серафімаўну магчымасці вучыцца. Абодва яны простыя рабочыя, адстаялі за станкамі, абодва ветэраны працы, а дочкам – Раісе і Галіне – жадалі лепшай долі. Каб зразумець, у якой сям’і вырасла наша гераіня – адданы сваёй справе чалавек і сапраўдны патрыёт – трэба ведаць, як з лёгкай падачы бацькоў у руках маленькай Раі аднойчы аказаліся акардэон і кнігі пра вайну…
Івана Уласавіча прырода ўзнагародзіла выключным музычным слыхам, але яго адзінокая шматдзетная маці не змагла ў свой час набыць інструмент сыну. Таму ён, адчуўшы талент і цягу ў старэйшай дачушкі Раі, працаваў нават звыш нормы, каб зарабіць грошы, чакаў сваёй чаргі па запісе ў магазіне «Мелодыя», але набыў дачцэ нямецкі акардэон. Той самы, які не змаўкае і сёння на многіх культурных мерапрыемствах у нашым раёне. Каб зацікавіць дзіця музыкай, ён запрасіў музыканта з акардэонам дадому, і гэта быў «ход канём». Раіса спачатку наведвала школьны музычны гурток, а пазней вячэрнюю музычную школу і амаль штодзень з акардэонам за плячыма ехала на аўтобусе праз увесь Брэст на заняткі, а пасля на прыпынку ў Рэчыцы яе сустракаў бацька. Пройдуць гады, і Іван Уласавіч загадае сваёй Раі іграць і радаваць сваёй творчасцю людзей.
Любоў Серафімаўна ва ўсім падтрымлівала мужа, калі Раі раптам не хацелася ў чарговы раз паўтараць увечары мелодыю, матуля прыгаворвала: «Рая, пайграй, табе гэта па жыцці спатрэбіцца…» А яшчэ жанчына выбачала дачцэ тройкі па матэматыцы. Рая лавіла варон на занятках, затое захлёбваючыся чытала падручнікі па гісторыі. Дома на стале ў Раі для віду ляжаў падручнік з задачамі ды прыкладамі, а на каленях – «Дзяўчынка шукае бацьку» ці яшчэ якая кнігапра вайну. Маці мела мудрасць не сварыцца на Раісу.
Мая субяседніца назвала сябе цыганкай, бо з дзяцінства яна мела асаблівы нораў даследчыка і вандроўцы, выключную дапытлівасць, імкненне да ўсяго новага. Яна рухаецца ўсё жыццё сама і натхняе на тое ўсіх навокал.
Няпросты жаночы лёс навучыў жыць у моманце і радавацца малому
Смеласці ў Раісы Горбач не займаць, і пасля школы яна махнула ў Магілёўскі культасвет. Дзяўчына паставіла перад сабой мэту – пабароць комплекс з-за нездаровага з дзяцінства вока, і выступаць перад людзьмі, не заўважаючы праблемы. Гэта быў адзін з вызаваў сабе.
Пасля выпускнога Рая хутка выйшла замуж, пайшла насуперак бацькам. Зрабіла па-свойму, а значыць, мужна прайшла праз усе выпрабаванні няпростага шлюбу і не скардзілася бацьку і маці на лёс. За 18 гадоў было ўсё: пераезды ў пошуках лепшага месца, безграшоўе і спробы разысціся з мужам. Пакуль яна адстойвала сваё права на шчаслівае жыццё, падраслі дачушкі Жанна і Святлана, Раіса Іванаўна прымае важнае цяжкае рашэнне і пераязджае ў Брэст да бацькоў. Тут яна працавала ў дзіцячым садку, яе ранішнікі і пастаноўкі там помняць і зараз некаторыя работнікі і выхаванцы.
У наша Дабрынёва аднойчы яна прыехала капаць бульбу да знаёмых і сустрэла свайго Лёню.
«Ён вельмі спакойны, памяркоўны і нязлосны чалавек, а яшчэ ён ніколі не дзяліў дзяцей на маіх і ягоных», – так лаканічна апісала каханага Раіса Іванаўна. Леанід Міхайлавіч умее разважыць, прыпыніць руплівую і хуткую жонку і даць слушную параду. На дваіх у іх чацвёра дзяцей, малодшага Мішу мая гераіня нарадзіла ў 40 гадоў, як яна кажа, з дазволу старэйшых дачок – і гэта быў яшчэ адзін выклік сабе і сваім магчымасцям. Дома такую дзейсную маці прымаюць, разумеюць, падтрымліваюць.
«У самых шчырых марах я бачу свой домік, прыгожы дворык, кароўку, – расказвае Раіса Горбач. – І вось я частую свежым малаком сваіх унукаў, а яшчэ на стале смачныя пірагі…» Так, няма пакуль дома і кароўкі, але ёсць сямёра ўнукаў ад 2 да 14 гадоў, а якія пірагі пячэ гаспадыня… І нешта падказвае, калі вельмі захоча мая гераіня, то будзе і домік з кароўкай, толькі пазней. Пакуль яшчэ не ўсё рэалізаванае ў музейных справах.
