Суседзі-авантурысты!
Мы наведалі яшчэ адзін адрас прыгажосці, у Амяльной кветнікі з экзатычнымі раслінамі вырошчваюць сем’і Сагановіч і Аўрусевіч.
арговая кветкавая тэма завяла нас далёка – за 40 км ад райцэнтра. Мы трошкі заблукалі ў пошуках вул. Мічурынскай у Амяльной, зрабілі крук, а потым здалёк зразумелі – гэта наша мэта, вось ён, сапраўдны адрас прыгажосці!
Здалёк нас віталі самаробныя буслы ў гнёздах, а яшчэ жоўтыя, зялёныя, ружовыя, белыя, блакітныя фарбы… Каля пад’езда нас сустрэлі Валянціна і Іван Сагановічы. Сям’я жыве тут ужо больш за 40 гадоў, і амаль заўсёды тут раслі кветкі – не могуць інакш мясцовыя гаспадыні.
– Мы з Галінай Аўрусевіч – выпускніцы Пінскага педагагічнага каледжа, абедзве прыехалі ў Амяльную шмат гадоў таму па размеркаванні, абедзве знайшлі тут сваё жаночае шчасце, а яшчэ і я, і яна не можам жыць без зямелькі і раслін, – расказвае Валянціна Мікалаеўна. – Мы працавалі ў мясцовым дзіцячым садку, а там без творчасці ніяк, вось зараз увесь патэнцыял выкарыстоўваем на
кветніках каля нашага васьмікватэрнага дома.
А тут на фоне звыклых агератумаў, аксамітак, гартэнзій, гладыёлусаў і лаванды растуць экзатычныя традысканцыі, холіусы і нават горац усходні. За імі тут даглядаюць як за дзеткамі ў садку, паліваюць, уносяць угнаенні, бо зямля каля дома не вельмі ўрадлівая, падразаюць сухія галінкі, а яшчэ ратуюць вазоны ад халадоў.
– Ой, як мы сёлета ратавалі ад красавіцкіх маразоў нашы герані! – успамінае Галіна Аўрусевіч. – Я фанат герані, і вясной выношу вазоны на вуліцу. Сёлета, як звычайна, раставілі вазоны, а тут раптам снег ды маразы ў красавіку. Раніцай хавалі вазоны ў пад’ездзе, дзякуй Богу, выжылі мае кветачкі! Мы з Валяй хоць і працуем абедзве, маем яшчэ агароды і соткі, а без кветнікаў не можам. Дапамагаюць і нашы мужыкі.
Сапраўды, Віталій Мікалаевіч і Іван Андрэевіч абкошваюць тэрыторыю, сочаць за навесам з вінаграду, што буяе на ўваходзе ў пад’езд, робяць пянькі для вазонаў, гнёзды для буслоў, столікі… Усё, аб чым папросяць творчыя жонкі. Увогуле, мясцовы двор здзіўляе. Дом хоць і шматкватэрны, а ёсць поўнае адчуванне, што жыве тут адзін гаспадар – усё акуратна і зроблена ў адным стылі, вось кветнікі, вось гаражы і хлявы, а вось альтанка. Дарэчы, яе жыльцы дома паставілі гадоў дзесяць таму, з той пары гэта цэнтр прыцягнення і для дарослых, і для моладзі.
Героі публікацыі ўпэўніваюць – ніхто і ніколі тут не шкодзіць, забіралі вазоны папершасці прахожыя, але Валянціна і Галіна ніколі не злаваліся – а можа, чалавек менавіта з гэтага вазона пачне вялікую кветкавую справу…
Ёсць нават адзін камічны выпадак, якім падзяліліся Сагановічы і Аўрусевічы. Так, аднойчы малады муж узяў вазон для сваёй жонкі. Забыў пра гадавіну з дня вяселля ды і папрасіў вазон. Канечне, у той дзень маладая жонка была шчаслівай!
Вось такі чарговы адрас і гісторыя нараджэння прыгожага куточка. Мы шчыра дзякуем усім захопленым людзям, якія ствараюць прыгажосць і радуюць не толькі сябе, а ўсіх нас! А мы працягнем нашу рубрыку, ёсць яшчэ гарадскі кветнік, хутка мы будзем там.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота).
















