Прыехала, каб застацца
У ААТ «Горталь», дарэчы, адной з лепшых гаспадарак раёна, Раіса Віктаровіч працуе роўна трыццаць тры гады. Пачынала брыгадзірам фермы, з 2014 года яна – галоўны заатэхнік. Па словах жанчыны, сельская гаспадарка – гэта цяжкая, паўсядзённая праца. Але і радасць. Асабліва, калі бачыш вынікі.
Жывёлагадоўля ў плюсе
Адну з ключавых пазіцый у адкрытым акцыянерным таварыстве «Горталь» займае жывёлагадоўля. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы складае 5 540 адзінак, з якіх 1 607 – дойны статак.
– За восем месяцаў бягучага года вытворчасць малака склала 9 222 тоны, а гэта плюс 111 працэнтаў у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года, – абазначае асноўныя дасягненні гаспадаркі ў жывёлагадоўчай галіне Раіса Аляксееўна. – Удой ад адной каровы склаў 5 408 кілаграмаў. Паказчык рэалізацыі малака сортам экстра стабільна высокі – 100 працэнтаў ад агульных аб’ёмаў вытворчасці. Сярэднясутачная прывага буйной рагатай жывёлы – 708 грамаў.
Высокапрадукцыйнае пагалоўе ў гаспадарцы ўтрымліваецца на шасці комплексах, два з якіх працуюць у Горталі, астатнія – у суседніх вёсках Краі, Рэчкі, Рудня, Вулька-Целяханская.
– Вылучаецца новы малочнатаварны комплекс «Горталь – 2», – працягвае Раіса Віктаровіч. – На гэтым аб’екце, з мадэрнізаванымі і новымі памяшканнямі, устаноўлена сучаснае абсталяванне, створаны ўсе ўмовы не толькі для рагуль, але і для работы, адпачынку персаналу.
Разам з будаўніцтвам і мадэрнізацыяй жывёлагадоўчых аб’ектаў, якія інтэнсіўна вядуцца ў гаспадарцы апошнім часам, нарошчваецца дойны статак.
– Маладых рагуль, калі дасягнулі ўзросту, што падыходзіць для першага ацёлу, – адзначае заатэхнік, – пераводзім у асноўны статак, пастаянна займаемся яго ўзнаўленнем, а таксама вялікую ўвагу надаём здароўю кароў і іх ветэрынарнаму абслугоўванню.
Па словах Раісы Віктаровіч, не апошнюю ролю для павышэння вытворчасці і рэнтабельнасці жывёлагадоўчай галіны адыгрывае нарыхтоўка кармоў.
– Сёлета дзякуючы зладжанай рабоце агранамічнай службы, механізатараў для буйной рагатай жывёлы нарыхтавана дастатковая колькасць пажыўных кармоў, а гэта: 17 тысяч тон сенажу, 525 тон сена. Пры плане 25 тысяч тон ужо нарыхтавалі 3 850 тон сіласу. Адным словам, меню ў статка ёсць і будзе раскошным.
У кожнага свая вышыня
Безумоўна, камбінацыя сучасных тэхналогій, кармавой базы і эфектыўнае кіраванне – асноўная формула поспеху не толькі жывёлагадоўчай галіны, але і сельгаспрадпрыемства ў цэлым. Вось толькі камбінацыя будзе незавершанай, калі не сказаць пра людзей.
– А нам, насамрэч, ёсць не толькі чым, але і кім ганарыцца, – прызнаецца Раіса Віктаровіч, а потым нетаропка, удумліва, каб толькі пра каго не забыцца, пачынае пералічваць тых, хто дасягнуў пэўнай вышыні, хто па праву з’яўляецца славай і гонарам гаспадаркі.
– Даўно і сумленна працуюць у гаспадарцы брыгадзіры ферм Віктар Дзягцярык, Ніна Бінкевіч, Валерый Арцюх. Высокую эфектыўнасць сваёй работы даказваюць выхадам цялят у 88 працэнтаў асемянатары гаспадаркі Ігар Асіпік і Іван Булат. Некалі звязалі сваё жыццё з гаспадаркай, і вось ужо больш за трыццаць год шчыра, аддана працуюць аператары машыннага даення Галіна Мохар, Ала Мялік, Людміла Паўловіч, Ірына Дзягцярык, Галіна Купрыянчык, Галіна Палойка. Да цялятак, нібыта да малых дзетак, ставяцца жывёлаводы прафілакторыя Жанна Халадовіч, Наталля Віктаровіч, Таццяна Струнеўская.
Самыя лепшыя словы з вуснаў жанчыны гучаць і ў адрас кіраўніка ААТ «Горталь» Міхаіла Ката.
– Сапраўдны гаспадар! Жыве з перспектывай, смела прымае любыя, нават самыя складаныя рашэнні, а самае галоўнае – бачыць чалавека ў чалавеку і як найвялікшую каштоўнасць цэніць яго.
