Close
Главная новость Общество

Смаката са знакам якасці

Смаката са знакам якасці
  • Опубликовано:4 июня, 2025

Выпечка івацэвіцкіх кааператараў – лепшая на «Кандытарскім Алімпе – 2025».

Прадукцыя філіяла «Камбінат кааператыўнай прамысловасці» Івацэвіцкага райспажыўтаварыства даўно заваявала прызнанне спажыўца. Непаўторны смак хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў ведаюць за межамі раёна, вобласці і нават рэспублікі.

Штогод нашы кааператары пацвярджаюць якасць сваёй прадукцыі на прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Літаральна нядаўна яны зноў папоўнілі сваю скарбонку ўзнагарод новымі дасягненнямі: на ІІІ галіновым дэгустацыйным конкурсе кандытарскіх вырабаў «Кандытарскі Алімп – 2025», што праводзіўся ў рамках Міжнароднага сімпозіума кандытараў, найвышэйшую ацэнку – Гран-пры – атрымалі рагалікі з фруктовай начынкай, а рагалікі з тварожнай – залаты медаль.

У склад экспертнай камісіі конкурсу ўвайшлі спецыялісты кандытарскай і хлебапякарнай галін прамысловасці, прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь, Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні, Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь, Белкаапсаюза, Беларускага таварыства абароны спажыўцоў і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій.

Для аб’ектыўнасці конкурсу ўся прадстаўленая на суд журы прадукцыя была засакрэчана, гэта значыць, журы не ведала ні назвы вырабаў, ні іх вытворцаў, а канкурыраваць івацэвіцкім кааператарам даводзілася з вытворцамі ўсяе краіны. Высокія ўзнагароды ад кампетэнтнага журы сталі дадатковым знакам якасці выпускаемай прадукцыі. Работнікі філіяла «ККП» заўсёды стараюцца ісці ў нагу з часам, рэгулярна распрацоўваюць навінкі і песцяць спажыўца смачнай і, што немалаважна, натуральнай прадукцыяй.

Як паведаміла начальнік лабараторыі філіяла «ККП» Наталля Юшкевіч, некалькі гадоў таму ў вытворчасці з’явіліся рагалікі з цукрам, якія надта палюбіліся пакупнікам. У гэтым годзе ў выпечку вырашылі дабавіць начынку – такім чынам атрымаць прадукцыю з розным смакам. У сакавіку ў тэставым фармаце нашы кандытары выпеклі рагалікі з арэхавай, макавай, фруктовай (парэчкавай, яблычнай, сунічнай, малінавай) і тварожнай начынкамі і прадставілі іх на дэгустацыю пакупнікам. Найбольшая колькасць галасоў была аддадзена рагалікам з малінавай і тварожнай начынкамі, іх і было вырашана запусціць у масавую вытворчасць. Раіліся кааператары з пакупнікамі і наконт назвы новай прадукцыі, прапаноўвалі некалькі варыянтаў, аднак народ прагаласаваў за ўжо прывычную назву – рагалікі. Перш чым трапіць на прылаўкі магазінаў, новыя віды прадукцыі прайшлі даследаванні на атрыманне адпаведнай дакументацыі ў Баранавіцкім цэнтры стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі і Беларускім дзяржаўным інстытуце стандартызацыі і сертыфікацыі.

– Прадукцыю выпускаем з улікам патрэбнасцей пакупніка, улічваем тэндэнцыі развіцця кандытарскай галіны. Стаўку робім перш за ўсё на натуральнасць інгрэдыентаў, бо людзі зараз пільна чытаюць этыкетку і аддаюць перавагу харчовым таварам без кансервантаў, фарбавальнікаў і гэтак далей, – расказвае начальнік лабараторыі філіяла «ККП» Наталля Юшкевіч, якая раскрыла нам сакрэты рэцэптуры.

Як высветлілася, кампаненты самых смачных рагалікаў надзвычай простыя: мука пшанічная, маргарын, цукар, яйкі, сода харчовая, соль, ванілін, ну і, вядома ж, начынка – малінавы джэм або тварог. Бадай, яшчэ адзін важны сакрэт, які максімальна набліжае рагалікі ад ККП да дамашняй выпечкі, гэта тое, што вырабляюцца яны ўручную! Толькі ўявіце: івацэвіцкія кандытары сваімі рукамі старанна раскатваюць цеста, наразаюць яго, на кожную загатоўку кладуць начынку, закручваюць яе і абмакваюць у цукар. І сапраўды, смак свежай выпечкі нібы пераносіць адразу ў бесклапотнае дзяцінства і нагадвае тыя самыя дамашнія рагалікі, спечаныя клапатлівымі рукамі бабулі ці мамы.

У суткі нашы кандытары выпякаюць больш за 30 кг рагалікаў з малінавым джэмам і 4 кг – з тварагом, і хоць разыходзяцца яны хутка, больш вырабляць не могуць фізічна, бо ККП штодня выпускае яшчэ каля 14 відаў іншай хлебабулачнай і кандытарскай прадукцыі.

Тэрмін прыдатнасці рагалікаў з фруктовай начынкай – 30 сутак, іх можна набыць ва ўсіх магазінах райста, а з тварожнай – 24 гадзіны, яны рэалізуюцца толькі ў магазіне «Колас». Аднак, паверце, гэтая выпечка не залежваецца.

Дарэчы, працуюць кааператары і над разнастайнасцю газіраваных напояў: нядаўна ў продаж паступілі тры навінкі – ліманады са смакам ананаса, махіта з водарам граната і лімона-лайма. Апошні – без фарбавальнікаў, як любіць наш пакупнік.

Калі вы яшчэ не паласаваліся рагалікамі ад Камбіната кааператыўнай прамысловасці Івацэвіцкага райста, то варта гэта зрабіць, і вы дакладна ўпэўніцеся, наколькі кампетэнтнае журы «Кандытарскага Алімпу – 2025» мела рацыю, аддаючы за гэтую натуральную і смачную прадукцыю Гран-пры і залаты медаль конкурсу.

Аксана Цярэшка, фота аўтара.