Салодкі ўраджай

У ААТ «Новыя Стайкі» актыўнымі тэмпамі вядзецца ўборка цукровых буракоў
Вырошчваннем цукровых буракоў займаюцца сем з чатырнаццаці сельгаспрадпрыемстваў раёна. У гэтым годзе плошчы, занятыя гэтай культурай, складаюць 1 015 гектараў.
Адным з першых да ўборачнага працэсу прыступіла ААТ «Новыя Стайкі», дзе пад салодкую культуру адведзена 300 гектараў зямель. Для таго, каб сёлета атрымаць добры ўраджай, агранамічнай службай сельгаспрадпрыемства была праведзена вялікая і карпатлівая работа.
У дзень нашага візіту ўборка вялася ва ўрочышчы «Маяк», што месціцца за аг. Гошчава. Тут мы засталі і прадстаўніка кампаніі «DLF» Віктара Цыбульку. Фірма-партнёр прадстаўляе «Новым Стайкам» гібрыды цукровых буракоў «Марибо», а таксама аказвае агранамічнае суправаджэнне на працягу сезона ад сяўбы да ўборкі.
– Сёння аб’ехаў шмат угоддзяў розных гаспадарак і скажу шчыра: рэзультат, які я бачу ў «Новых Стайках», мяне найбольш парадаваў. Цукровыя буракі не пераносяць засухі і пустазелля, а пры іх вырошчванні варта рацыянальна ўжываць сучасныя тэхналогіі і строга выконваць тэрміны ўборкі, за гэтым мы пільна сочым. З сельгаспрадпрыемствам мы супрацоўнічаем пяць гадоў, і хачу адзначыць, што нараканняў да агранамічнай службы ніколі не было, нават больш скажу: тут заўважаецца толькі прагрэс,– падзяліўся Віктар Цыбулька.
Як паведаміў намеснік дырэктара па вытворчасці ААТ «Новыя Стайкі» Мікалай Корзан, перад сяўбой у глебу была ўнесена неабходная колькасць мінеральных угнаенняў, на працягу сезона праведзены апрацоўкі ад пустазелля, хвароб і насякомых-шкоднікаў. Усё гэта ў сукупнасці, нават нягледзячы на не самыя спрыяльныя ўмовы надвор’я ў гэтым годзе, дазволіла вырасціць годны ўраджай. Як вынік, на сённяшні дзень гаспадарка атрымлівае каля 600 цэнтнераў з гектара.
Пра тое, што буракі сёлета радуюць, кажа і Віктар Еўтух, які заняты на ўборцы. За плячыма ў механізатара ўжо шмат сельскагаспадарчых сезонаў, увесь працоўны працэс ён ведае на выдатна.
Магутны камбайн Holmer пад яго кіраваннем раз за разам выгружаў са свайго аб’ёмнага бункера чарговую важкую порцыю салодкіх каранёў, толькі што выкапаных з зямлі. У бункер змяшчаецца прыкладна 16 тон караняплодаў, а запаўняецца ён хутка.
– Працую на дадзенай тэхніцы не першы сезон. Машына надзейная і прадуктыўная, – кажа аграрый. – Працоўны дзень пачынаецца з абслугоўвання і праверкі буракаўборачнага камбайна, затым выходжу ў поле і працую да позняга вечара.
Спачатку выкапаныя буракі на полі ссыпаюць у бурты, а затым з дапамогай пагрузчыка, якім упраўляе Сяргей Самохін, перасыпаюць у прычэпы магутных машын і дастаўляюць на буракапрыёмны пункт у Івацэвічы. А адтуль сабраны ўраджай адправіцца на Жабінкаўскі цукровы завод і стане ўнёскам у забеспячэнне цукрам харчовай галіны краіны.
Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.


