Раён – гэта людзі: працавітыя, таленавітыя, шчырыя

У Івацэвічах ушаноўвалі пераможцаў раённага спаборніцтва па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2024 год.
Традыцыйна ў першыя месяцы новага года ў раёне падводзяць вынікі мінулага і ставяць задачы на год бягучы. Вядома, рухацца па пэўных напрамках прасцей, калі дакладна растаўлены акцэнты. Удзельнікамі мерапрыемства сталі кіраўнікі раёна, дэлегацыі працоўных калектываў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый – тыя, ад каго ў многім сёння залежыць стан эканомікі раёна і яго стабільнасць.
Поўная зала Івацэвіцкага РДК, гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, і на сцэну падымаецца старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Уладзімір Бялоў. Свой даклад, які суправаджаўся слайдамі прэзентацыі, кіраўнік раёна пачаў з важнага – нягледзячы на ўплыў санкцый, раёнам забяспечана збалансаванае развіццё эканомікі і захаванне сацыяльнай стабільнасці. А па выніках работы за 2024 год з чатырох даведзеных мэтавых паказчыкаў эфектыўнасці работы выканана тры: па тэмпе намінальнай залічанай заработнай платы, сукупных паступленняў даходаў кансалідаванага бюджэту і нарматыву па зніжэнні ўзроўню затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі.
Пра рост зарплат і захаванне працоўных калектываў
Так, Уладзімір Бялоў адзначыў, намінальная заработная плата ў 2024-м вырасла на 18,7 %, а рэальная, разлічаная з улікам індэкса спажывецкіх цэн, вырасла на 12,3 %.
Найбольшы рост зарплат адзначаны ў арганізацыях сельскай і лясной гаспадаркі (заработная плата вырасла на 22,8 %), у будаўнічай – на 22,6 %, аптовага і рознічнага гандлю – на 21,1 % і на 19,5 % – у бюджэтнай сферы. Тут жа для кіраўнікоў арганізацый раёна была пастаўлена задача па прыняцці мер, накіраваных на рост заработнай платы работнікаў, але ва ўзаемасувязі з вытворчасцю працы, і забеспячэнні заработнай платы ў сярэднім па раёне не ніжэй за 1 980 рублёў.
Па выніках года ў эканоміку раёна інвеставана ў асноўны капітал 238,9 млн рублёў. Са станоўчага боку старшыня райвыканкама адзначыў засваенне інвестыцый у прамысловасці – 38,9 млн рублёў, гэты паказчык вырас дзякуючы рэалізацыі ААТ «Івацэвічдрэў» праекта «Адзін раён – адзін праект» – пашырэння дзеючай вытворчасці ДСП. Аднак не ўдалося ўтрымаць на ўзроўні 2023 года такі паказчык, як тэмп росту прамысловай вытворчасці, які склаў 94 % пры заданні ў 103,5 %.
Пазіцыя старшыні райвыканкама зразумелая – у 2025 годзе, нягледзячы на цяжкасці, працягнуць работу і забяспечыць выкананне задання, не забываючы пры гэтым пра занятасць і захаванне працоўных калектываў.
Разам з тым мы маем станоўчае сальда знешняга гандлю – 16,1 млн долараў. Экспартныя пастаўкі ажыццяўляліся ў 23 краіны свету, лідар у аб’ёмах экспарту – ААТ «Івацэвічдрэў». Па выніках года раён спрацаваў з чыстым прыбыткам у суме больш за 59 млн рублёў.
Новыя рубяжы ў раслінаводстве і вялікая будоўля ў сельскай гаспадарцы
Упершыню ў мінулым годзе раён пераадолеў тысячны рубеж у валавым намалоце зерневых і зернебабовых культур з ураджайнасцю 41 ц/га, у тым ліку 27 тысяч тон зерня кукурузы з ураджайнасцю 94 ц/га. Павялічылася таксама вытворчасць масланасення рапсу і цукровых буракоў. Лепшыя ў раслінаводстве сёлета – СВУ «Даманава», ААТ «Квасевічы» і ААТ «Падстарынь».
Устойлівая станоўчая дынаміка назіраецца ў галіне жывёлагадоўлі. У вытворчасці малака – прырост больш чым на 10 %, сярэдні ўдой на карову павялічыўся на 650 кг і дасягнуў лічбы 7 567 кг. Ёсць дасягненні і ў якасці: сартамі экстра і вышэйшы рэалізавана 93,1 %. Сярэднясутачныя прывагі таксама радуюць – 710 грамаў, найбольшая прывага – 797 грамаў – атрымана дзякуючы жывёлаводам у СВУ «Даманава» і ААТ «Косава».
Шэраг інвестпраектаў па будаўніцтве, рэканструкцыі і мадэрнізацыі малочнатаварных ферм і жывёлаводчых памяшканняў былі завершаныя ў мінулым годзе. Будаўніцтва МТФ у ААТ «Святая Воля» і «Косава», рэканструкцыя малочнатаварнай фермы ў КСУП «Эксперыментальная база «Майск», будоўля даільна-малочнага блока, будаўніцтва сянажна-сіласных траншэй… Зараз яшчэ ідзе рэалізацыя праектаў у ААТ «Новыя Стайкі», «Івацэвічы-агратэхсэрвіс», «Святая Воля». Будоўля чакаецца яшчэ ў радзе сельгаспрадпрыемстваў. Іначай ніяк не дасягнуць станоўчай і ўстойлівай дынамікі.
