x
Close
Главная новость ГОД КАЧЕСТВА Новости Образование

«Смачная рэформа», або Новыя прынцыпы ў школьным харчаванні

«Смачная рэформа», або Новыя прынцыпы ў школьным харчаванні
  • Опубликовано:8 февраля, 2024

У мінулым навучальным годзе ў 23 установах адукацыі краіны праводзіўся пілотны праект па арганізацыі школьнага харчавання. Ён прадугледжваў задачу смачна накарміць школьнікаў і пры гэтым зменшыць колькасць адходаў, якія заставаліся пасля сняданкаў і абедаў. Апрабацыя новых тэхналогій школьнага харчавання прайшла паспяхова, а станоўчы вопыт стаў укараняцца і ў іншых установах адукацыі рэгіёнаў, у тым ліку і ў Івацэвіцкім раёне.

Напярэдадні 2023/2024 навучальнага года на сумеснай нарадзе аддзела па адукацыі Івацэвіцкага райвыканкама і ДУ «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый» па ўзгадненні з ДУ «Івацэвіцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» быў зацверджаны план пераходу на новыя прынцыпы харчавання, ён праходзіць у тры этапы. Вызначаны 13 устаноў адукацыі раёна (50 %) для ўкаранення такіх навацый: Ліцэй Івацэвіцкага раёна, Быценская, Волькаўская, Вялікагацкая, Даманаўская, Любішчыцкая, Падстарынская, Рэчкаўская, Яглевіцкая, Зеленаборская сярэднія школы, Косаўская СШ ім. А. Зайкі, СШ № 1 г. Івацэвічы ім. У. Гука і Целяханская СШ ім. К. К. Ракасоўскага.

Інжынеры-тэхнолагі распрацавалі двухтыднёвае меню на аснове падрыхтаванага Міністэрствам адукацыі інфармацыйнага зборніка тэхналагічных карт і з улікам прапаноў і пажаданняў бацькоў і дзяцей, а школьным харчблокам спатрэбілася дааснашчэнне. Так, у школы былі закуплены і ўстаноўлены марміты, электрычныя скавароды і пліты, хлебарэзкі, агароднінарэзкі, параканвектаматы, слайсары, посуд і іншае абсталяванне. На гэтыя мэты з раённага бюджэту выдаткаваны 274 631 рубель. Другі этап – карэкціроўка рацыёнаў – пачаўся з 1 студзеня. Заключным этапам стане пераход астатніх школ раёна да новых прынцыпаў харчавання.

Як жа праходзіць «смачная рэформа» і якія вынікі яна дае? журналісты «ІВ» разбіраліся ў гэтым на прыкладзе Быценскай і Даманаўскай сярэдніх школ.

У Быценскую школу ў панядзелак, 5 лютага, мы трапілі акурат падчас сняданку вучняў пачатковых класаў. З дазволу дырэктара Таццяны Ігараўны Багдановіч праходзім у «святую святых» – сталовую. На сняданак у пачаткоўцаў макароны «Апетытныя», сасіскі, какава, хлеб аржаны і пшанічны. Хвілін 10 – і дзеці адзін за другім нясуць пустыя талеркі ў мыечную, а хтосьці і не саромеецца папрасіць дабаўкі. Повар, канечне, не адмаўляе ў просьбе, калі ёсць магчымасць.

– У верасні мінулага года з дапамогай анкеціравання, анлайн-галасавання на сайце школы і ў Вайбер-чатах актыўна збіраліся прапановы і пажаданні бацькоў і дзяцей па арганізацыі харчавання, яны ўсе ўлічаны. Па ўзгадненні з тэхнолагамі мы можам уносіць карэктывы ў меню. Зараз можна смела сказаць, што харчаваннем усе задаволеныя, пры гэтым рэшткі ежы значна зменшыліся, – паясніла Таццяна Ігараўна.

У Быценскай школе навучаецца 125 дзяцей, усе яны ахопленыя гарачым харчаваннем. 38 вучняў наведваюць групу падоўжанага дня і атрымліваюць сняданак, абед і падвячорак, бацькі даплачваюць за харчаванне аднаго вучня 2,98 руб. у дзень, а вось вучні сярэдняга і старэйшага звяна бясплатна харчуюцца адзін раз на дзень – атрымліваюць абед.