Хаваншчыне – домік сувязнога, музею – пастаянную экспазіцыю і кафэ
Амбіцыйныя планы ў нашага дырэктара музея, але без высокіх мэт не бывае і маленькіх перамог. Шлях да музея ў Раісы Горбач быў таксама цярністы. Яна прыехала ў раён за мужам, вакансіі ў сферы культуры ёй прапанавалі толькі на сяле. Таму Рая шчыравала санітаркай у бальніцы, азеляняльнікам у камунальным, а пасля выпадкова патрапіла ў народны тэатр Івацэвіцкага ГДК. Раісу Іванаўну заўважылі і адзначылі. Потым прынялі на пасаду дырэктара музея ў 2006 годзе. Новаму кіраўніку стала зразумела, што плошчы ў 26 квадратаў вельмі і вельмі не хапае для раённага музея, не было магчымасці і папаўняць фонд.
Ужо ў 2009 разам з Галінай Дылюк, галоўным захавальнікам фондаў, яна справіла наваселле ў сённяшнім будынку па вул. Паштовай. Вялікія плошчы дазволілі ў разы павялічыць фонды, укараніць новыя формы работы з інтэрактывам. Павялічыўся і калектыў да сямі чалавек. Фонды налічваюць сёння ўжо 6 302 прадметы. Закуплялася мэбля, тэхніка, рабіліся копіі старадаўніх касцюмаў ці музычных інструментаў, запрашаліся цікавыя выстаўкі, арганізоўваліся майстар-класы з народнымі ўмельцамі. Сёння музейшчыкам ужо не прывыкаць прымаць у госці турыстаў са Швецыі, Даніі, Ізраіля, Амерыкі, Аўстраліі і нават Японіі і Кітая.
Аднак у сапраўдным музеі павінна быць пастаянная экспазіцыя, і гэта мара дырэктара, а яшчэ было б проста выдатна, калі пасля экскурсіі людзі маглі выпіць той жа кавы з дэсертам у невялікім кафэ, стылізаваным пад наш музей.
Думаю, не для каго не сакрэт, што асабістым месцам сілы для сябе Раіса Горбач лічыць нашу Хаваншчыну. Мемарыяльны комплекс партызанскай славы стаў філіялам музея ў 1998 годзе, а ўвогуле быў адкрыты ў маі 1971 года, нават раней за Брэсцкую крэпасць. Толькі ўявіце сабе, калі ў 2006 годзе Раіса Іванаўна рыхтавала чарговую справаздачу па колькасці наведвальнікаў, то Хаваншчыну за год наведалі 216 чалавек, гэта на фоне сённяшніх 12 338-мі! Пад кіраўніцтвам Раісы Горбач калектыў, лічу, падараваў другое жыццё былому месцу базіравання штаба партызанскага злучэння Брэстчыны. Акуратна, з задачай – захаваць у гэтым месцы ўсё, як было ў часы вайны, музейшчыкі таксама ўкараняюць новыя падыходы, вучаць дзяцей пісаць палачкай у лясной школе, карыстацца азбукай Морзэ, друкаванай машынкай і частуюць па жаданні партызанскай кашай, з’явіўся тут яшчэ адзін любімы герой – партызанскі Дзед Мароз.
Дырэктар хоча заспець той час, калі партызанская сувязная Баба Рая пакажа турыстам домік партызанскага сувязнога. Яго будаўніцтва ў планах.
Галоўнай заслугай калектыву і сваёй асабістай перамогай Раіса Іванаўна лічыць тое, што ў раёне з’явілася мода і звычка наведваць музей, а пра Хаваншчыну ведаюць ва ўсёй краіне.
«Ніколі не рана прывесці дзіця ў музей»
– Школьніцай я несла варту на пасту № 1 у Брэсцкай крэпасці і гэтым вельмі ганаруся, – успамінае Раіса Горбач. – З вясны да восені ў пэўныя дні я ў параднай піянерскай форме дзяжурыла папераменна з другімі падлеткамі. Аднойчы мы чакалі замежную дэлегацыю, нам у рукі далі муляжы вінтовак, роўная спіна, сур’ёзны твар і позірк у адну кропку – усё было строга. І тут па вінтоўцы паўзе вялізны павук, я бачу яго – баюся страшна, то мая фобія, а дэлегацыя ўжо на падыходзе. Я падняла вочы і выстаяла неабходны час. У 14 гадоў была адна думка: нашы людзі ішлі на ворага, не баяліся, а я нейкага павука спужаюся.
Скажыце, ці любіла б я так Брэсцкую крэпасць і ці цаніла б аддана подзвіг нашых дзядоў, калі б не ведала ваеннай гісторыі сваёй сям’і, калі б не чытала кнігі, не несла б варту, не спявала б ваенныя песні?.. Асабіста я лічу, што чым раней вы прыведзяце за руку дзіця ў музей ці на Хаваншчыну, тым лепей. Ніколі не рана гаварыць пра вайну, пра ветэранаў: па-свойму, але дзіця зразумее сэнс. Ведаеце, як мяняюцца вочы трохгодак-чатырохгодак падчас экскурсіі з бабай Раяй…
Аднойчы да нас у слязах прыйшоў хлопчык гадоў васьмі, ён хацеў убачыць партрэт Колі Гойшыка, бо пра яго расказвалі ў школе. А маці не дала грошы на білет, сказала, што лепей той рубель яна яму на марожанае дасць. Канечне, ён убачыў і партрэт, і іншыя экспанаты. А маці таго хлопчыка мы таксама запрасілі да сябе, бо рубель можна патраціць больш разумна. І ўсіх я запрашаю да нас у музей, на маёўку ў Хаваншчыну. Ніколі не рана і не позна дакрануцца да гісторыі!
Наталля ГЕРБЕДЗЬ.