Працаваць на апярэджанне

Такую задачу ставяць перад сабой супрацоўнікі Івацэвіцкага РАУС, каб дасягаць зніжэння крымінальнай статыстыкі па многіх кірунках.
Зніжэнне ліку злачынстваў у нашым раёне стала тэндэнцыяй апошніх гадоў. Вось і ў мінулым годзе іх здзейснена 415 супраць 460-ці ў пазамінулым, і гэта добры рэзультат, які сведчыць пра актыўную прафілактычную работу Івацэвіцкага РАУС. Па многіх эпізодах нашы міліцыянеры спрацавалі на апярэджанне, а яшчэ Кацярына II казала, што значна лепей папярэджваць злачынствы, чым караць за іх. Але ж ёсць моманты ў аператыўнай абстаноўцы, якія насцярожваюць. Пра гэта і многае іншае – наша размова з начальнікам Івацэвіцкага РАУС падпалкоўнікам міліцыі Вадзімам ПАСТАЯЛКА напярэдадні прафесійнага свята.
– Вадзім Васільевіч, ў апошнія гады супрацоўнікі райаддзела сутыкнуліся з сур’ёзнай праблемай – ростам злачыннасці ў сферы высокіх тэхналогій. Неабачлівасць людзей да гэтай пары дазваляе набіваць кішэні махлярам?
– Нам удалося пераламаць сітуацыю ў сферы процідзеяння кіберзлачыннасці. Жыхары раёна трапляюць на вуду розных прайдзісветаў ужо не так масава, як некалькі гадоў таму. Але, на жаль, нягледзячы на тытанічную прафілактычную работу, выпадкі падману здараюцца рэгулярна. Урон ад кіберзлачынстваў значна перавышае ўрон ад усіх астатніх злачынстваў разам узятых. Людзі розных узростаў перадаюць злачынцам дадзеныя сваіх картак, пераходзяць на фэйкавыя старонкі, выкарыстоўваюць фішынгавыя спасылкі – і пазбаўляюцца грашовых сродкаў. Ужо колькі разоў заклікалі жыхароў раёна да пільнасці, але, як бачна, яшчэ дастукаліся не да кожнага.
– Якія схемы падману ў кіберзлачынцаў самыя папулярныя?
– Тэлефанаванні ад нібыта супрацоўнікаў банка або праваахоўных органаў з просьбай паведаміць дадзеныя банкаўскай карткі ці ўзяць крэдыты для ратавання вашых фінансаў, на якія паквапіліся злачынцы. Запомніце: такія пытанні не вырашаюцца па тэлефоне.
Вельмі актуальна, калі чалавеку прапаноўваюць нешта набыць, і для гэтага просяць перайсці па спасылцы ў інтэрнэце. Затым ён ўводзіць дадзеныя сваёй карткі, і шляхам пэўных маніпуляцый яго грашовыя сродкі хутка і незваротна пераходзяць у рукі злачынцы. Трэці від кіберзлачынстваў даволі банальны – з выкарыстаннем пляцоўкі «Куфар». Людзі знаходзяць аб’яву аб продажы тавару, пераводзяць за яго грошы, а ў выніку ці не атрымліваюць тавар, ці замест аднаго тавару атрымліваюць іншы. Нядаўні выпадак – заказвалі айфон, атрымалі стамеску. Мы вызначылі злачынцаў – рабяты з Мінска прыдумалі такую схему. І ў гэтым выпадку, і ў іншых часта махляры для таго, каб сябе зашыфраваць, прыцягваюць трэціх асоб, прапаноўваючы ім заробак. Так, чалавек, які запакоўваў стамескі, паняцця не меў, што на іх месцы павінен быць айфон…
– Напэўна, складана і не заўжды магчыма ўстанавіць зламыснікаў, якія выкарыстоўваюць высокія тэхналогіі, і тым больш вярнуць людзям скрадзенае?..
