Close
Актуально Год благоустройства Новости Общество

Радуе вока сядзіба Васіля Міхайлавіча і Антаніны Васільеўны Слінчукоў у Івацэвічах

Радуе вока сядзіба Васіля Міхайлавіча і Антаніны Васільеўны Слінчукоў у Івацэвічах
  • Опубликовано:31 октября, 2025

Калі новы чалавек апынецца на вуліцы Скарыны ў нашым райцэнтры (то непадалёк ад стадыёна), ён хутчэй за ўсё зверне ўвагу на гэту сядзібу. Чым яна адметная? Тым, што апроч традыцыйных элементаў – будынка для жылля, невялікага садка, град – тут ёсць і такія, што маюць не толькі практычнае, але і эстэтычнае прызначэнне, разлічаны як на дарослае, так і на дзіцячае ўспрыманне. Спалучэнне, якое стварае своеасаблівы каларыт.

Абжываць атрыманыя квадратныя метры зямлі сям’я пачала, як толькі атрымала ўчастак. Актыўней жа працэс пайшоў пасля таго, як сталі тут жыць. Паявіліся веранда, альтанка, лазня…

Пра гаспадароў варта сказаць, што яны дыпламаваныя будаўнікі. Антаніна Васільеўна, дасягнуўшы пенсіённага ўзросту, працягвае сваю працоўную дзейнасць у Івацэвіцкай ПМК-18. Магчымасці Васіля Міхайлавіча абмежаваны хваробай ног. Але, маючы сталярныя інструменты, цыркулярку, а галоўнае – жаданне займацца любімай справай, часам вырабляе і выстаўляе напаказ рэчы, якія ў сваякоў, суседзяў, знаёмых выклікаюць станоўчыя эмоцыі. І гэта не адно стол, лава, табурэтка… Давайце ж разам зазірнём у гэты бела-зялёна-чырвоны маляўнічы куточак.

Калі толькі ступіў на тэрыторыю Слінчукоў, міжволі звяртаеш увагу на кветкі, зяленіва. Яны і тут, і там. Як бы гавораць нам: «Няважна, што ўжо адышло лета. У нас яшчэ ёсць чым прывабіць чалавечае вока».

А першы драўляны аб’ект, які трапляецца на нашым шляху, – домік Бабы-Ягі. Ён размешчаны на дрэве. Каб прыўзняць яго над зямлёй, давялося вышэй спілаваць ствол і галіны вішні. Ёсць тут лесвіца, ёсць сама Баба-Яга і мятла, ёсць невялічкія дзверцы, якія можна адчыняць.

Большасць аналагічных тварэнняў знаходзіцца па другі бок участка. Паяўленне так званага сенавала звязана з наяўнасцю куратніка. Курам патрэбна было сена. Пасля сушкі травы яго туды і змяшчалі. Хлапчукі спрабавалі на ім паляжаць.

А вось яшчэ адзін домік. Гэты стаіць на зямлі і большы за казачны. Трапіць у такі можна без праблем. Можна яшчэ падняцца ўверх з дапамогай вышкі. Няхай сабе яна значна ніжэйшая за тую, якой звычайна карыстаюцца дарослыя, затое яна свая, у нечым арыгінальная.

У адрозненне ад вышкі калодзежам па прамым прызначэнні карыстацца нельга. Але як ён цудойна выглядае! Быццам вялікая цацка. Васіль Міхайлавіч пастараўся прыгожа яго аздобіць. І калаўрот у гэтай дэкаратыўнай міні-пабудове маецца.

– Вашы цікавыя аб’екты – гэта копіі нечага ўбачанага ці плод уласнай фантазіі? – пытаюся.

– Гэта вынік нашай сумеснай творчай працы з маім унучкам Віталікам, – сур’ёзна адказаў ён. – Віталік хацеў яшчэ млынок пабудаваць.

– А дзе ж Ваш праект? – пацікавіўся я.

– У мяне ўсё ў галаве, – паследаваў адказ. – Гэта задума пакуль не рэалізавана.

Сказанае дапоўню вось чым: на ўчастку Слінчукоў, апроч пералічанага, маецца цяпліца, а таксама мангал і тандыр – для прыгатавання мясных ды рыбных страў. Унукі (і не толькі яны) пасля адпачынку любяць падсілкавацца!

Віктар РЭЧЫЦ, фота аўтара.