Close
Главная новость Здоровье Новости Общество

«Са мной часта вітаюцца на вуліцах – значыць, працаваў не дарма»

«Са мной часта вітаюцца на вуліцах – значыць, працаваў не дарма»
  • Опубликовано:29 мая, 2024

Ганаровы грамадзянін Івацэвіцкага раёна, былы загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі, ветэран працы Ян Шапель 29 мая адзначае сваё 80-годдзе.

Ян Шапель – урач з вялікай літары, які да 75 гадоў ратаваў жыцці ў рэанімацыі Івацэвіцкай ЦРБ, што стала для яго другім домам. А ў першым, бывала, ён надоўга і не затрымліваўся: работа, дзяжурствы… Гэта зараз урачоў хапае, а ў самым пачатку свайго працоўнага шляху ён быў адзіным анестэзіёлагам-рэаніматолагам на ўсю бальніцу. За 45 гадоў працы, з якіх больш за 20 Ян Аляксандравіч быў загадчыкам аддзялення, ён аказаў дапамогу дзясяткам тысяч пацыентаў. Вядома, помніць далёка не ўсіх, а вось яго помняць многія. І, што асабліва радуе ўрача, з ім часта вітаюцца на вуліцах. Гэта сведчанне павагі і, бадай, адзінае, да чаго варта імкнуцца. Шчасце не ў матэрыяльным, гаворыць суразмоўца. Шчаслівы той, хто здолеў захаваць здароўе, хто не зайздросціць, умее прымаць абставіны і задавольвацца тым, што мае, жывучы сёння, а не калі-небудзь потым.

Ян Шапель нарадзіўся ў 1944 г. у в. Заполічы Гродзенскай вобласці, недалёка ад пасёлка Поразава, дзе ў бальніцы санітаркай працавала маці, і гэта адзінае, што звязвала Шапеляў з медыцынай. Бальніца месцілася ў сядзібе «Багудэнкі» роду Бутаўт-Анджэйкавічаў і была надзвычай атмасфернай. Мястэчка Поразава, вядомае з XV ст., мела Магдэбургскае права, у XIX ст. было цэнтрам ганчарства і славілася вытворчасцю ўнікальнай чорнай керамікі. І бацька, і дзед Яна былі кавалямі, аднак да молата і кавадла ў хлопчыка не ляжалі ні душа, ні рукі – яны былі створаны для больш тонкай работы. З дзяцінства разам з бацькамі-палякамі, разам з братам і сястрой ён наведваў старажытны мясцовы касцёл Святога Міхаіла Архангела. Гэта паўплывала на яго станаўленне як асобы.

Пасля школы два гады прапрацаваў на радзіме ў лясной гаспадарцы і зразумеў – гэта не для яго, хацелася вучыцца далей, і хлопец выбраў медінстытут у Гродне. Праз два месяцы яго забіраюць у армію – ажно на тры гады, служыў у Маскве. Потым вярнуўся да вучобы і паспяхова скончыў ВНУ, у медінстытуце адвучыўся і яго малодшы брат. Інтэрнатуру Ян Аляксандравіч праходзіў у Баранавічах – па хірургіі, а размеркаваны быў у Івацэвічы як анестэзіёлаг-рэаніматолаг. Да работы прыступіў у 1974 г. Такіх спецыялістаў тут патрабавалася пяць, а было два. У хуткім часе Ян Шапель увогуле застаўся адзін і амаль у кругласутачным рэжыме працаваў месяцаў сем. З разуменнем да гэтага ставілася жонка Аліна Віктараўна, дарэчы, яго аднакласніца, настаўніца замежнай мовы. У Івацэвічах спачатку яны жылі ў інтэрнаце, але праз тры гады атрымалі кватэру. Сваё жыллё стрымала ад пераезду ў Літву, дзе маладому ўрачу прапаноўвалі работу. «Добра, што засталіся», – гаворыць суразмоўца, успамінаючы ўсё тое харошае, што здарылася з ім у Івацэвічах.