– Так, устанавіць іх бывае складана, бо свае грошы нашы падманутыя грамадзяне пераводзяць на рахункі махляроў у самыя розныя, нават афрыканскія краіны. Часам там доўгі ланцужок з удзельнікаў злачыннай схемы, што перасылаюць сродкі, якімі завалодалі падманным шляхам, адзін аднаму, з рахунка на рахунак. Неяк падлетак з нашага раёна правёў каля 70 злачынных аперацый і абакраў з дапамогай высокіх тэхналогій людзей з Расіі, Казахстана і іншых краін. У гэтым выпадку злачынства раскрылі, але так бывае не заўсёды. Як бачыце, кіберзлачынцамі, а таксама закладчыкамі наркатычных сродкаў, што актуальна і для нашага рэгіёна, могуць стаць і непаўналетнія, таму звяртайце ўвагу на тое, калі ў вашага дзіцяці раптам з’явіліся грошы, цікаўцеся, чым ён займаецца ў інтэрнэце.
– І яшчэ колькі слоў пра прайдзісветаў, але не тых, што хаваюць твары, а тых, што заходзяць у дамы і ўстанаўліваюць фільтры для ачысткі вады. Да вас да гэтай пары паступаюць заявы па слядах такіх выпадкаў?
– Паступаюць, але рэдка. Раней за тыдзень па дзве заявы было, цяпер за год – адзінкавыя выпадкі. Цяпер махляры асвойваюць новы від падману – прапаноўваюць устанавіць пластыкавыя вокны. Людзі бяруць пад гэтыя мэты крэдыты, а потым высвятляецца, што ўмовы для іх не выгадныя. І яны звяртаюцца ў міліцыю, просяць аб дапамозе. Але ж яны падпісалі дагаворы, мабыць, чыталі іх. Усе шукаюць халявы, але бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы. Махляры не спяць, будзьце
пільнымі і ўключайце логіку.
– Мінулы год запомніўся шэрагам сур’ёзных дарожна-транспартных здарэнняў…
– Так, нас вельмі турбуе рост ліку ДТЗ, у якіх загінулі людзі: у 2020 годзе было тры ахвяры на дарогах, у 2021-м – ажно 10. Апошні раз такое здаралася дзевяць гадоў таму! Вядома, мы аналізуем прычыны і шукаем выйсце. З дзесяці мінулагодніх ахвяр дзевяць загінула на дарогах рэспубліканскага значэння, прычым, чатыры чалавекі ў адной аварыі, у дзвюх аварыях – па два. Прычыны – няправільныя манеўры: развароты, выезды на паласу сустрэчнага руху на дастаткова небяспечных участках дарог. Недарэчныя смерці, але смерці!
Стараемся прадухіліць, не дапусціць. Вернемся да слова прафілактыка. Харошае слова, пазначае добрае. Але не ўсе ставяцца да яго станоўча. Ёсць і тыя, хто спачувае чалавеку, які на момант правапарушэння быў нецвярозы. Але задумайцеся, што калі мы спыняем вадзіцеля, які трохі выпіў і якому спачуваюць знаёмыя, бо папаўся, мы забіраем патэнцыяльнага забойцу з дарогі. У турму ён не сядзе, але пакаранне ў выглядзе штрафу ці страты правоў яму запомніцца, і ў наступны раз ён задумаецца, ці садзіцца за руль «подшофе». Як бачыце, і без алкаголю здараюцца смерці на дарогах, а што будзе, калі п’яныя стануць гойсаць туды-сюды.
Дарэчы, у нас атрымалася дасягнуць зніжэння ліку злачынстваў, здзейсненых у стане алкагольнага ап’янення, у тым ліку і ДТЗ, а таксама здзейсненых раней судзімымі асобамі.
– А што наконт бытавой злачыннасці. Яна да гэтай пары – галаўны боль праваахоўнікаў?
