Пяцьдзясят гадоў таму, напярэдадні 8 Сакавіка, Іван і Ніна Юрашчыкі з Гошчава злучылі свае сэрцы, у адну аб’ядналі шляхі-дарогі, каб ісці па жыцці, каб разам радавацца і спраўляцца з цяжкасцямі, каб кожны свой дзень напаўняць цяплом, каханнем і выключнай адданасцю.
Нягледзячы на тое, што з моманту знаёмства Івана Васільевіча і Ніны Мікалаеўны прайшло крыху больш, чым паўстагоддзя, яны добра памятаюць сваю першую сустрэчу, дотык гарачых рук, погляд аднаго і другога, спачатку загадкавы, сарамлівы, а потым магічна-прыцягальны. Той момант, калі прыйшло, напаткала каханне, чыстае, шчырае, якое не стала мімалётным, а прывяло да шлюбу.
– Вяселле наша мы гулялі ажно тры дні і тры ночы, – усміхаецца Іван Васільевіч. – Спачатку ў Няхачаве, у хаце маёй абранніцы, а потым пераехалі да мяне, у Гошчава. Вясёлым, шумным, шматлюдным, з песнямі, жартамі і танцамі было наша вяселле.
Маладая пара, як і належала па тым часе, стала жыць у доме мужа. Дзяліцца прытулкам маладажонам прыйшлося з матуляй Івана Васільевіча.
– Пятнаццаць гадоў, што пражылі пад адным дахам са свякроўкай, не сталі, асабліва для мяне, нейкім там выпрабаваннем. Наадварот, Надзея Рыгораўна была дарадцай, настаўнікам, у некаторых пытаннях нават шчырай сяброўкай, – прызнаецца Ніна Мікалаеўна. – Па характары сваім яна была вельмі мудрым чалавекам, не тое што не гаварыла, ніколі не думала пра людзей дрэнна. Да ўсяго, любоў з ёю ў нас была адна на дваіх – наш Ванечка.
Праўда, аднойчы Надзея Рыгораўна ўсё ж такі паўшчувала сваю маладую нявестку. Не дзеля таго, каб прынізіць, зрабіць горшай… Каб зберагчы мір, лад і парадак у маладой сям’і.
– На той час працавала я закройшчыцай у Косаўскім КБА. Штодня раніцай ехала ў райцэнтр на працу, а вечарам вярталася. Неяк замест рэйсавага аўтобуса, што ішоў на Гошчава, ускочыла ў рабочы. Прыехала недзе мо на хвілін пятнаццаць раней звычайнага і па дарозе дадому размінулася з мужам, які пайшоў мяне сустракаць на аўтобусны прыпынак. Адна вельмі важная акалічнасць: калі муж убачыў, што сярод аднавяскоўцаў, якія гарохам высыпаліся з ПАЗіка, мяне не аказалася, моцна захваляваўся. Прыйшоў дахаты, а на ім не было твару.
Тады свякроў Ніне Мікалаеўне сказала:
– Бог прыйшоў, пастукаў у вашы дзверы і прынёс вам каханне. Так бывае не ў кожнага. Аднаму і другому трэба вельмі і вельмі старацца не разбіць гэтае каханне, найперш, аб сцяну неабдуманых учынкаў.
І яны не разбілі. Іван Васільевіч і Ніна Мікалаеўна зрабілі ўсё, каб зберагчы, захаваць святое пачуццё на ўсё жыццё, каб умацаваць давер, свае адносіны і той дзіўны свет, у якім добра, цёпла і ўтульна ім удваіх.
– Усё жыццё муж працаваў трактарыстам у калгасе, – працягвае Ніна Мікалаеўна. – З раніцы і да позняга вечара рупіўся на зямлі: то араў, то сеяў… Заўсёды цяжка працаваў. Аднак, нягле-
дзячы на стомленасць, нейкія складанасці на рабоце, мяне сам-насам з жыццёвымі праблемамі, гаспадарчымі пытаннямі ніколі не пакідаў.
