Close
Главная новость Новости Общество

Прыйсці да веры прасцей праз прыклад бацькоў…

Прыйсці да веры прасцей праз прыклад бацькоў…
  • Опубликовано:9 апреля, 2023

Аб тым, наколькі важны ў дзяцінстве прыклад бацькоў, асабліва ў пытаннях веравызнання, гаварылі Аляксей і Марына Куратнікі падчас нашай сустрэчы ў Чысты чацвер. Некалі маці Аляксея Ганне Іосіфаўне шлях да касцёла паказаў бацька Іосіф Аляксандравіч, пасля маці прывяла на імшу сыноў – Аляксея і Паўла. Зараз ужо дарослыя сыны, шматдзетныя бацькі, вядуць да касцёла сваіх малых і жартуюць, што Куратнікі ў поўным складзе ўжо займаюць паўкасцёла, і гэта ж добра!

Напярэдадні светлага свята – Вялікадня – мы сустрэліся з сям’ёй з Івацэвіч, якая выхоўвае пяцярых дзяцей, бацька са старэйшымі сынамі дапамагае на службах ксяндзу, а маці да дэкрэтнага водпуску вяла заняткі катэхезы.

Ехалі да касцёла пад 30 км на матацыкле

Два браты ў сям’і Куратнікаў – старэйшы Аляксей і малодшы Павел – памочнікі ксяндза, містранты. Гэта рэдкасць, і адразу задаешся пытаннем: у якой жа сям’і растуць людзі такой моцнай веры?..
Гаспадар Аляксей Куратнік успамінаў, як дзядуля Іосіф, які жыў у Караннай, ездзіў на службы аж у Лагішын. Пасля ў касцёл ён браў дзяцей, таксама і дачку Ганну. Мой субяседнік Аляксей нават пазваніў маці, каб успомніць, як дабіраліся да храма. Ганна Іосіфаўна расказала: ездзілі на матацыкле на службы і даволі часта. Па некалькі разоў на месяц сям’ёй дабіраліся ў Лагішын і не бачылі ў тым праблемы, бо была патрэба шчыра памаліцца.

У Куратнікаў засталася радня ў Лагішыне, таму калі едзе Аляксей з сям’ёй у госці, то ў праграме заўсёды наведванне храма.

Пазней, ужо ў Івацэвічах, Ганна Іосіфаўна прывіла і сынам любоў да Бога. І тут таксама трэба было ісці праз церні да зорак, пакуль у 2006-м у райцэнтры пабудавалі касцёл, вернікі дзе толькі не маліліся. Разам з маці Лёша і Паша кожны тыдзень спяшаліся на службу то ў гарадскі Дом культуры, то ў былы клуб лесазавода… Браты наведвалі Нядзельную школу, пасля здалі экзамены і сталі містрантамі. А як узяліся ўсе за будаўніцтва гарадскога касцёла!

– Усе разам мы цягалі камяні, мясілі бетон, былі і начнымі вартаўнікамі на будоўлі, – успамінае Аляксей Куратнік. – Паша мой быў яшчэ малы, а я падлеткам добра папрацаваў на карысць касцёла і гэтаму шчыра рады. Па выхадных мы гулялі на тэрыторыі ў футбол, ксёндз збіраў моладзь на бяседы, пасля смажылі ўсе разам шашлыкі. Касцёл «ажываў» паступова, і людзі туліліся да яго яшчэ задоўга да афіцыйнага адкрыцця. Спачатку тут з’явілася невялікая каплічка (зараз гэта гараж), і мы ўжо адчулі сябе нібы дома, у католікаў з’явіліся свае сцены.

Мужа і жонку павінна яднаць адна вера..

Аляксей і Марына пазнаёміліся ў 2006 годзе. У 2008-м ажаніліся і павянчаліся ў Касцёле Святых апосталаў Пятра і Паўла. Здзіўляешся, як такой маладой 18-гадовай нявесце хапіла жаночай мудрасці, каб зразумець, што для каханага вельмі важна і неабходна быць з жонкай у адной веры.

– Я з праваслаўнай сям’і, і мае родныя нават спужаліся, калі я па прапанове Лёшы хадзіла на службы ў касцёл, – дзеліцца Марына Куратнік. – Я крайне няёмка адчувала сябе ў касцёле, не ведала, як сябе паводзіць, лавіла на сабе цікаўныя погляды парафіян. Але як я не пайду за мужам, калі ён – правая рука ксяндза, памочнік на службах?.. Я прыняла касцёльныя абрады, і мы павянчаліся. І хто ведаў, што праз гады я яшчэ скончу Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах і буду выкладаць у Нядзельнай школе. Зараз я прыпыніла заняткі, яшчэ надта маленькі наш Андрэйка, але пасля дэкрэтнага водпуску працягну выкладаць слова Божае нашым дзеткам.

Так, асаблівая радасць на душы і на сэрцы з’явілася, калі на кухню для сямейнага фота адзін за адным «высыпалі» ўсе дзеці сям’і – прыгожыя, жыццярадасныя, з агеньчыкам у вачах. 14-гадовая прыгажуня Мая – шчаслівіца, бо расце побач з чатырма братамі-памочнікамі: 12-гадовым Валерам, Маркам, яму 10, 6-гадовым Кірылам і гарэзам Андрэйкам, яму толькі паўтара гады.

