Пра няпросты, але цікавы лёс, а таксама неабыякавы характар Леаніда Дзядзюшкі з Хадорак
Хто галоўны на сяле? Ну вядома ж, вясковы стараста. Ён з’яўляецца свайго роду злучальным звяном паміж мясцовым насельніцтвам і сельсаветам. Менавіта рабоце стараст прысвяціў «ІВ» серыю публікацый. На старонках газеты мы расказваем пра шматгадовае дастойнае выкананне вяскоўцамі такіх грамадскіх абавязкаў, пра іх новыя ініцыятывы або вынікі плённай працы.
– Улада вельмі цэніць работу стараст, – адзначае старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Краўчук, – у пераважнай большасці гэта людзі, умудроныя жыццёвым і прафесійным вопытам. Яны карыстаюцца аўтарытэтам, умеюць аб’яднаць людзей, і вынікі іх працы не прымушаюць сябе доўга чакаць. А колькі невялікіх, але важных на вёсцы спраў застаецца «за кадрам»! Таму вельмі важна расказаць пра такіх людзей на старонках газеты.
На гэты раз мы вырашылі пазнаёміць сваіх чытачоў са старастам, які толькі прыступіў да сваіх абавязкаў, але тым не менш даўно карыстаецца павагай і аўтарытэтам у роднай вёсцы.
Наша знаёмства са старастам в. Хадоркі Леанідам Дзядзюшкам дазволіла ўбачыць у ім неардынарную асобу, а яшчэ за яго шчырай усмешкай разгледзець дабрыню душы, неверагодны пазітыў і яркую харызму.
Леаніду Іванавічу 72 гады, і ён амаль ці не самы малодшы ў Хадорках. Да нядаўняй пары старастам у вёсцы быў Мікалай Нікалайчук, які добра спраўляўся з абавязкамі, ды толькі далей несці на сваіх плячах адказнасць за вёску ўжо не дазваляе здароўе, таму свае паўнамоцтвы ён і саступіў Дзя-
дзюшку.
– Выпадковага чалавека старастам не назначыш, тут патрэбен чалавек адказны, нераўнадушны, а Леанід Іванавіч такім і з’яўляецца, – расказвае старшыня Квасевіцкага сельвыканкама Сяргей Півень, які разгледзеў у ім дастойную кандыдатуру, а вяскоўцы гэтую прапанову падтрымалі.
Сёння ў Хадорках зарэгістравана 18 пастаянных жыхароў, аднак клопатаў ад гэтага менш не становіцца. Як і ў астатніх населеных пунктах, на першае месца выходзяць пытанні добраўпарадкавання, пастаяннай увагі патрабуюць вясковыя могілкі.
– Насельніцтва ў Хадорках пажылое, таму на могілках летам мне дапамаглі навесці парадак мае сыны, а таксама сябар Аляксандр Фёдаравіч Радзюк з г. Косава, ураджэнец Хадорак, у якога ёсць свой трактар, – расказвае падчас нашай сустрэчы новаспечаны стараста.
Не сказаць, што новыя абавязкі надта памянялі яго лад жыцця, бо і дагэтуль ён быў чалавекам неабыякавым. Гэта пацвярджаюць і людзі, якія яго ведаюць. Прагульваючыся па Хадорках, завіталі мы ў самы прыгожы, на наш погляд, двор у вёсцы. Тут у бацькоўскай хаце з вясны да позняй восені жывуць Анатоль і Людміла Іваноўскія.
– Лёню ведаю з маладосці, мы амаль аднагодкі. Чалавек ён актыўны, працаголік, я б сказала! – адзначае Людміла Рыгораўна.
– Адным словам – харошы чалавек, – так характарызуе старасту і Віктар Андрэйчык, што спаткаўся нам па дарозе. – Ніколі не адкажа ў просьбе вяскоўцам, хоць ты ноччу яго падымі. Асабліва калі трэба куды тэрмінова паехаць, то ўсе звяртаюцца да Іванавіча, і ён безадказна выручыць. Некаторыя, ведаючы пра яго дабрадушнасць, ужо і злоўжываюць становішчам, непакояць па дробязях.
Аднак вясковы стараста ўпэўнены, што ў яго грамадскай пасадзе дробязяў не бывае.
Нарадзіўся Леанід Дзядзюшка ў суседнім Слонімскім раёне, але большая частка жыцця прайшла тут, у Хадорках. У 1970 годзе сюды пераехаў разам з маці, братамі і сёстрамі. Хату ім прадалі родзічы, якія з’язджалі на пастаяннае месца жыхарства ў Крым. З гэтай хаты Лёня ў армію адпраўляўся служыць у Ленінград, сюды ж і вярнуўся пасля службы, хаця там прапаноўвалі застацца, ды ўсё ж цягнула на радзіму.
– Калі мы жылі ў Новадзявяткавічах, дык нас, тады яшчэ дзяцей, заўсёды называлі лазаўцовыя, і я ніяк не мог зразумець, чаму. А пасля даведаўся, што дзед мой родам з Лазаўцоў, ад гэтага і пайшла вясковая мянушка. Так што івацэвіцкая зямля для мяне родная, ды і жыццё маё тут прайшло, – кажа Леанід Іванавіч.
