x
Close
Главная новость Культура Новости

«Прыйшлі Каляды – усе людзі рады»

«Прыйшлі Каляды – усе людзі рады»
  • Опубликовано:7 января, 2023

Прыйшлі Каляды – усе людзі рады.
Вепручкоў смаляць і жыццё хваляць.
А перш за ўсё трэба куццю на стол паставіць:
Зараз прыйдуць да нас госці – калядоўшчыкі.

Як адзначаюцца Каляды на вёсцы, ці ходзяць зараз калядоўшчыкі, мы адправіліся высветліць
у загадчыка Гошчаўскага сельскага Дома культуры Марыі Муха, вялікай аматаркі фальклору.

Марыя Рыгораўна разам з культарганізатарам Кацярынай Жывіневіч і дзецьмі сустрэлі нас у святочным убранні якраз для калядавання песнямі і пажаданнямі, бо прыйшлі «Хрыста Бога ўсхваляці і вас са святам вітаці!». Былі і галоўныя атрыбуты калядоўшчыкаў – Калядная Зорка і Каза.
Вяскоўцы шчыра сустракалі калядоўшчыкаў на вуліцы, нават давалі пачастункі. Усім хацелася задобрыць Казу, каб наступны год быў ураджайным і спрыяльным.

Любоўю да фальклору і народнай музыкі Марыя Муха вызначалася з маленства. Яе дзяцінства прайшло ў вёсцы Выганашчы, у шматдзетнай сям’і, іх было шасцёра. Успамінае Марыя Рыгораўна, як вельмі любіла хадзіць з бацькамі на вяселлі. Дзяцей за стол не садзілі, толькі калі дарослыя ішлі танцаваць, тады малым можна было паесці прысмакаў са стала. А маленькая Марыя заўсёды садзілася каля вясковага музыканта і з замілаваннем і цікаўнасцю сачыла за ігрой на музычным інструменце, і гэта здавалася ёй нейкай недасягальнай таямніцай. А ў хаце Марыя ўгаворвала маці напяваць песенныя матывы, а дзяўчынка спрабавала падабраць мелодыю на гармоніку, які быў у іх.

Любоў да народных свят і песень прадоўжылася, і калі разам з мужам пераехалі жыць у Вялікую Гаць. На той час многія жанчыны ў вёсцы шмат ведалі фальклорных песень і звычаяў, а маладая жанчына Марыя імкнулася як мага болей запомніць і запісаць: і песні мясцовыя, і танцы, і абрады…

Ужо гадоў 20 жыве Марыя Муха ў Гошчаве. Калі толькі пераехалі, жанчына адразу стала цікавіцца мясцовымі традыцыямі і песнямі, а ёй адказалі, што «больш фальклору ў Гошчаве няма і не шукай!». Але хто шукае, той і знаходзіць. Заўважыла Марыя Рыгораўна, што фартушок, які жанчыны-каравайніцы апранаюць пры выпяканні вясельных караваяў, адрозніваецца ад вялікагацкага фартушка. І кветачкі вышытыя іншыя, і не так, і крой адрозніваецца, у гошчаўскім ёсць фальбонка з усіх краёў фартушка, ды і маленечкая кішэнька. Аказалася, што ў гэтай кішэні жанчыны неслі дахаты шышачку з каравая – частаванне для маленства, якое чакала ў хаце. У Гошчаве пад прыгожы фартух жанчыны апраналі чорныя спадніцы, калі ў Вялікай Гаці – квяцістыя. А кашуля звычайна была белай, але сустракаецца і з вышыўкай.

У Гошчаўскім СДК добра наладжана работа ў фальклорным кірунку. Праводзяць абавязкова Калядкі, пасля Шчодрыкі, Масленіцу, Пакровы… «Па традыцыі на Каляды ходзяць больш хлопцы, а на Шчодрыкі – дзяўчаты, а хлопцы калі ідуць, пераапранаюцца абавязкова ў розныя жаночыя персанажы, – расказвае Марыя Рыгораўна. – У маім дзяцінстве на Каляды вялікі дубовы стол накрываўся белым абрусам, пад які маці абавязкова клала сена. Пасля нас дзяцей прасілі выцягнуць саломіну. Часцей за ўсё цягнула я. Калі саломіна доўгая – то добра, будзе харошы ўраджай. Чакалі Каляд, бо да таго пасцілі. І куцця з печы была абавязковай стравай і такой смачнай. А яшчэ чакалі каўбасаў, якія да свят сушыліся на печы».

Калядуюць работнікі СДК са сваімі гурткоўцамі аб’яднання «Спадчына» не толькі ў Гошчаве, наведваюць і суседнія населеныя пункты.

Марыя Рыгораўна на пенсіі, але з задавальненнем ужо пяты год працуе, змяніўшы сферу адукацыі на культуру, тым больш яны ў нечым падобныя – зноў з дзецьмі. Работа ёй падабаецца, ідэй мноства, хапіла б сіл і сродкаў усё рэалізаваць. Муж другі раз смяецца: «Навошта табе гэта?», а яна адказвае. «На рабоце адпачываю душой, а клопаты мяне не пужаюць, і калектыў свой люблю».
Ёсць у Марыі Рыгораўны адна мара на дваіх з культарганізатарам Кацярынай – трапіць на тэлеперадачу да Андрэя Малахава «Песні для душы»: яны і песні праспявалі б, і на гармоніку ці баяне сыгралі б, а Кацярына і свістаць як салавей умее, заслухаешся.

Няхай у гэты чароўны час ад Каляд да Вадохрышча ўсе самыя запаветныя жаданні і мары збываюцца!