Такой вялікай кампаніяй Куратнікі наведваюць амаль усе службы, прапускаюць па ўважлівых прычынах. Бацька Аляксей цяпер толькі калі ёсць патрэба, дапамагае ксяндзу на службах, сваю місію ён перадаў сынам. Валера ўжо здаў экзамен і стаў містрантам, Марк пакуль яшчэ памочнік. Хлопчыкі расказалі, што ксёндз Адам сам вырашае, хто і калі будзе здаваць экзамен, гэта залежыць ад асабістай гатоўнасці канкрэтнага дзіцяці да такой адказнай справы. Хутка і Кірыл пойдзе ў Нядзельную школу. Усе дзеці пры касцёле, як і іх бацькі. Пры гэтым яшчэ яны наведваюць музыкальную школу, трэніроўкі па футболе, нядрэнна вучацца ў школе. Як бачна, у гэтай сям’і асабісты станоўчы прыклад працуе ўжо не адно пакаленне.

Пост не столькі ў ежы, колькі ў душы

Куратнікі прытрымліваліся посту. Усе сем тыдняў сям’я не наведвала ніякіх вясельных мерапрыемстваў, ніхто не слухаў музыку, па серадах і пятніцах не елі мяса. Дзецям да 12 гадоў не абавязкова прытрымлівацца посту, але бацькі неназойліва прапануюць і малым далучацца да сям’і.

– Не думайце, што так проста дзіцяці нават два дні ў тыдзень адмовіцца ад таго ж мяса, – кажуць бацькі. – Тут яшчэ спрацоўвае так званы «закон подлости», і менавіта ў тую ж пятніцу ім так хочацца каўбасы. Мы ніколі не забараняем строга і не вымушаем ісці на службу ці пасціцца. Па пятніцах гатуем дзецям любімую бульбу-фры, у другія дні такім не ласуемся. Дык яны чакаюць той пятніцы. Так на службу прапануем пайсці, расказваем, чаму гэта неабходна, аднак калі не хоча нехта з іх сёння памаліцца шчыра, дык і не трэба. Толькі так, вельмі акуратна і без прымусаў адкрываецца шлях да Бога.

Ад аўтара

Аляксей і Марына не адмовілі мне ў сустрэчы нават у такі насычаны тыдзень, у чацвер пасля размовы яны спяшаліся на службу. А перад гэтым маці вялікай сям’і пафарбавала яйкі і напякла кулічоў – пах стаяў з чацвёртага паверха дома па першы. Бацька працуе і ўваходзіць у склад (касцёльнага камітэта), маці даглядае за дзеткамі, пасля дэкрэтнага водпуску вернецца на работу Марына медык і будзе выкладаць у Нядзельнай школе. А яшчэ на іх дзеці, школы-садкі і безліч гурткоў па інтарэсах. Як усё паспяваецца, як ладзяць паміж сабой бацькі ў такім патоку спраў і маленькіх перашкод на шляху да шчасця сямейнага…

Куратнікі жартуюць, што жывуць у двух хвілінах ходу да касцёла, а заўсёды прыбягаюць у касцёл за хвіліну да пачатку службы. І не дзіўна гэта, пакуль збярэш сем чалавек… Гледзячы на ўсіх дзетак, шчыра разумееш, колькі спраў у гэтых бацькоў, колькі клопату.

– Як удаецца вам кахаць і заставацца шчаслівымі мужам і жонкай у такім рытме жыцця? – шчыра цікаўлюся.

– Мы ніколі не думалі, што станем шматдзетнымі, – пачаў Аляксей. – Мы раслі ўдваіх з братам, Марына ўвогуле адна дачка ў сям’і. Вера ў Бога не дазваляе нам пайсці на забойства і зробіць аборт, таму мы з радасцю прымаем усіх дзетак у сям’ю. Яна ж, вера, дапамагае выбачаць, не заўважаць нечага, знаходзіць сілы. А яшчэ мы з Марынай толькі-толькі прыехалі з чарговых сямейных сустрэч.

Гэта касцёльны рух, але на рэкалекцыі прымаюць пары любога веравызнання, і яго сутнасць у паглыбленні і ўзнаўленні пачуццяў паміж мужам і жонкай. Паспрабуйце пражыць з жонкай ці мужам тры дні ў адным памяшканні без тэлевізара і тэлефонаў. Ці будзе вам пра што пагаварыць, ці будзе вам цікава побач? Тут і выплываюць усе праблемы, пункцікі, якія замоўчваюцца ў паўсядзённым жыцці, але патрабуюць выпраўлення. Такія сустрэчы асабіста нам вельмі дапамагаюць, сёлета з намі паехалі нашы праваслаўныя сябры. Яны таксама ацанілі такі незвычайны вопыт.

Ужо сёння Куратнікі збяруць усе разам карзіну і пойдуць на вячэрнюю службу, каб асвяціць велікодную ежу. У іх доме са шчырай малітвай будуць святкаваць чарговы Вялікдзень.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.