Рамеснік Валянціна Абрамчук з Целяхан разам з цэлай камандай майстроў не пакладаючы ўмелых рук рыхтуюць сувеніры для гасцей Дня беларускага пісьменства
Сава (барадатая няясыць) – птушка-сімвал Івацэвіцкага раёна, лагічна было адлюстраваць гэта ў сувенірах, якія сярод іншага ўручаць ганаровым гасцям рэспубліканскага свята. Вырабіць частку сувенірнай прадукцыі даверылі работнікам культуры, нашым майстрам. Параіўшыся і разгледзеўшы ўсе варыянты цацак, якія прапанавалі змайстраваць умельцы, спыніліся на двух – вязаных совах і совах з фаамірану. Што тычыцца першых, то схемы вязання распрацавала рамеснік і культарганізатар Целяханскага цэнтра культуры і вольнага часу Валянціна Абрамчук, якая дасягнула высокага ўзроўню майстэрства і ў вязанні, і ў саломапляценні. Вядома, яна таксама ўзялася за кручок і ўжо другі месяц літаральна не выпускае яго з рук.
Разам з Валянцінай вяжуць і лепяць соў 15 работнікаў устаноў культуры, майстроў і аматараў з Амяльной і Любішчыц, Зялёнага Бору і Рудні, Падстарыні і Вулькі-Аброўскай, Быцені і Даманава, Горталя і Рэчак, Дабромысля, Косава і Івацэвічаў. Першапачаткова паступіў заказ на 50 цацак, аднак з цягам часу ён павялічыўся ўдвая. Спачатку гераіні артыкула і яе аднадумцам было дастаткова звязаць па сем цацак, цяпер задача другая – хто колькі зможа, а пражай жанчын забяспечаць у патрэбнай колькасці.
Валянціна пакуль што змагла 16 і разлічвае, што паспее зрабіць яшчэ некалькі. Распрацоўваючы майстар-клас па вырабе аўтарскай цацкі, яна падрыхтавала і раздала майстрам дзве схемы вязання, гэта значыць, совы павінны былі атрымацца двух відаў. Аднак яе 16 цацак не падобныя адна на адну: у працэсе вязання нараджаліся новыя ідэі, і майстар смела ўвасабляла іх у жыццё. Можа, гэта і дазваляе ёй усё яшчэ быць «в деле»: адно і тое ж вязаць не цікава – не хапае цярпення, а так якая-ніякая разнастайнасць. У майстроў ёсць група ў Вайберы, дзе Валянціна размяшчае міні-відэаўрокі па вязанні найбольш складаных элементаў, напрыклад, крылаў птушак з выцягнутымі петлямі. А яшчэ жанчыны тэлефануюць адна адной, каб параіцца.
– Колькі часу патрабуецца на выраб адной савы? – пытаюся.
– Быў перыяд, калі я і працавала, і вязала соў – тады адна цацка нараджалася за тыдзень. А зараз у мяне водпуск – вяжу больш. Дзеля эксперыменту паспрабавала падлічыць, як хутка спраўлюся, калі буду працаваць літаральна без перапынку. У выніку два дні запар з 11 раніцы да гадзіны ночы я правяла за вязаннем адной цацкі. Дылетанты ў нашай справе іншы раз могуць спытаць, колькі цацак я магу вырабіць за дзень. На гэты выпадак у мяне заўсёды з сабой кручок і пража – магу любому прапанаваць паспрабаваць гэтага лёгкага хлеба, – адказвае субяседніца.
Соў Валянціна вяжа і вяжа, каб паспець зрабіць як мага больш. Гэтая сітуацыя нарадзіла жарт: калі яна прыходзіць на працу і гаворыць «Добры дзень», у яе пытаюць: «А чаму не «Угу»?
– У рамках святкавання Дня беларускага пісьменства на выстаўцы будуць прадстаўлены і мае вырабы з саломкі. Галоўнае сапраўды не закугакаць на свяце, – смяецца жанчына.
Аднак яна не з тых людзей, хто пасуе перад цяжкасцямі. Дала слова, што дапаможа, – і зробіць для гэтага ўсё магчымае. Да таго ж, Валянціна Абрамчук рыхтуецца да сваёй першай персанальнай выстаўкі, якая 11 верасня пройдзе ў Брэсце, у цэнтральнай бібліятэцы ім. А. С. Пушкіна. Брэст – родны горад Валянціны. Прага да творчасці ў яе ад бабулі, якая некалі вышывала крыжыкам, ад матулі Ніны Максімаўны Жырко, якая добра малявала, а цяпер выдатна вышывае і разам з дачкой удзельнічае ў выстаўках.