«Самае складанае – не мець магчымасці выратаваць дзіця»
З харошага – любімая работа, якой ён сапраўды быў захоплены. Урач-анестэзіёлаг падбірае для хворых склад і дазіроўку абязбольваючых прэпаратаў з улікам усіх абследаванняў і аналізаў; праводзіць анестэзію на працягу аперацыі, працуючы паралельна з хірургам і яго памочнікамі; выводзіць пацыента з наркозу. Гэта калі пацыент планавы, аднак у рэанімацыю паступаюць людзі і ў крытычным стане, на мяжы жыцця і смерці. Каб дзейнічаць хутка, рашуча і беспамылкова, трэба ў дасканаласці валодаць навыкамі інтэнсіўнай тэрапіі: ад гэтага залежыць жыццё пацыента.

У самым пачатку працоўнага шляху даводзілася працаваць практычна без абсталявання. Быў у распараджэнні адзін апарат – наркозны, з яго дапамогай і праводзілі дастаткова доўгія аперацыі, напрыклад, рэзекцыі страўніка. Пры энадатрахіяльным наркозе пацыенту ўводзілі рэлаксанты, каб знізіць тонус мускулатуры, з-за чаго ён у расслабленым стане не мог ні рухацца, ні дыхаць самастойна. Апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх не было, для гэтых мэт выкарыстоўвалі прымітыўную медыцынскую «гармошку», пазней – мяшок Абму; абодва ўстройствы механічныя, гэта значыць, дыхаць пацыентам 3-4 гадзіны падчас аперацыі і пасля яе дапамагалі рукі анэстэзіёлага-рэаніматолага. Першы расійскі апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх райбальніца атрымала ў 1979 годзе. Вядома, ад сучасных апаратаў ШВЛ ён адрозніваўся – і надта. Не было не тое што абсталявання – іголак. Дакладней, яны былі, аднак аднаго памеру. За паўвека ў краіне зроблены вялікі крок наперад у хірургіі і анестэзіялогіі: сталі рабіць эпідуральную анестэзію, лапараскапічныя аперацыі, праводзіць трансплантацыю органаў…

Дарэчы, Ян Аляксандравіч абедзвюма рукамі за трансплантацыю і лічыць, што людзі могуць абурацца па прычыне забору органаў у памерлых толькі з-за сваёй недасведчанасці ў асобных пытаннях. Любы памерлы не вяртаецца з морга такім, якім трапіў у яго: падчас анатаміравання (вскрытия) цела органы дастаюцца, разразаюцца, вывучаюцца і вяртаюцца назад. З ныркай ці без будзе пахаваны нябожчык, для яго розніцы няма, затое яна ёсць для чалавека, які мае вострую патрэбу ў нырцы і дзякуючы якой зможа жыць. Забор органаў праводзіцца толькі пасля канстатацыі смерці галаўнога мозга пацыента (гэта неабарачальны стан), пасля кансіліумаў. Падыход сур’ёзны, усякая супрацьзаконная дзейнасць у гэтым кірунку выключаная. Рэаніматолагі ўдзельнічаюць у працэсе падрыхтоўкі донараў органаў да трансплантацыі, дзякуючы ўкараненню якой выратавана безліч людзей.

– Зараз усё зусім па-іншаму, аснашчанасць бальніц расшырае магчымасці ўрачоў у выратаванні жыццяў. Нядаўна трапіліся на вочы справаздачы аб смяротнасці дзяцей у раёне ў 70-я гады мінулага стагоддзя – 5-6 у год не выжывалі. Самым складаным у маёй рабоце было бачыць, як памірае дзіця, і адчуваць сваю бездапаможнасць. Сёння ўрачы могуць даць бой многім хваробам і інфекцыям накшталт менінгакокавай, якая была сур’ёзнай пагрозай для жыцця і здароўя. Разам з тым цяпер выжываюць не толькі мацнейшыя, як у часы натуральнага адбору, але і слабейшыя. Становіцца больш інвалідаў – не толькі ў нас, ва ўсім свеце, у многіх людзей слабое здароўе. Вядома, не апошнюю ролю ў гэтым адыгрывае і іх лад жыцця. Я бываю ў ЦРБ па справах і часта бачу пацыентаў з цыгарэтай у адной руцэ і тэлефонам у другой. На што яны разлічваюць? – разважае Ян Аляксандравіч.