Ні ў якім разе не зніжаць тэмпы вытворчасці прадукцыі даручыў аграрыям дакладчык, і многае залежыць ад якаснага правядзення вясенне-палявых работ.
Жыллёвае пытанне – у прыярытэце
16 665 кв. метраў агульнай плошчы жылых памяшканняў было ўведзена ў эксплуатацыю ў мінулым годзе. Падчас выступлення на слайдзе з’явілася фота шматкватэрнага жылога дома плошчай амаль у 2,5 тысячы квадратных метраў у квартале «Кляноўка» ў райцэнтры. Так, 9 406 кв. метраў уведзена для грамадзян, якія стаялі на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. У 2024 годзе 21 шматдзетная сям’я палепшыла свае жыллёвыя ўмовы. 28 пабудаваных кватэр – гэта арэнднае жыллё дзяржаўнага жылфонду, плошчай у 1 751 кв. метр. Усяго ж у будоўлю было накіравана 36 млн рублёў, і гэта 15 % да агульнага аб’ёму інвестыцый у асноўны капітал раёна. Яшчэ звыш 3 млн рублёў пайшло на будаўніцтва інжынерных камунікацый і добраўпарадкаванне тэрыторый шматкватэрных жылых дамоў.
Планы на бягучы год не менш амбіцыйныя, плануецца ўвесці ў эксплуатацыю каля 15 тысяч кв. метраў жылля. Яшчэ адзін 54-кватэрны дом з’явіцца на вул. Спартыўнай у Івацэвічах. Заданне па тэмпу росту будаўніча-мантажных работ на 2025 год – 105,5 %. Вялікая будоўля чакае горад Косава ў рамках Праграмы комплекснага развіцця на 2025-2026 гады.
Апошні блок выступлення быў прысвечаны сацыяльнаму развіццю раёна. Дакладчык адзначыў: бюджэт раёна мае сацыяльную накіраванасць, і надалей будзе многае зроблена для развіцця гэтай сферы. Як спрацавалі ў гэтай сферы, раёнка пісала ў мінулым нумары.
Уладзімір Бялоў у завяршэнні выступлення звярнуўся да прысутных:
– 2025 год азнаменаваны адразу некалькімі важнымі падзеямі, па-першае – гэта перамога Аляксандра Грыгор’евіча Лукашэнкі на выбарах Прэзідэнта краіны, па-другое – у гэтым годзе ўсе мы адзначым 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Яшчэ важны момант – мы сустрэлі Год добраўпарадкавання, які даў старт пяцігодцы якасці. Я шчыра дзякую ўсім і кожнаму за рэзультатыўную работу ў мінулым годзе і ўпэўнены, што і надалей кожны з нас сваёй працай, дасягненнямі і поспехамі ўнясе ўклад у развіццё і росквіт раёна і рэгіёна!
Калі пачалася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання, на сцэну падымаліся ў той дзень 13 дэлегацый і 16 чалавек, чые імёны занесены на раённую Дошку гонару. Упершыню сёлета адказнае слова трымалі работнікі прадпрыемстваў. Трымаючы ў руках пасведчанне аб занясенні на раённую Дошку гонару, да Уладзіміра Бялова і да ўсіх прысутных са словамі падзякі за ўвагу да шматгадовай плённай працы і вынікаў работы звярнуліся Вера Канановіч з УП «ПМК-11» і Васілій Козік з дзяржаўнай лясной установы «Целяханскі лясгас».
Таксама жыхарам раёна былі ўручаны Падзячныя лісты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь, Ганаровыя граматы Івацэвіцкага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў за актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі па выбарах Прэзідэнта краіны.
Назвалі і пераможцаў у трох намінацыях раённага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы: у намінацыі «Лепшая арганізацыя ідэалагічнай работы ў арганізацыях вытворчай сферы і гандлю» лепшым стаў АСП «Івацэвіцкі спіртзавод» ААТ «Брэсцкі лікёра-гарэлачны завод «Белалка», пераможцам у намінацыі «Лепшая арганізацыя ідэалагічнай работы ў арганізацыях невытворчай сферы» стала ДУ «Целяханскі сацыяльны пансіянат «Агінскі» і ў намінацыі «Лепшая арганізацыя ідэалагічнай работы ў сельскагаспадарчых арганізацыях» дыплом атрымала ААТ «Новыя Стайкі».
Закончылася мерапрыемства святочным канцэртам. Музычныя падарункі ўдзельнікам урачыстасці дарылі артысты раёна і юныя ўдзельнікі школы танцаў «ALINA CLUB». Кожны нумар – цэлая гісторыя любві да справы жыцця, да людзей, што побач, да радзімы… Пасля канцэрта віноўнікі ўрачыстасці яшчэ доўга фатаграфаваліся, размаўлялі, жартавалі і частаваліся прадукцыяй Івацэвіцкага райспажыўтаварыства, у суседняй зале быў арганізаваны гандаль.
Для ўсіх іх у той дзень было свята, быў асаблівы дзень. Віншуем узнагароджаных! А Уладзімір Бялоў завяршыў даклад вядомым выразам – «Час выбраў нас!» І ў гэтым няма сумненняў, час і сапраўды выбраў нас, каб усе мы сёння жылі і працавалі ў квітнеючай краіне, назва якой Беларусь!
Наталля ГЕРБЕДЗЬ. Фота Сяргея МАЧАЛАВА і Марыі САЗОНАВАЙ.