x
Close
Актуально Новости Сельское хозяйство

Сезон цукровых буракоў. Івацэвіцкі прыёмны пункт ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод» вядзе прыёмку ўраджаю

Сезон цукровых буракоў. Івацэвіцкі прыёмны пункт ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод» вядзе прыёмку ўраджаю
  • Опубликовано:2 ноября, 2024

У апошнія восеньскія месяцы, калі ўраджай большасці сельскагаспадарчых культур сабраны, асноўныя намаганні земляробаў сканцэнтраваны на ўборцы цукровых буракоў. На ўсю моц кіпіць работа ў гэты час і на Івацэвіцкім буракапрыёмным пункце, які з’яўляецца своеасаблівым пасрэднікам паміж вытворцамі салодкіх караняплодаў і перапрацоўшчыкам – Жабінкаўскім цукровым заводам.

Тут штодня паток вялікагрузаў, а графік працы – з 8 раніцы да 8 вечара. Салодкі корань паступае на буракапрыёмны пункт з сельгаспрадпрыемстваў Івацэвіцкага раёна.

– Па стане на 31 кастрычніка мы нарыхтавалі ўжо больш за 30 тысяч тон цукровых буракоў, – кажа начальнік Івацэвіцкага буракапрыёмнага пункта Леанід Паляшчук.

Чыгуначным транспартам у Жабінку з Івацэвіч ужо адправілі амаль 18 тысяч тон караняплодаў. Дарэчы, штодзень на цукровы завод ідуць 8-9 поўных вагонаў сыравіны. Якасць буракоў у гэтым годзе нядрэнная: цукрыстасць складае 15,98 %.

На буракапрыёмным пункце ў гэтым сезоне плануюць прыняць яшчэ каля 22 тысяч тон буракоў, а работы тут будуць весціся амаль да канца снежня.

Усяго раённы клін цукровых буракоў сёлета склаў каля тысячы гектараў. Лепшай ураджайнасцю можа пахваліцца ААТ «Косава» – 680 ц/га. Сельгаспрадпрыемства ўжо завяршыла ўборку караняплодаў. Неблагі ўраджай і ў ААТ «Новыя Стайкі» – тут пад цукровыя буракі адведзена 300 га, ураджайнасць на сёння складае 480 ц/га.

– Сёлета ўраджай буракоў гаспадаркі атрымалі нядрэнны. Караняплоды хоць і пацярпелі падчас летняй засухі, але ўсё ж дабралі сваё восенню. Дзяржзаказ выканаем! А значыць, цукру хопіць усім! – кажа начальнік буракапункта Леанід Паляшчук.

Тыя, хто датычны да вырошчвання салодкай сыравіны, цяпер спадзяюц-
ца, у першую чаргу, на спрыяльнае надвор’е, каб без страт і ў кандыцыйным выглядзе прыбраць усё да апошняга кораня і тым самым забяспечыць бесперабойную работу цукровага завода і цудоўным па якасці цукрам краіну.

Аксана Цярэшка.Фота Валерыя Міскевіча.