Разам і толькі разам Юрашчыкі выходзілі садзіць і капаць бульбу, упраўляцца па гаспадарцы, а яна заўсёды была вялікай: карова, конь, свінні, трусы, безліч птушкі… Нават калі Іван Васільевіч пачынаў гарадзіць плот, а Ніна Мікалаеўна выпякала пірагі, яны былі разам.
– Дарэчы, і зараз у вёсцы на з’яўленне Юрашчыкаў паасобку ці то ў магазіне, ці то на пошце, ФАПе людзі задаюцца пытаннем з разраду: чаму другая палавінка не побач?
Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Іван Васільевіч і Ніна Мікалаеўна не адразу сталі адпачываць напоўніцу. Ніна Мікалаеўна збірала па вёсцы малако, працавала лабарантам. Іван Васільевіч, сапраўдны гаспадар, не на словах, а на справах, набыў трактар, на якім апрацоўваў не толькі ўласную зямельку, але і суседскія надзелы.
– Дзверы ў нашу хату не зачыняліся, людзі прыходзілі і прасілі мужа то поле восенню ўзараць, то радкі пад бульбу наганяць, то сена ў гумно прывезці, – расказвае Ніна Мікалаеўна. – А ён нікому і ніколі не адказваў. Па дванаццаць гадзін у суткі працаваў.
Іншы раз кажу: пасядзі дома, скажы, што стаміўся. Ды дзе там… Не такі ён у мяне, каб сядзець склаўшы рукі. Шкадавала, моцна шкадавала я яго. А ён – мяне.
Па прызнаннях жанчыны, усе пяцьдзясят гадоў, што ў шлюбе з Іванам Васільевічам, пражыла яна, як кажуць, за мужам, за яго моцнаю, надзейнаю спінаю. І «спіна» гэтая ніколі не падвяла, не здрадзіла, не пакрыўдзіла.
– Зараз ёсць некаторыя праблемы са здароўем, – прызнаецца суразмоўца. – Дык Ваня яшчэ больш хвалюецца, перажывае і шкадуе мяне. Раніцай прачнёмся, а ён: «Паляжы! Спяшацца нам няма куды».
І гэта хіба не падарунак, не найлепшыя словы, якія можна атрымаць і пачуць ад любімага і любячага чалавека?!
Дарэчы, апошнія дзесяць гадоў з большасцю бытавых пытанняў Юрашчыкам дапамагае спраўляцца сацыяльны работнік Валянціна Ціток. Валянціна Канстанцінаўна ведае без падказкі, якія лекі ў яе падапечных заканчваюцца, якія прадукты ім трэба купіць у магазіне. Яна памятае, дзе і што ляжыць у доме Юрашчыкаў, нават якую гарбату любяць Іван Васільевіч і Ніна Мікалаеўна. Адным словам, не сацыяльны работнік, а дабрыня, клопат, чалавечнасць, якая прыходзіць па раскладзе ў сям’ю.
Падчас размовы з «залатымі» маладымі было недаравальна не спытаць пра сакрэт іх сямейнага шчасця. На пытанне гэтае Іван Васільевіч усміхнуўся і коратка зазначыў: «Бо жонка ў мяне – самая лепшая!» А вось Ніна Мікалаеўна на некалькі хвілін задумалася, потым перавяла погляд на мужа і сказала:
– Сакрэт у дробязях. Ён у слове «дзякуй» за смачную вячэру, ва ўменні сказаць «прабач» і ў адсутнасці жадання ўспамінаць старыя грахі, жаданні гаварыць, а не маўчаць, калі нешта не падабаецца. Сакрэт у павазе, любові, агульных інтарэсах і нават агульным бюджэце. А яшчэ гэты сакрэт у своечасовым пераўтварэнні займенніка «я» на «мы».
Галіна МІКАЛАЕВА. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.





