Працаваць з людзьмі і для людзей
60-гадовы юбілей адзначае старшыня Святавольскага сельсавета Анатолій Шчурко.
Журналістам раёнкі вельмі часта выпадае нагода бываць у вёсках і аграгарадках Святавольскага сельсавета. І невыпадкова. Ні ў якім разе не хочацца пакрыўдзіць іншыя населеныя пункты Івацэвіччыны, аднак зазначым, што людзі тут жывуць сапраўды добрыя, працавітыя і адкрытыя.
– Адным словам, руплівыя палешукі! – ёмка ў размове падкрэсліў заслугі землякоў старшыня Святавольскага сельсавета Анатолій Шчурко.
Ён і сам адносіцца да разраду такіх жа шчырых працаўнікоў, для яго Святавольскі сельсавет і в. Вялікая Гаць, у якой жыве ўжо амаль 40 гадоў, сталі месцам сілы, штодзённага клопату і вялікай адказнасці за дабрабыт мясцовага насельніцтва.
Чарговая прыемная нагода прывяла нас сюды зноў – Анатолій Пятровіч 28 сакавіка святкуе свой 60-гадовы юбілей. Што тут скажаш: для мужчыны гэта ўзрост, калі сіл яшчэ поўна, ідэі б’юць ключом, а за плячыма – багаты жыццёвы вопыт і загартаваны характар, што пачаў фарміравацца са шчаслівага, хоць і няпростага, вясковага дзяцінства.
Жыццёвыя шляхі-дарогі
Нарадзіўся Анатолій Шчурко ў в. Заполле, што на Косаўшчыне.
– Тата працаваў зборшчыкам мэблі на Косаўскай фабрыцы, мама – паляводам у калгасе. Вялікая хатняя гаспадарка, а ў полі – соткі бульбы, калгасныя дзялкі льну і буракоў па гектару. Дапамагаць бацькам для нас было святым абавязкам. Таму мама мне часта казала: вучыся, сынок, каб тваё жыццё было хоць крыху лягчэйшым, – успамінае мой субяседнік.
Паслухаўшыся бацькоў, пасля Запалянскай васьмігодкі Анатолій адправіўся вучыцца ў Ляхавіцкі саўгас-тэхнікум на агранома.
– Студэнтамі мы па вечарах разгружалі вагоны, каб зарабіць свае грошы і каб бацькам было не так накладна, – дадае ён.
Пасля вучобы запалянскі хлопец адслужыў у арміі ў далёкай Чэхаславакіі, а пасля па волі лёсу першым яго працоўным месцам стаў калгас імя Калініна ў Святой Волі. У хуткім часе ў суседняй Вялікай Гаці ён спаткаў сваю спадарожніцу жыцця Зою Іванаўну, тут яны і аселі. Уласнымі сіламі і з дапамогай калгаса, які выдзяляў у лік зарплаты матэрыялы, яны пабудавалі дом, у ім у міры і згодзе выгадавалі дваіх дзяцей – дачку і сына.
Завочна Анатолій Шчурко паглыбляў свае веды па аграноміі ў Горацкай сельгасакадэміі, а потым яго працоўныя здольнасці запрыкмеціла раённае кіраўніцтва і прапанавала ўзначаліць саўгас «Косава».
– Няпросты быў час, канец 90-х, – расказвае Анатолій Пятровіч. – Надоі былі мізэрнымі, тэхнікі – мала, зарплаты затрымлівалі.
Ды праз тры гады дырэктарства зноў прапанова паступіла стаць на прыступку вышэй на службовай лесвіцы, і Анатолій Шчурко папоўніў штат спецыялістаў райсельгасхарчу. На гэтым працоўныя сцежкі-дарожкі нашага героя не скончыліся, і асаблівай вехай у яго працоўнай біяграфіі стала пасада дырэктара Івацэвіцкага льнозавода.
– Вярнуўся да таго самага льну, які так надакучвала збіраць і вязаць у снапы на полі ў дзяцінстве, дапамагаючы маме. Яго, дарэчы, і ў саўгасе «Косава» тады вырошчвалі масава, – усміхаецца суразмоўца.