Заглянулі ў школьнае меню – на працягу 10 дзён ні адна страва не паўтараецца. Нагетсы «Курачка», піца «Школьная», шашлычок, каўбаскі запечаныя, пельмені, філе птушкі «Смак», свініна па-дамашняму, бульба «Залатыя долькі», «Антошкіна бульба», розныя запяканкі і сырнікі – гэта далёка не ўвесь пералік прысмакаў школьнай сталовай. Салата на любы густ – і са свежай вітаміннай гародніны, і з мясам. Запраўляюць салаты або алеем, або маянэзам, які так і называецца – «Школьны». У ім няма воцату і шкодных дабавак. Фрукты, гематаген, зефір – рэгулярна. А вось з мэтаю забеспячэння вітамінізацыі ў салаты або кампоты штодзённа дадаецца аскарбінавая кіслата ў разліку 0,5 мг на вучня 6–10 гадоў і 0,7 мг – на вучня 11–17 гадоў. А навінка кухоннай тэхнікі – параканвектамат – дазваляе гатаваць пад уздзеяннем канвекцыі і пары і захоўваць у прадуктах вітаміны. Вырошчваюць на прышкольным участку і сваю гародніну – чырвоныя буракі, моркву і капусту, гэта дазваляе хоць і на невялікі тэрмін, але зрабіць таннейшым харчаванне.

У гэты ж дзень завіталі мы і ў Даманаўскую сярэднюю школу. Дырэктар школы Ларыса Аляксандраўна Монцік, даведаўшыся пра мэту нашага візіту, правяла нас у школьную сталовую. У панядзелак падсілкавацца школьнікам прапанавалі баршчом з капустай і смятанай, на другое – макароны «Апетытныя» і ўсімі любімыя нагетсы, салата «Дубравачка» – у яе складзе курынае філе, морква, сыр, яйкі і маянэз (безумоўна, «Школьны»), хлеб і чай.

У Даманаўскай школе навучаецца 129 дзяцей. Так як ва ўстанове адукацыі няма групы падоўжанага дня, меню крыху адрознае ад меню Быценскай школы. Да прыкладу, з навінак мы тут сустрэлі фрытату «Як дома» (амлет з мясам, сырам і гароднінай), дранікі са свінінай, мяса тушанае «Смачнае», мясныя шарыкі, аладкі «Рыбная фантазія» (яны, дарэчы, замянілі смажаную рыбу). У цэлым жа меню, як і ў іншых установах адукацыі, што пайшлі па шляху навацыі ў харчаванні, разнастайнае і збалансаванае, ды і адходы пасля прыёму ежы ў разы менш сталі адпраўляць ў вядро. Дарэчы, для сталовай вучні і настаўнікі вырасцілі ўласнымі рукамі на прышкольным участку ажно тону бульбы, 350 кг цыбулі, 50 кг морквы і 500 кг капусты.

Што кажуць дзеці?
У фаварытах вучняў пачатковых класаў Быценскай СШ аказаліся пельмені, нагетсы, бульба «Залатыя долькі», шашлычок і фрукты. А вось на пытанне, што не падабаецца ў школьным меню, трэццякласніцы Еўдакія Сярко, Дар’я Юркевіч і другакласніца Варвара Мядзведская нават і не знайшлі, што сказаць. Па сакрэце дзяўчынкі падзяліліся, што, бывае, у школе нават смачней кормяць, чым дома.

А вось старшакласнікі аказаліся больш прыдзірлівымі.

Марыя Монцік, вучаніца 10 класа Даманаўскай СШ:
– І раней заўсёды ўсё было смачна, а ў гэтым годзе дык наогул пальчыкі абліжаш! Адзінае, што не вельмі люблю, дык гэта рыбу. Зімой не хапае свежай гародніны, хацелася б свежых агуркоў ці памідораў, і не ў салатах, а цэлымі.

Міхаіл Гегеня, вучань 9 класа Даманаўскай СШ:
– Новае меню мне надта падабаецца, асабліва мясныя стравы. З нелюбімага – суп са свежай капусты, але я яго і дома не ем. І сумую па малочным супе, яго зараз не ўключаюць у наш рацыён. А ў цэлым усё цудоўна, дзякуй нашым поварам!

Аксана Цярэшка, фота аўтара і Валерыя Міскевіча.