– На бытавой глебе ў мінулым годзе здзейснена забойства і спроба забойства, у абодвух выпадках жанчынамі, ёсць факты прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Усе гэтыя злачынствы здзейснены ў стане алкагольнага ап’янення. Мужчыны, як правіла, збіваюць сваіх пасій, бо прыраўнавалі іх ці па-сапраўднаму, ці пад уздзеяннем алкаголю ім нешта падалося. Значна ўзрос лік сямейных скандалаў – з 286 ў 2020 годзе да 370 ў 2021-м. І гэта толькі тыя эпізоды, па якіх асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Але своечасовае пакаранне дазваляе прафілактыраваць больш цяжкія наступствы – забойствы, катаванні. Сярод скандалістаў больш мужчын, усе скандалы ўчынены ў стане алкагольнага ап’янення. Колькасць асуджаных ў ЛПП склала 53 чалавекі, гэта больш, чым у пазамінулым годзе.
– А ў якіх кірунках вам бы хацелася ўзмацніць работу?
– Напэўна, у частцы барацьбы з эканамічнымі злачынствамі. Работа ў гэтым кірунку – на недастатковым узроўні; карупцыйны складнік мае месца – ёсць попыт, ёсць і прапановы. Хацелася б лепш спрацаваць на прафілактыку ДТЗ, людзі не павінны гінуць на дарогах. У цэлым лічу, што наш РАУС працуе стабільна, дабіваецца станоўчых вынікаў работы, і пра гэта сведчыць зніжэнне ліку злачынстваў, у тым ліку і па лініі крымінальнага вышуку.
– А, можа, прыгадаеце рэзанансную крымінальную справу, якую раскрылі, і гэтым ганарыцеся?
– Адразу прыходзіць на розум крадзеж. У івацэвіцкага прадпрымальніка скралі залатыя вырабы на вялікую суму. Злачынцы – сур’ёзныя кватэрныя злодзеі – былі ўстаноўлены супрацоўнікамі нашага РАУС, імі аказаліся раней судзімыя мужчыны, бацька і сын з г. Баранавічы. Увогуле ў супрацоўнікаў аддзела крымінальнага вышуку заўжды многа работы, і працуюць яны самааддана, не лічацца з асабістым часам, нават ва ўрон сваім сем’ям. На іх заўжды можна разлічваць. У РАУС ёсць некрытычны недакамплект кадраў. З-за гэтага расце нагрузка на асобных супрацоўнікаў, маем намер выправіць гэтую сітуацыю, спадзяюся, ужо ў бягучым годзе.
– Каго сёлета вылучыце як лепшых з лепшых?
– Начальніка аддзела крымінальнага вышуку Аляксандра Кікуна і старшых оперупаўнаважаных Аляксея Котава, Івана Калтуневіча, Васіля Арцюшэню. З старшых участковых інспектараў вылучу Юрыя Амяляшчыка, Сяргея Давідовіча, участковых інспектараў Віктара Ляшчынскага, Сяргея Курыловіча, старшага інспектара прафілактыкі Наталлю Квашэвіч. Дэманструе лепшыя якасці супрацоўнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі Надзея Валошчык. Напярэдадні прафесійнага свята зычу ўсім супрацоўнікам аддзела, нашым паважаным ветэранам найперш мірнага неба над галавой, здароўя і дабрабыту, падтрымкі родных і блізкіх – без яе ўсё губляе сэнс. Хутка 8 Сакавіка, і я накіроўваю самыя цёплыя віншавальныя словы ўсім жанчынам і супрацоўніцам нашага аддзела ў прыватнасці. Няхай ваша прыгажосць і дабрыня натхняюць мужчын на найлепшыя ўчынкі, на імкненне да сваіх мэт, і вы будзеце за тое адораныя іх увагай і клопатам. Светлых дзён усім нам.
Гутарыла Вольга МАЦВЕЕНЯ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.