Close
Актуально Новости Обращения

Скарэкціраваць маршрут не так проста…

Скарэкціраваць маршрут не так проста…
  • Опубликовано:29 октября, 2024

На «гарачую лінію» «ІВ» патэлефанавала жыхарка Косава Г. М. з просьбай унесці змяненні ў аўтобусны маршрут «Івацэвічы – Косаўскі замак». Жанчына хацела, каб раніцай, у 8.30, аўтобус заязджаў у Квасевічы. Маўляў, у гэты час ёй няма чым дабрацца на работу ў аграгарадок. З той жа просьбай жанчына ўжо звярталася ў гар- і райвыканкам.

Рэдакцыя звярнулася з афіцыйным пісьмом да кіраўніцтва філіяла «Аўтамабільны парк
№ 14 г. Івацэвічы». Аказалася, у аўторак, 22 кастрычніка, прадстаўнікі аўтапарка сустрэліся з касаўчанкай і ў асабістай размове далі адказ. Ён быў наступным:

– Згодна з заканадаўствам арганізацыя гарадскіх і прыгарадных аўтамабільных перавозак пасажыраў ажыццяўляецца заказчыкам (Івацэвіцкім райвыканкамам) або аператарам аўтамабільных перавозак (КУП «Брэстгартранс»). Гэта значыць, што кіраўніцва аўтапарка не мае магчымасці самастойна дадаваць або адмяняць рэгулярныя маршруты.

Тым больш, маршрут «Івацэвічы – Косаўскі замак» ніяк не назавеш «залатым» у сэнсе прыбыткаў, страты аўтапарка за 9 месяцаў бягучага года склалі амаль 45 тысяч рублёў. Тут трэба разумець, што прадленне маршрута толькі ўскладніць сітуацыю…

Інжынер па арганізацыі пасажырскіх перавозак філіяла Вольга Казленя дадала таксама, што на сённяшні дзень аг. Квасевічы абслугоўваецца маршрутамі: «Івацэвічы – Ружаны» (штодзень па 4 рэйсы), «Івацэвічы – Юрчыкі» (пятніца, серада па 4 рэйсы, субота і нядзеля па 2 рэйсы), «Івацэвічы – Мілейкі» 2 рэйсы па пятніцах. Мінімальны сацыяльны стандарт у галіне транспартнага абслугоўвання ў Квасевічах выконваецца на 262 %. Пры нарматыве 16 рэйсаў на тыдзень наш аўтапарк робіць 42!

Гараджанка цікавілася яшчэ наяўнасцю раскладаў аўтобуснага маршрута на астаноўках па маршруце «Івацэвічы – Юрчыкі». Пасля звароту ўсе пункты праверылі, расклад на прыпынку ў Квасевічах быў адноўлены.

За кожнай просьбай – асабістая чалавечая гісторыя і патрэба, кіраўніцтва аўтапарка па магчымасці ідзе насустрач, і многія маршруты ў гэтым годзе былі скарэкціраваныя, аднак аўтобус не можа выконваць функцыі таксі, гэта таксама трэба разумець.

Падрыхтавала Наталля ГЕРБЕДЗЬ.