Close

ААТ «Косава» прыступіла  да сяўбы цукровых буракоў

З 2 красавіка ў асобных гаспадарках Івацэвіцкага раёна – ААТ «Квасевічы» і «Косава» – пачалася сяўба цукровых буракоў. Гэтай важнай тэхнічнай культурай, якая забяспечвае сыравіну для цукровай прамысловасці, у раёне будзе засеяна 1 000 га, яе вырошчваннем сёлета займаюцца пяць гаспадарак.

Учора мы пабывалі на палях ААТ «Косава» і паназіралі, як зладжана працуюць работнікі і тэхніка гаспадаркі над закладкай будучага ўраджаю салодкіх караняплодаў.

Поле каля в. Боркі, на якім вялася сяўба цукровых буракоў, роўнае і гладкае, – тут аграрыі паклапаціліся яшчэ з восені – унеслі гліфасаты, фосфар і калій, ды і вясной правялі шэраг мерапрыемстваў: закрыццё вільгаці, унеслі сульфат амонію і КАС, непасрэдна перад сяўбой праводзілі выраўноўванне АКШ.

Як расказаў намеснік дырэктара ААТ «Косава» Вячаслаў Юрчык, у гаспадарцы пад цукровыя буракі адведзена 220 га. Летась у «Косаве» атрымалі больш за 600 ц/га і сёлета разлічваюць на ўраджайнасць не меншую. Перавагу аддаюць насенню імпартнай селекцыі – гібрыдам, якія ўстойлівыя да захворванняў і маюць аптымальную цукрыстасць.

Перадпасяўную апрацоўку на АКШ вёў механізатар Дзяніс Барысік. Трактарам МТЗ-1221 у счэпцы з сеялкай кіраваў Васілій Літвінчык, за плячыма абодвух – ужо не адзін сезон пасяўной кампаніі, ды і не толькі. За адзін праход сеялка захоплівае 12 роўненькіх радкоў, а за дзень атрымліваецца засяваць каля 35 га.

– Неабходна строга прытрымлівацца хуткаснага рэжыму, каб не парушаць тэхналогію сяўбы. Трактар павінен ісці з хуткасцю 5-6 кіламетраў у гадзіну, каб насенне размяшчалася на пэўнай адлегласці адно ад аднаго, пры гэтым важна захоўваць глыбіню сяўбы – тры сантыметры, – расказвае Васілій Літвінчык.

Сяўба ранніх яравых і зернебабовых у ААТ «Косава» ўжо завершана. Але палявыя работы толькі набіраюць абароты: вядзецца сяўба траў, унясенне арганікі, ворыва, закрыццё вільгаці.

Такая зладжаная праца нашых аграрыяў і прымяненне сучасных тэхналогій дазваляюць з аптымізмам глядзець на будучы ўраджай.

Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.