Ён адзначае, што і гэтая работа яму надта падабалася, але льнозаводу не пашчасціла апынуцца ў праграме мадэрнізацыі і ў 2013 годзе ён спыніў сваё існаванне. На нядоўгі час прыйшлося вярнуцца ў райсельгасхарч спецыялістам, а з красавіка 2014-га ў яго жыцці пачалася новая працоўная старонка ў якасці старшыні сельвыканкама.
Філасофія і практыка старшыні сельскага савета
– Спасцігнуўшы азы кіраўніцтва на папярэдніх пасадах, ведаючы сельскі ўклад жыцця і жывучы ў Вялікай Гаці, якая за гады стала роднай, дзе ведаюць цябе і ты многіх ведаеш, маючы дастатковы вопыт дэпутатцтва, асаблівых цяжкасцей не ўзнікала. Я ўсведамляў, што тут давядзецца працаваць не толькі з дакументамі, але і ў першую чаргу з людзьмі, знайсці з імі паразуменне і стаць сувязным звяном паміж імі і раённай уладай. Хачу сказаць, што мне пашчасціла трапіць на святавольскую зямлю. Адзін у полі не воін. Без людзей, працавітых, нераўнадушных, якія жывуць тут, не атрымалася б нічога, – разважае старшыня сельвыканкама ў адказ на пытанне, ці не хвалююча было пачынаць новую для яго справу.
У 2022 годзе пасля аптымізацыі да Святавольскага сельсавета далучыліся Аброўскі і Амяльнянскі. І калі раней на падведамаснай тэрыторыі было чатыры населеныя пункты, то пасля аб’яднання іх стала 10, прычым тры з іх – буйныя аграгарадкі.
– Кожны населены пункт савета – асаблівы, там свой быт і свой уклад жыцця. І я разумею, што ўсюды патрэбна аднолькавая ўвага, каб людзі не заставаліся ў крыўдзе. Да прыкладу, за грошы, якія Святавольскі сельскі Савет дэпутатаў атрымаў за другое месца ў абласным конкурсе па выніках 2024 года, мы закупілі тры каруселі і шэсць качалак-балансіраў, іх размясцілі ў кожным аграгарадку на дзіцячых пляцоўках. Падобнага прынцыпу кіруюся і ў адносінах добраўпарадкавання – стараемся не абмінуць увагай вёскі з далучаных сельсаветаў, ніколі не дзелім на сваіх і чужых. Раз далучыліся, значыць, усе свае! Да таго ж у Амяльной і Аброве па-ранейшаму ёсць спецыялісты, да якіх могуць звярнуцца людзі, – дзеліцца Анатолій Пятровіч.
Супрацоўніцтва і падтрымка
Сцены і шафу яго кабінета ўпрыгожвае мноства дыпломаў і грамат, як асабістых, так і сельвыканкама. І ў гэтым, як лічыць старшыня, вялікая заслуга тых, хто заўсёды побач. Ён падкрэслівае, што сельсавету пашчасціла мець на сваёй тэрыторыі дзве моцныя гаспадаркі – ААТ «Святая Воля» і «Мічурынск», якія ўзначальваюць граматныя, вопытныя і, што немалаважна, нераўнадушныя да праблем вяскоўцаў кіраўнікі Уладзімір Любушак і Дзмітрый Бурчук, з імі наладжана цеснае супрацоўніцтва.
У Святавольскай акрузе народам выбраны сем дэпутатаў, сярод іх мясцовыя дырэктары ўстаноў адукацыі, сельгаспрадпрыемстваў, якія адклікаюцца і дапамагаюць рэалізоўваць розныя ініцыятывы, ладзіць святы, займацца добраўпарадкаваннем і не шкадуюць у гэта ўкладваць сродкі. Цэніць Анатолій Шчурко і работу стараст вёсак, яны таксама правая рука для старшыні сельвыканкама.
Свой вялікі ўклад у агульныя справы і духоўнае абагачэнне вяскоўцаў робіць і айцец Мікалай, настаяцель храма.
– За бюджэтныя сродкі ў 2024 годзе ўдалося абнавіць у Святой Волі помнік аднавяскоўцам, загінуўшым у гады вайны, і тэрыторыю вакол яго. У мінулым годзе разам з Уладзімірам Любушаком і старастам Аляксеем Кудраўцом заняліся добраўпарадкаваннем такога ж памятнага месца ў Вялікай Гаці, тут грашовыя сродкі выдзеліла сельгаспрадпрыемства, за што я вельмі ўдзячны, – прыводзіць прыклад старшыня.
