x
Close
Актуально все новости Общество Сельские советы

Сельсаветы: дзень за днём

  • Опубликовано:22 ноября, 2024

Даступнасць медабслугоўвання – адна з першарадных задач.

Першарадная задача дзяржаўнай палітыкі нашай краіны ў галіне аховы здароўя – стварэнне ўмоў, якія дазваляюць кожнаму чалавеку рэалізаваць сваё права на атрыманне якаснай медыцынскай дапамогі. Таму акрамя работы ФАПаў, ФАПаў на колах практыкуюцца выязныя прыёмы вузкіх спецыялістаў у сельскую мясцовасць.

Жыхары Святой Волі ў гэтым пытанні не абдзеленыя ўвагай, медыцынскую дапамогу яны атрымліваюць у бальніцы сястрынскага догляду з амбулаторыяй агульнай практыкі. Але здараецца, што парой чалавеку неабходна кансультацыя і вузкіх спецыялістаў, а даехаць да паліклінікі ў райцэнтр – тая яшчэ задача як для пажылога чалавека, так і для таго, хто ўдзень заняты на рабоце.
Так, на мінулым тыдні жыхары аграгарадка патэлефанавалі ў рэдакцыю, каб выказаць словы падзякі праз газету за аказаную медыцынскую дапамогу ўрачам, якія правялі выязны прыём для вяскоўцаў у бягучым месяцы: неўролагу Таццяне Тарчыла, эндакрынолагу Таццяне Садкоўскай, а таксама афтальмолагу Ларысе Асіпенка.

Падобныя выезды вузкіх спецыялістаў у розныя населеныя пункты раёна праводзяцца згодна з графікам УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ».

Спілавалі небяспечныя дрэвы

Аварыйныя дрэвы сваім верагодным падзеннем або знаходжаннем паблізу ліній электраперадач могуць несці небяспеку як для людзей, так і для маёмасці. Таму такія насаджэнні патрабуюць своечасовай ліквідацыі. Аднак трэба ведаць, што калі дрэва расце на тэрыторыі агульнага карыстання, то выдаліць яго можна толькі з дазволу адпаведных служб (ЖКГ, сельсавета, мясцовага выканкама).

Звароты грамадзян па зносе аварыйных дрэў у сельскай мясцовасці знаходзяцца на кантролі сельсаветаў, а работы павінны праводзіць падрыхтаваныя спецыялісты. Так, небяспечныя дрэвы ў бягучым месяцы былі выдаленыя ў в. Дабромысль і п. Югалін Волькаўскага сельсавета.

Наш доўг шанаваць і памятаць

Амаль восем дзясяткаў гадоў аддзяляе нас ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, а яны рэхам адклікаюцца ў сэрцах сучасных пакаленняў.

У выніку расследавання Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь аб генацыдзе беларускага народа на тэрыторыі могілкаў в. Козікі было выяўлена пахаванне мясцовых жыхароў – ахвяр генацыду. Устаноўлена, што 12 верасня 1942 года фашысты вывелі з хаты Івана Фёдаравіча Шэрка і яго стрыечнага брата Аляксандра Міронавіча Саяўца, прымусілі выкапаць адну на дваіх яму і, выцяўшы лапатай па галовам, закапалі зажыва…

На месцы іх пахавання ў Козіках меўся помнік, але з-за даўнасці гадоў патрабаваў ужо замены. Так, за сродкі Жытлінскага сельвыканкама ў лістападзе праведзена добраўпарадкаванне месца пахавання, а побач устаноўлена мемарыяльная таблічка.

Шанаваць памяць аб тых, хто загінуў на вайне, лічаць сваім доўгам і жыхары Целяханшчыны. У г. п. Целяханы завяршылася работа па добраўпарадкаванні месцаў перазахавання двух лётчыкаў – Карпа Платонавіча Воўка і Івана Тарасавіча Голікава, што загінулі ў першыя дні вайны, выконваючы баявыя заданні. Месца перазахавання знаходзіцца ў цэнтры пасёлка за абеліскам, што размешчаны на братскай магіле воінаў і партызан.

Дзякуючы сумеснай рабоце родных Івана Голікава, старшыні Целяханскага сельсавета Аксаны Мялік і індывідуальнага прадпрымальніка Андрэя Куцко магілы добраўпарадкаваны, а на іх устаноўлены памятныя знакі.

Цяпер на згаданых магілах можна прачытаць інфармацыю і яшчэ раз усвядоміць, якой цаной заваявана наша мірнае жыццё.