Валя была другакласніцай, калі пачала наведваць гурток па інкрустацыі саломкай і на сем гадоў захапілася вырабам шкатулак, хлебніц і іншых найпрыгажэйшых прадметаў інтэр’еру ручной работы. Потым была вучоба ў Бабруйску, у каледжы мастацтваў. Пазней яна сустрэла будучага мужа і пераехала на яго радзіму, у Целяханы, нарадзіла старэйшую дачку і ў дэкрэце прамяняла саломку на пражу. Муж быў супраць, гаварыў, што вязанне – гэта для бабуль, іншая справа саломка, майстраваць нешта з яе – навык унікальны, тым больш што ў каледжы Валянціна навучылася аплікацыі. Прыйшлося зноў брацца за старое. Салому вырошчвалі, нарыхтоўвалі ўсёй сям’ёй – і
дзядуля дапамагаў, і тата. Хутка таленавітую жанчыну запрасілі выкладаць саломапляценне ў гуртку ў Доме дзіцячай творчасці. Гэта быў перыяд, калі яна адточвала сваё майстэрства, асвойвала новыя тэхнікі: пачала дапаўняць саломку вышыўкай, роспісам. Атрымліваліся прыгожыя пано і іншыя вырабы, якія прынеслі майстру вядомасць.
Дзякуючы гурткоўцам жанчына зноў павярнулася тварам да вязання. Перад Новым годам ёй захацелася зрабіць для дзяцей падарункі, і па вечарах яна вязала для іх бірулькі ў выглядзе снегавікоў, чым вельмі ўзрушыла рабят. Яны таксама захацелі вязаць – і навучыліся, нават хлопчыкі. Пазней Валянціна ўладкавалася на працу ў цэнтр і цяпер займаецца арганізацыяй мерапрыемстваў, аднак і тут ёсць гурток, дзе разам з дзеткамі яна займаецца творчасцю. Напрыклад, зараз яны ствараюць адзенне для дуба, што расце каля ўстановы. Яго «паліто» сшыюць з соцень звязаных кручком кветак-сурвэтак.
Валянціна за гады выкладання па-сапраўднаму захапілася вязаннем і мае ў гэтай справе поспех. Цяпер яна вяжа на заказ мяккія аўтарскія цацкі. Жанчына распрацавала больш за 20 майстар-класаў па вязанні! Не даходзяць рукі, каб пачаць прадаваць схемы вязання, а цацкі прадаюцца актыўна. Пазнаёміцца з асартыментам вязаных вырабаў (там ёсць і адзенне!) можна на старонцы майстра ў Instagram – valentina_toys, і яшчэ адна яе старонка прысвечана саломапляценню – valentina_abramchuk.
– А што лепш прадаецца – пано з саломкі ці цацкі? – задаю чарговае пытанне і такі атрымліваю адказ:
– Цацкі. Людзі лічаць за лепшае палюбавацца вырабамі з саломкі, аднак яны часта не ўпісваюцца ў сучасны інтэр’ер, нягледзячы на тое, што для маіх пано далёка не заўсёды характэрныя этнічныя матывы. Найчасцей іх набываюць у падарунак, як сувенір, які адпраўляецца за мяжу. Ну а цацкі купляюць дзецям. Аднак і не толькі ім. Ёсць у Целяханах жанчыны шаноўнага ўзросту, якія перад Новым годам заўжды набываюць у мяне новую цацку – для калекцыі.
– А які самы хадавы тавар і незвычайны заказ?
– Даволі часта купляюць плюшавых зайчыкаў. Цэны ў мяне невысокія, ёсць майстры, якія за такую работу просяць у два разы больш. А незвычайны заказ… Напэўна, бірулькі па фотаздымках машын. Мне дасылалі фота рэальнай машыны, а я павінна была зрабіць маленькую цацку ў выглядзе гэтага аўто. Пазней заказчыкі, якія ведалі адзін аднаго, даслалі мне фотаздымак, дзе яны ўсе на фоне сваіх машын, з ключамі, на якіх вісяць іх аўто ў мініяцюры, – дзеліцца субяседніца.
Сустракаючы такіх людзей, як Валянціна Абрамчук, хочацца адразу аддзячыць ім за прыгажосць, якую яны нясуць праз свае здольнасці. Ручная работа – гэта тое, што заўжды цанілася, бо майстар укладвае ў кожны выраб часцінку сваёй душы. Не сумняваемся, што совы ад нашых умельцаў (таксама ў розных тэхніках іх вырабляюць работнікі цэнтраў дзіцячай творчасці і ТЦСАН) прыйдуцца даспадобы гасцям і стануць добрым напамінам пра наш слаўны, багаты на таленты раён.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.