Грамадзянскія ініцыятывы
Варта прыгадаць і нядаўнюю рэалізацыю грамадзянскай ініцыятывы ў Вялікай Гаці. У мінулым годзе быў распрацаваны і граматна абгрунтаваны праект пад назвай «Захоўваючы, ствараем», які трапіў у лік пераможцаў на абласным конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў абласнога Савета дэпутатаў.
Вяскоўцы ж на чале са старшынёй сельвыканкама, не чакаючы вынікаў конкурсу, сваімі сіламі прыступілі да рэалізацыі. Так, у Вялікай Гаці дзякуючы іх намаганням з’явілася пляцоўка з фрагментам вузкакалейнай жалезнай дарогі і паравозам як напамін пра тую, што некалі праходзіла праз мясцовасць, а побач арганізавалі музей пад адкрытым небам, дзе размясцілі экспанаты, што характарызуюць быт рознага часу (пра гэта падрабязна пісала раёнка). Удвайне прыемней той факт, што ініцыятыву падтрымлівае мясцовае насельніцтва, выхадцы, бо згодна з умовамі праекта неабходна сабраць 3 100 рублёў, 10 працэнтаў ад сумы, якую прадугледжвае праект, астатнія 90 працэнтаў выдзеліць вобласць. Так што музей пад адкрытым небам будзе развівацца.
– Нам неабходна зберагчы гістарычную памяць, перадаць яе маладому пакаленню. Нашы дзяды і прадзеды прайшлі праз жахі войнаў, каб мы маглі жыць у міры, – разважае пра значымасць праекту і добраўпарадкаванне памятных месцаў Анатолій Шчурко. – Маладое пакаленне, якое нарадзілася і вырасла ў мірны час, не ўсведамляе ўсёй каштоўнасці гэтага дару. Расказваючы ім пра подзвігі і ахвяры сваіх продкаў, мы дапамагаем зразумець, што мір і хлеб на стале – гэта не данасць, а вынік цяжкай працы і барацьбы.

Што яшчэ хвалюе старшыню сельвыканкама? Хочацца яму, каб жылі вёскі, каб гучаў у іх звонкі дзіцячы смех, каб часцей рэгістраваліся шлюбы ў сельвыканкаме, каб як мага даўжэй жылі пенсіянеры…
Сям’я – надзейная апора
А яшчэ хочацца больш часу праводзіць з сям’ёй, яна ва ўсіх жыццёвых перыпетыях – надзейны прычал.
– Вельмі ўдзячны сваёй жонцы Зоі Іванаўне за ўзаемаразуменне, падтрымку і за сваіх дзяцей. Шчыра прызнацца, за работай я не бачыў, як яны раслі і сталелі. Ішоў на працу рана, вяртаўся позна. І выхаванне клалася на яе жаночыя плечы, прычым яна ўмела сумяшчала клопат пра дзяцей з работай прадаўца ў магазіне райста. Ды і хатняя гаспадарка заўжды была ў нас вялікай, – прызнаецца суразмоўца.
А ў працавітых бацькоў і дзеці выраслі годнымі людзьмі, якімі па праве можна ганарыцца: Кацярына – зубны ўрач ЦРБ, Аляксандр – намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Івацэвічдрэў». Яны падарылі бацькам ужо дваіх унукаў.
Працягваючы размову, Анатолій Пятровіч з усмешкай дадае:
– А вось што датычыцца ўнукаў, то тут я ўжо стараюся не прапусціць ніводнага моманту. Калі ёсць магчымасць, абавязкова гуляю, чытаю казкі. Гэта такая радасць, якую не перадаць словамі. Яны – наша будучыня, наша надзея.
На пытанне пра далейшыя планы старшыня сельвыканкама падсумоўвае:
– Ёсць яшчэ шмат нявырашаных пытанняў, шмат ідэй, якія хочацца ўвасобіць у жыццё. І пакуль ёсць такія працавітыя, адданыя сваёй справе людзі, як у нашым сельсавеце, усё атрымаецца!
Безумоўна, атрымаецца, Анатолій Пятровіч! Няхай Ваш юбілей стане новым вітком для чарговых здзяйсненняў на карысць сям’і, Святавольскага сельсавета і ўсёй Івацэвіччыны.
Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.





