Close
колонка редактора Новости Редакция

Сэрцам адданыя роднай зямлі, ці Малая радзіма – гэта не толькі запіс у пашпарце

Сэрцам адданыя роднай зямлі, ці Малая радзіма – гэта не толькі запіс у пашпарце
  • Опубликовано:30 апреля, 2026


Малая радзіма… Гэта нешта сакральнае, патаемнае, калі хочаце, інтымнае, той вобраз, які не губляе маляўнічасці нават праз гады, тыя шчаслівыя ўспаміны і дробязі, якія арыенцірам вядуць нас і ў дарослым жыцці.

Для мяне гэтыя ўспаміны пахнуць чаборам, які мы з бабуляй ірвалі на выгане за хатай, вільготнымі маслякамі, якія разам з ёй збіралі ў маладым хваёвым ляску каля Грыўды, незабыўны мядовы смак ягад з куста іргі, што рос у двары другой бабулі на Магілёўшчыне, шчаўем, якім быў усыпаны бераг сажалкі, свежасцю вады з воданапорнай вежы, якую мы з бабуляй хадзілі ўключаць. Апошняе мне, шасцігодцы, здавалася цудам: націснуў кнопачку – і цэлы вадаспад падпарадкоўваецца табе… Мы захоўваем такія ўспаміны на ўсё жыццё, там жывыя бабулі-дзядулі, маладыя нашы бацькі, а перад намі – цэлы невядомы свет.

І, канешне, цяжка ўспрымаць рэчаіснасць, калі ты трапляеш у чароўнае месца дзяцінства праз, скажам так, 50 гадоў… Цябе ніхто не сустракае, хата ці тое, што ад яе засталося, сумна пазірае сваімі аканіцамі, прыгожы куст бэзу ці язміну ператварыў двор у гушчар, плот пахіліўся, а калодзеж «не хоча даць вады напіцца»…

Можна знайсці тысячу апраўданняў сабе, чаму так доўга не ехаў, толькі, на жаль, час не адматаць назад, на паўтор, як калісьці ў юнацтве касету з любімым артыстам, спрытна круцячы яе на алоўку… У сэрцы пасяляюцца боль і адчай: як жа так, чаму не дагледзелі? Ды толькі пытанні трэба задаваць сабе…

Прабачце за доўгае лірычнае адступленне. Ды такія думкі-роздумы ўзніклі пасля чарговага выезду ў сельскую мясцовасць. На прыёме грамадзян, які праводзіў кіраўнік раёна, ураджэнка Волькі прыйшла з прапановамі для вяскоўцаў. Няхай частка з іх не зусім рэалістычная, надуманая, ды імпануе яе нераўнадушша. А пасля прыёму мы шпарка імчалі на рабочым аўто ў адзін з населеных пунктаў Быценшчыны на суботнік, ды толькі праехаліся па вёсцы і амаль нікога не сустрэлі.

Працавалі ўсяго два чалавекі: старшыня сельвыканкама ды чалавек, які нас запрасіў. Яны шчыравалі над месцам для прыпынку аўталаўкі. Матэрыял для будоўлі прадставіў стараста вёскі, сам ён быў у той час на рабоце.

Мы ведалі, што вёска маланаселеная, пражывае тут толькі 11 чалавек, аднак на лецішча сюды з’язджаецца значна больш людзей. Асноўная частка жыхароў – ва ўзросце ці не можа працаваць па стане здароўя, ведаем гэта. Але ж ёсць дзеці, унукі, якія пражываюць у суседніх населеных пунктах…

Няўжо так названы клопат за вёску застаўся толькі ў чатах у Вайберы, дзе ўсе героі, а на справе выходзіць не так?!

Ледзь не забыла, што быў на суботніку яшчэ адзін удзельнік, дакладней, удзельніца – баба Люба. Яна ў сілу ўзросту не магла дапамагчы, затое гасцінна прапаноўвала хлопцам, як яна іх называла, каву з блінцамі.

Хочацца спадзявацца, што гэта хутчэй выключэнне з правіла, бо за амаль восем гадоў працы ў рэдакцыі было столькі станоўчых прыкладаў, калі людзі выходзілі на суботнікі талакой і з настроем.

Інакш не атрымаецца, бо калі вы хочаце, каб малая радзіма сустракала вас радасна і гасцінна, наведвайце яе хоць некалькі разоў на год, ды не толькі каб шашлыкі пасмажыць, а каб зрабіць куточак, дарагі сэрцу, утульным, прыгожым, жывым. Малая радзіма – не толькі разавы запіс у пашпарце, гэта месца ў нашым сэрцы. Не здраджвайце сабе і сваім успамінам.

Вёсачкі жывуць, пакуль пра іх клапоцяцца. І як бы дзяржава ні нарошчвала абароты дапамогі для
ўзнаўлення вірлівага жыцця ў сельскай мясцовасці, без нас з вамі, тых людзей, якія там нарадзіліся і выраслі, на 100 працэнтаў гэта не атрымаецца зрабіць. Гэта трэба ў першую чаргу нам! Мы ж беларусы, сэрцам адданыя роднай зямлі. Ці ж не так?

Думкамі ўслых падзялілася Юлія Кавалёва (Ульдзіновіч).