У добрай фізічнай форме – дзякуючы рабоце і жыццёвым прынцыпам

А сам урач, дарэчы, у цудоўнай фізічнай форме, якая дазволіла працаваць ажно да 75 гадоў. А ў чым сакрэт? Ну, па-першае, ён з дзяцінства быў прывучаны да фізічнай працы, па-другое, не курыць, рэдка ўжывае алкаголь, бо бачыў, як разбуральна той дзейнічаў у тым ліку на яго калег («яшчэ ніколі алкаголь не быў лекамі – ён заўсёды яд»). Па-трэцяе – і цяпер, на пенсіі, штодня праходзіць не менш за шэсць км, заўжды наведвае лазню, не карыстаецца інтэрнэтам, рэдка глядзіць тэлевізар. Залог добрага самаадчування яшчэ і ў тым, каб не займацца «самоедством», не рабіць праблему там, дзе яе няма, кажа ён. І дадае:

– Работа была такая, якая патрабавала вынослівасці і трэніравала цела. Пры правільнай рэанімацыі непрамы масаж сэрца трэба выконваць на працягу 30 хвілін, і за гэты час на грудную клетку пацыента трэба націснуць каля 3 000 разоў. Ні адзін малады здаровы доктар самастойна не зробіць гэтага, трэба мяняцца. На такой рабоце нельга дазволіць сабе згубіць форму. І ты пастаянна працуеш пад відэакамерай.

Амаль штодня Ян Шапель – у касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла, не прапускае ні адной службы. Ён быў адным з дзесяці першых прыхаджан, якія пажадалі зарэгістраваць каталіцкі прыход у Івацэвічах. Касцёл быў пабудаваны пазней, а да таго моманту службы праводзілі і на лаўках, і ў палатцы.

– Не скажу, што ўсё разумею падчас імшы. Усё ж доўгі час нас вучылі жыць без Бога ў сэрцы, да таго ж я ўрач і павінен верыць у навуку. Аднак калі чалавек узяў пачатак ад малпы, то чаму за апошнія стагоддзі ні адна малпа не ператварылася ў чалавека? Ды і як не верыць у Бога, калі я неаднойчы станавіўся сведкам цуда, калі чалавек павінен быў памерці, аднак ён літаральна вяртаўся з таго свету. У касцёле шукаю адказы на свае пытанні, да таго ж мне там проста добра, спакойна, я там адпачываю, – расказвае суразмоўца.

Спытала я і пра якасці, якія павінны быць уласцівы ўрачам, на яго думку, і вось якім быў адказ: «Чэснасць, міласэрнасць, павага да людзей. Кожны ўрач павінен помніць, што ён можа аказацца на месцы пацыента. Працоўнае жыццё рэаніматолага не бывае лёгкай прагулкай. Ёсць такі жарт. Урачы працуюць на паўтары стаўкі, таму што на стаўку няма чаго есці, а на дзве паесці няма калі. Жарт гэты ад жыцця, паўтары стаўкі – аптымальная нагрузка, каб і зарабляць, і крыху адпачываць, аднак і яна не для слабых целам і духам людзей. Дрэнна, калі ўрач не любіць сваю работу. Каб мець поспех, каб радавацца жыццю, трэба яе любіць».

Два гады таму пайшла з жыцця жонка суразмоўцы. Рана ад страты блізкага чалавека яшчэ не зацягнулася, ды і наўрад ці калісьці зацягнецца да канца. Памерлі бацькі, памёр і малодшы брат, які таксама быў рэаніматолагам, загадчыкам аддзялення ў Гродне. Аднак Ян Аляксандравіч не адзін. Ёсць сын з нявесткай (сын вывучаў лазерную фізіку ў БДУ, скончыў аспірантуру), ёсць яшчэ маленькія ўнукі. Ёсць родная сястра, якую брат забраў да сябе і зараз дапамагае ёй устаць на ногі пасля ўжо другой аперацыі па замене суставаў.

Пяць гадоў таму Ян Аляксандравіч лёгка прыняў навіну, што прыйшоў час развітацца з прафесіяй, – важна сысці на пенсію ў пару, не стаўшы абузай для калег і пацыентаў. Усім, хто знаёмы з Янам Шапелем, ён запомніўся як прафесіянал, інтэлігент, чалавек з вялікім і добрым сэрцам, якое балела і хвалявалася не за сябе – за іншых. Менавіта таму ён у кагорце ганаровых грамадзян Івацэвіцкага раёна, што вельмі і вельмі заслужана.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.