Шум ад касьбы: ці ёсць абмежаванні па правядзенні такіх работ?
З гэтым пытаннем у рэдакцыю «ІВ» звярнулася жыхарка Івацэвіч. Зараз пасля дажджоў, калі пайшла ў рост трава, актывізаваліся камунальнікі і іншыя касцы, якім трэба прывесці ў парадак вуліцы горада і тэрыторыі каля прыватных дамоў. Наша чытачка вельмі ўсхваляваная шумам. Маўляў, косяць зрання, спаць у такі момант проста немагчыма…
Мы пацікавіліся ў адказных служб, ці ёсць абмежаванні па правядзенні такіх работ. У аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама паведамілі, што ніякіх абмежаванняў у заканадаўстве няма. Часта рабочыя зялёнага будаўніцтва пачынаюць працаваць каля 7 гадзін раніцы, каб, па-першае, паспець выканаць усе аб’ёмы намечаных работ, а па-другое, каб не «смажыцца» на сонцы ў абедні час. Так, майстар зялёнага будаўніцтва ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» Кацярына Саявец адзначыла, што камунальная служба ў адказе за абкошванне тэрыторый райцэнтра і прыдамавых тэрыторый, што на балансе ЖКГ, ва ўсім раёне. На касьбе задзейнічаны тры адзінкі тэхнікі – міні-трактар і два МТЗ-80, яны шчыруюць на пустырах і ў скверах, яшчэ 10 чалавек косяць трымерамі. Сёння ім у кароткі тэрмін трэба прывесці тэрыторыі раёна ў парадак, гэта фізічна вельмі цяжка. Па даручэнні мясцовай улады на гэтым тыдні да касьбы далучыліся яшчэ шэраг арганізацый, бо надвор’е апошніх дзён вельмі паскорыла рост травы.
Касцы працуюць па графіку, а ў выхадныя дні стараюцца працаваць далей ад жылфонду.
– Рабочыя выходзяць на работу пасля 6.30, калі большасць людзей ужо збіраецца на работу, – адзначае Кацярына Саявец. – Можа, шум ад працэсу і перашкаджае сну некаторых гараджан, але мы просім аднесціся да гэтага з разуменнем. Працэс не цягнецца тыднямі, за дзень, максімум – за два мы абкошваем тэрыторыю каля дома. Дзеля таго, каб горад быў чыстым і прыгожым, адзін дзень можна паспаць з зачыненымі вокнамі. Ці не так?
Аўтар радкоў звярнулася па каментарый у Івацэвіцкі РАУС: ці часта да праваахоўнікаў звяртаюцца людзі са скаргамі на шум ад трымераў?
– Заканадаўствам прадугледжана адміністрацыйная адказнасць за парушэнне правіл карыстання жылымі памяшканнямі, аматарам гучнай музыкі ці начных спрэчак пагражае штраф ад двух да 10 базавых велічынь, а вось за шум ад трымераў падчас кашэння адказнасці не прадугледжана, – адзначае Сяргей Курыловіч, выконваючы абавязкі начальніка ААПП Івацэвіцкага РАУС. – У мінулым годзе да мяне як да ўчастковага інспектара звярталася жыхарка адной з вёсак Быценшчыны з падобнай скаргай на суседа. Пенсіянер наводзіў парадкі ў двары ў 4 гадзіны раніцы. Тады прафілактычная бяседа дапамагла.
Як па мне, дык у пытанні касьбы ўсё будуецца на чалавечым фактары. Трэба паважаць суседзей ці жыхароў шматкватэрных дамоў і падбіраць больш позні час для работ, але і чалавеку трэба з разуменнем адносіцца да неабходных сезонных работ, якія праводзяцца не так часта, каб прэтэндаваць на статус глабальнай праблемы.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ.