Вярнуўся Леанід з арміі, і ўзялі яго на падпрацоўку на будоўлю дома ў Хадорках. Дык вось, з вышыні таго драўлянага зруба, што тады ўзводзілі, і разгледзеў ён сваю другую палову. Дубітаўка Ніна шторанак на веласіпедзе ездзіла на працу на Косаўскае МВА. Ох і давялося яму пабароцца за сэрца прыгажуні з суседняй вёскі. Так бацькоўскі дом у Хадорках і стаў іх надзейным прычалам на доўгія гады, якія яны пражылі душа ў душу, дастойна выгадавалі траіх дзяцей. Ды толькі каварная хвароба шэсць гадоў таму разлучыла Леаніда з другой паловай назаўсёды.
Змірыцца з горам і спраўляцца з бытавымі клопатамі, якія леглі пасля смерці жонкі на яго плечы, дапамагае ўнутраны стрыжань, актыўны лад жыцця і аптымізм, з якім ён крочыць заўсёды па жыцці. Хоць і ў самога парой падводзіць здароўе. За плячыма тры перанесеныя аперацыі і як следства – інваліднасць. Але, як адзначае стараста, жыццёвы прынцып – не здавацца – дапамагае з надзеяй глядзець у будучыню.
Леанід Іванавіч гаспадар на ўсе рукі, толькі нядаўна звёў гаспадарку, а так трымаў свіней і курачак. Уся працоўная дзейнасць прайшла за баранкай аўтамабіля: працаваў і ў сельгастэхніцы, і ў калгасе ў Бусяжы, потым на вытворчасці «Дварцовай» – вазіў мінеральную ваду са свідравіны ў цэх. Ды і зараз не губляе вадзіцельскія навыкі, бо са сваім легкавіком не расстаецца.
– Сёлета не саджаў цяпліцы і агарод, бо здароўе не дазваляе, – расказвае Леанід Іванавіч.
Аднак столькі запасаў на зіму не ў кожнага ўбачыш, ён сам умее рабіць кансервацыю з гародніны. А яшчэ ад душы частаваў нас хадоркаўскі стараста духмянымі сушанымі яблыкамі, замарожанымі малінай і клубніцамі, іх назбіраў са свайго саду, што сам некалі саджаў.
Да ўсяго ж ён заядлы рыбак, вось толькі рыбачыць заўсёды абавязкова па правілах. Дзеці і ўнукі, ведаючы пра яго захапленне, да 70-гадовага юбілею падарылі яму лодку з электраматорам, такому падарунку ён надта рады і ўжо ў сезон аматар-рыбак абкатаў яе па Грыўдзе. У цяперашніх планах гаспадара – правесці ў хату электраацяпленне.
Ёсць у Хадорках і духоўны след, які ўвасобіў у жыццё Леанід Іванавіч яшчэ ў 2014 годзе. Сам прыйшоў да думкі, што на скрыжаванні, ад якога ідзе дарога да яго дома, павінен быць паклонны Крыж. Раздабыў матэрыял з дубу, завёз яго абгабляваць на пілараму да прыватніка ў Косава і ўстанавіў без адзінага цвіка – выкарыстаў драўляныя, як некалі рабілі нашы продкі. А потым гэты Крыж асвяціў айцец Аляксей.
– Часта заўважаю, як хтосьці едзе на веласіпедзе або ідзе, прыпыніцца ля Крыжа, перахрысціцца. І такая радасць на душы ад гэтага. Наогул у Хадорках ёсць яшчэ два паклонныя Крыжы, іх даглядаюць вяскоўцы, а вось гэты я сам устанавіў, сам фарбую, сам і ўпрыгожваю, – расказвае стараста.
Ды што цікава: са сваёй хаты да Крыжа (а адлегласць немалая, метраў трыста) Леанід Іванавіч правёў электрычнасць, так што хадоркаўскую святыню на святы ўпрыгожвае падсветка.
А вось і яшчэ некалькі цікавых фактаў пра Леаніда Дзядзюшку:
як высветлілася, ён стрыечны брат знакамітага акцёра Аляксандра Дзядзюшкі, што трагічна загінуў. Леанід Іванавіч бываў ва Уладзіміры, дзе жыў акцёр, але ўжо пасля яго смерці;
ніколі не здагадаецеся, з чаго зроблены плот каля дома Леаніда Іванавіча, – з пластыкавых скрыняў! Ён нам па сакрэце расказаў, што адна гандлёвая сетка такія скрыні выкідвае. А чаго дабру прападаць! Хай яшчэ паслужаць!
У 2023 годзе ў двор Леаніда Іванавіча прыляцеў акальцаваны голуб. Па надпісе на бірцы мужчына даведаўся, што голуб з Малайзіі. Вось такі пералёт пераадолела птушка, якая выбрала двор Дзядзюшкаў для прыпынку;
літаральна на тым тыдні ў сваім агародзе Леанід Іванавіч знайшоў манету Расійскай імперыі 1896 года. Вось гэта рарытэт!
Пасля размовы з хадоркаўскім старастам мы і самі атрымалі ад яго зарад пазітыву. Дык няхай на новай пасадзе ў Леаніда Дзядзюшкі ўсё ўдаецца, хай на доўгія гады хапае здароўя на грамадскія справы і дапамогу вяскоўцам, і зробленае ім дабро заўсёды адклікаецца людской удзячнасцю.
Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.