Па прыкладу хрышчонай
У вёску Горталь Раіса Аляксееўна некалі прыехала па размеркаванні ў Ляхавіцкім (тады яшчэ) аграрным саўгастэхнікуме. Першым працоўным месцам для яе стала калгасная ферма, на якой гадавалі свіней, вырошчвалі і дарошчвалі буйную рагатую жывёлу. Нягледзячы на тое, што мела Раіса Аляксееўна статус маладога спецыяліста, кіраўніцтва гаспадаркі не пабаялася і адразу ж пасля тэхнікумаўскіх калідораў прапанавала ёй пасаду загадчыцы фермы. А тая і згадзілася.
– Працаваць было цікава, – успамінае Раіса Аляксееўна. – Пасля вучобы ў тэхнікуме разам са мною закладваць падмурак працоўнай біяграфіі прыехалі яшчэ дзве маіх аднакурсніцы. Адна працавала лабарантам на ферме, другая – племулікоўшчыкам. Праўда, з нашай дружнай «тройкі» вернай гаспадарцы засталася толькі я адна. У пошуках лягчэйшага хлеба пакінулі яны вёску. Да ўсяго, моладзі ў Горталі многа было, людзі таксама другімі былі, хоць і жылі, працавалі куды цяжэй, чым зараз.
У Горталі Раіса Аляксееўна сустрэла і сваю другую палову.
– Пасля таго, як зарэгістравалі шлюб, гаспадарка паклапацілася аб тым, каб быў у нас дах над галавою. Прывыкшыя з дзяцінства да вясковай працы, з першых дзён сумеснага жыцця трымалі з мужам свіней, карову, птушку розную. Нават цяпліцу муж пабудаваў, каб свае, без хіміі і нітратаў агуркі, памідоры, зеляніну есці.
Так і карціць зрабіць акцэнт на цяпліцы, бо з’явілася яна на агародзе Віктаровічаў невыпадкова. А справа вось у чым. Родам Раіса Аляксееўна са Столінскага раёна, а там мець цяпліцу на агародзе, што некалі рускую печ у вясковай хаце.
– Толькі сыдзе снег, дыхне першым цяплом вясна – кіпіць работа ў столінцаў на прыся-
дзібных участках, дымяцца каміны ў цяпліцах… Першыя кроп, агуркі, кабачкі абавязкова павінны быць у іх.
Узгадваючы былое, субяседніца цяжка ўздыхнула.
– Не ведаю, была маладосць ці мо прыснілася… Праляцела нібыта адно імгненне. Шмат часу забірала работа на ўласнай гаспадарцы. Цяпер людзі так не працуюць, куды лягчэй жывуць. Не лічылася з асабістым часам, нават у выхадныя дні была на ферме. А дадому, да мамы так хацелася паехаць!..
Дом, малая радзіма для Раісы Аляксееўны – гэта вёска Вялікае Малешава на Століншчыне.
– Зараз Вялікае Малешава сучасны аграгарадок з амаль што дзвюма тысячамі насельніцтва. Многа шматдзетных сямей, яшчэ больш – працалюбівых, шчодрых на дабрыню, гасціннасць людзей, – працягвае расказ субяседніца. А далей успамінае юнацтва і чалавека, па прыкладу якога ступіла на сцежку, што прывяла яе працаваць у сельскагаспадарчую галіну. – З дзяцінства марыла я быць настаўнікам. Ды толькі марам гэтым не суджана было збыцца. Хрышчоная, якая на той час працавала загадчыцай фермы ў нашай вёсцы, падштурхнула да таго, каб паехала я па навуку ў Ляхавіцкі саўгастэхнікум, маўляў, работа цікавая, заробкі нядрэнныя і, калі не лянавацца, павага, аўтарытэт абавязкова прыйдуць.
Ці шкадуе Раіса Аляксееўна аб тым, што не стала настаўнікам?
– А ні кропелькі. Праўда, – кажа жанчына. А потым няхай сабе коратка, але ж вельмі мудра дадае: – Шкадаванне разбурае чалавека…
Дарэчы, сястра і брат Раісы Віктаровіч, а ўсяго ў яе сям’і было пяцёра дзяцей, месцам для жыцця таксама выбралі Горталь.
– Па тым часе не толькі ў вёсцы, але і ў гаспадарцы нашай была «касмічная» занятасць: людзі ў самых розных сферах дзейнасці патрэбнымі былі. Тут брат ажаніўся, сястра замуж выйшла, працаваць сталі, гнёзды свае пабудавалі, дзетак пагадавалі… Адным словам, усе мы прыехалі ў Горталь, каб застацца.
Галіна МІКАЛАЕВА, фота аўтара.





