«Работа і радасць перамагаюць старасць»

Таццяна Мінюк – стараста вёскі Няхачава. І няхай сабе ўсяго тры з паловай гады яна шчыруе на гэтай пасадзе, добрых спраў на рахунку жанчыны нямала. Нездарма ж Падзяку падчас урачыстасці па ўшанаванні стараст сельскіх населеных пунктаў ёй уручыў кіраўнік раёна Уладзімір Бялоў. Жанчына расказала, як хораша, душэўна праходзіла мерапрыемства, колькі добрых, шчырых слоў самыя звычайныя людзі, сельскія старасты, атрымалі ў свой адрас ад кіраўніцтва раёна.
– Дакладна ведаю, многім з тых, хто знаходзіўся ў зале, захацелася яшчэ больш і лепш працаваць, – прызнаецца Таццяна Іванаўна. – Каб не толькі сваю вёску, але і свет змяніць да лепшага.
Працягваючы гаворку, Таццяна Іванаўна з вялікай любоўю і пяшчотай расказвае пра сваё Няхачава. Невыпадкова. Тут, у бацькоўскай хаце, яна пражыла ўсё жыццё, ведае кожны няхачаўскі ўзгорачак, кожную сцежку-дарожку, кожны двор і гаспадара.
– Восьмы дзясятак размяняла, – прыязна ўсміхаецца субяседніца. – У васямнаццаць год пачала працаваць касірам на аўтавакзале. З першага працоўнага дня палюбіла гэтую работу ўсім сэрцам, таму не здрадзіла ёй нават на імгненне, не стала шукаць больш лёгкага хлеба… З адным запісам аб прыёме на работу ў працоўнай кніжцы на заслужаны адпачынак пайшла.
Доўгі час Таццяна Мінюк жыла клопатамі ўласнымі, справамі гаспадарчымі ды сямейнымі. А некалькі год таму выбралі жанчыну землякі сельскім старастам. Каб дапамагала вырашаць надзённыя пытанні, каб была надзейным звяном паміж імі і ўладай.
– А давер людзей заўсёды трэба апраўдваць, – заўважае субяседніца. – Прычым, не словамі – справамі.
А спраў гэтых на рахунку старасты – не злічыць. І атрымліваецца ўсё задуманае ў Таццяны Іванаўны не толькі таму, што яна ініцыятыўная, неабыякавая і камунікабельная. Ёсць падтрымка і ўзаемаразуменне з боку сельвыканкама, жаданне людзей збірацца талакой і рабіць добрыя, годныя справы.
– Некалі вёска Няхачава была вялікая, – расказвае Таццяна Іванаўна. – Аднак урбанізацыя зрабіла сваю справу: большасць насельніцтва перабралася жыць і працаваць у гарады. А колькі аднавяскоўцаў вечным сном ужо спіць на вясковых могілках.
Дарэчы, пра могілкі. Менавіта яны апошнім часам сталі для старасты вёскі і многіх яе аднавяскоўцаў месцам частага наведвання. Для таго, каб добраўпарадкаваць пагост, агульнымі намаганнямі жыхароў вёскі Няхачава і суседняга пасёлка Зялёны Бор было сабрана чатыры з паловай тысячы рублёў. За гэтыя грошы на святым месцы і па-за ім выдалілі некалькі старых аварыйных дрэў, зрабілі дзве аўтамабільныя стаянкі, паставілі 55 метраў плоту з металапрофілю і каля 300 – сеткавага, выкапалі і добраўпарадкавалі калодзеж, паставілі лаўкі, дошку аб’яў, устанавілі новыя вароты. А паўз плот разбілі кветнік ажно на 300 метраў! З ранняй вясны і да позняй восені тут красуюць цюльпаны, хрызантэмы, хосты, аксаміткі. Да слова, кветкі на могілках – гэта справа рук не толькі Таццяны Мінюк, але, як яна сама кажа, «групы падтрымкі», у складзе якой Валянціна Шаленкова і Сафія Данілюк.
Добрымі памочнікамі і дарадцамі ў навядзенні парадку на месцы вечнага спачыну аднавяскоўцаў – браты Аляксандр, Юрый, Ігар і Яўген Палешчукі, Сяргей Собаль, Аляксандр Курыльчук, Сяргей Матусевіч. З фінансамі вельмі добра дапамаглі былы начальнік Івацэвіцкага ДРСУ Васіль Галанаў і дырэктар торфабрыкетнага завода Віктар Голуб, – расказвае Таццяна Мінюк. – Прыходзілі і шчыравалі на могілках многія аднавяскоўцы. Нягледзячы на тое, што большасць жыхароў вёскі – людзі сталага ўзросту, прыбіраць могілкі, фарбаваць плот і выконваць розныя, нават самыя складаныя работы, збіралася па дзесяць-пятнаццаць чалавек.
Цікавы факт: па ініцыятыве старасты на няхачаўскіх могілках не пакідаюць без увагі і пахаванні, якія засталіся без гаспадароў.
– Апошнім часам нямала тых, хто нанова, на больш сучасны манер, добраўпарадкуе месцы вечнага прытулку сваіх родных. Помнікі, старую плітку па нашай просьбе людзі не выкідаюць. Усяму гэтаму мы даём другое жыццё. Сёння на могілках ёсць ужо тры пахаванні, добраўпарадкаваныя тымі матэрыяламі, якія маглі б трапіць альбо на сметнік, альбо быць закапанымі ў зямлю, – кажа стараста.
Без увагі сельскага старасты Таццяны Мінюк не застаецца ніводнае, ці то малое, ці то больш маштабнае пытанне, звязанае з жыццядзейнасцю яе роднага Няхачава. Адны іх вырашэнне ўспрымаюць з вялікай удзячнасцю, другія нават у вочы Таццяне Іванаўне кажуць: «Навошта табе ўсё гэта трэба? Няўжо няма чым дома заняцца?» На словы нядобразычліўцаў жанчына не крыўдуе, як і не апраўдваецца перад імі. Хаця адказ на недарэчныя пытанні кароткі і просты: чалавек яна такі, няўрымслівы, неабыякавы, нераўнадушны, які па-іншаму жыць не можа.
– Свае хатнія справы адкладу ў бок на потым, дзеля важнага, агульнага, – прызнаецца Таццяна Іванаўна. – Да ўсяго, работа і радасць ад яе перамагаюць старасць. Праўда.
…Атрымліваючы Падзяку з рук кіраўніка раёна, Таццяна Мінюк у поўны голас заявіла: «Служу Айчыне!» І словы гэтыя зусім не пафасныя, а абгрунтаваныя, праўдзівыя і па-жаночы шчырыя.
– Кім бы чалавек ні стаў, якога б узросту ні дасягнуў, ён нясе адказнасць за сваю Радзіму, вялікую і малую, – кажа Таццяна Іванаўна. – Ён проста павінен рабіць свой унёсак дзеля таго, каб пульсавала жыццё на роднай зямлі, каб было больш святаў, дабрыні, міласэрнасці і ўсяго таго, што здольнае супрацьстаяць перашкодам, праблемам, незадаволенасці людской і рабіць чалавека чалавекам.
Галіна МІКАЛАЕВА. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.